Расэл Барнс (Russell Вarnes), тэлежурналіст і прадусар, дырэктар брытанскай кампаніі Вarnes Hassid Productions, якая спэцыялізуецца на вытворчасьці дакумэнтальных фільмаў на гістарычныя, навуковыя, рэлігійныя тэмы. У лістападзе 2010-га здымаў для ВВС (British Broadcasting Corporation, and Channel 4 in the UK) гістарычны фільм пра пачатак Другой усясьветнай вайны ў Берасьцейскай крэпасьці — пра ўварваньне нямецкага войска ў Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года.
— Я прыехаў у Беларусь цягніком з Варшавы ў лістападзе 2010-га. Правёў тры незабыўныя дні ў цудоўным горадзе Берасьці і яго навакольлях. Першае знаёмства зь Беларусьсю надзвычай уразіла!
Брытанцы, на жаль, вельмі мала ведаюць пра Беларусь. Зрэдку ў брытанскіх СМІ сустракаюцца матэрыялы пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Да прыкладу, брытанскія мэдыі пісалі пра сьнежаньскія падзеі 2010-га і пра тое, што адбывалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. А потым — зацішша…
Прыкра, але выявілася, што ў мяне ў Вялікабрытаніі ёсьць нямала разумных і высокаадукаваных сяброў і аднакурсьнікаў, якія ўсур’ёз лічаць, што Беларусь — хутчэй рэгіён Расеі, чым асобная незалежная дзяржава. Дарэчы, яны нават ня ведаюць, што большая частка радыяцыі пасьля Чарнобыльскай катастрофы выпала менавіта на Беларусь, і менавіта гэтая краіна больш за ўсё пацярпела ад Чарнобылю.
Беларусы падаліся мне вельмі прыязнымі, камунікабэльнымі і гасьціннымі людзьмі. Мне вельмі спадабалася іх нацыянальная кухня і напоі. Беларусы — надзвычай разумныя, сьціплыя, памяркоўныя, выхаваныя, далікатныя, простыя людзі — у адрозьненьне ад сваіх расейскіх суседзяў, калі меркаваць па выглядзе, стылі ў адзеньні. І асабліва па паводзінах.
Я быў вельмі зьдзіўлены і нават шакаваны тым, што людзі, прынамсі ў Берасьці, амаль не гавораць па-ангельску. Я не размаўляю па-расейску, таму мне было даволі складана кантактаваць зь беларусамі ў параўнаньні, напрыклад, з Польшчай, якая знаходзіцца ўсяго за некалькіх кілямэтраў ад Беларусі і дзе практычна ўсе ведаюць ангельскую.
Вельмі ўразіў беларускі памежны і мытны кантроль. Уніформа службоўцаў выглядала надзвычай архаічна, быццам яны прыйшлі зь мінулых часоў. Ну проста музэйныя экспанаты! Праўда, яны былі даволі ветлівыя, прыязныя, але ў той жа час вельмі строгія, афіцыйныя і недаверлівыя. Такім чынам, самае першае знаёмства зь Беларуьсю выклікала супярэчлівыя пачуцьці.
Якой бы я хацеў бачыць Беларусь у будучыні? Дэмакратычнай і адкрытай для краінаў Захаду. Беларусь — цудоўная, прыгожая і надзвычай багатая краіна, здольная прыцягнуць мноства заходніх турыстаў. Але толькі ў тым выпадку, калі зьменіцца палітычная сытуацыя ў дзяржаве.