Грэцыя, Афіны, 32 гады, выкладчык унівэрсытэта.
— Я даволі шмат падарожнічаю, і мне даводзілася сустракацца зь людзьмі з розных краін. Але сустрэча зь беларусамі, безь перабольшаньня, была для мяне адкрыцьцём. Я быў шчыра зьдзіўлены, калі выявілася, што з прадстаўнікамі народу, даволі далёкага геаграфічна і этнічна, мне нашмат прасьцей знайсьці агульную мову, чым з большасьцю суседзяў па Балканах. Безумоўна, у першую чаргу ўразіла тое, наколькі глыбока людзі з краіны, пра якую я сам да таго моманту амаль нічога ня чуў, ведаюць гісторыю і культуру маёй краіны. Нават у звычайных працоўных размовах яны час ад часу спасылаліся на грэцкую міталёгію, літаратуру ці філязофію. Прычым гэта рабілася ня дзеля мяне, яны самі гэтага часам не заўважалі.
Як я потым зразумеў, яны не былі выключэньнем – гэта вынік працы вашай адукацыйнай сыстэмы, прычым нават на ўзроўні школ. Безумоўна, можна сказаць, што старажытнагрэцкая культура ляжыць у аснове шмат якіх эўрапейскіх культураў. Але паверце мне, ні ў кога з эўрапейцаў, сярод якіх былі нават уладальнікі навуковых ступеняў, я не сустракаў такога яе веданьня і разуменьня.
Я таксама ніколі не сустракаў больш схільных да суперажываньня людзей, чым беларусы. Яны здольныя вельмі глыбока зразумець іншага чалавека, адчуць самыя тонкія нюансы ў яго настроі, пачуцьцях. І самі яны могуць адкрываюць сваю душу цалкам, не пакідаючы бар’ераў. Гэтым яны вельмі падобныя да грэкаў і вельмі адрозьніваюцца ад большасьці эўрапейцаў, якія нават у сяброўскім кантакце намагаюцца захаваць унутраную дыстанцыю. Падобныя яны і сваёй шчодрасьцю. Напрыклад, у нас, калі нехта набывае бутэльку віна, ён разьдзеліць яе з усімі прысутнымі, нават у малазнаёмай кампаніі. Я заўважаў, што для беларусаў гэта таксама абсалютна натуральна. Яны ніколі ня будуць піць асобна ці падлічваць, хто каму колькі вінен.
Вельмі адрозьнівае беларусаў ад нас якасьць, якая не перастае мяне зьдзіўляць, – нейкая празьмерная сарамлівасьць. Яны намагаюцца быць непрыкметнымі, быццам лічаць свае ўласныя думкі і пачуцьці ня вартымі ўвагі. Яшчэ зьдзівіла, што пры дзіўнай душэўнай адкрытасьці беларусы вельмі закрытыя ў фізычным сэнсе. Рука на плячы ці паляпваньне па сьпіне – для нас звычайны знак прыхільнасьці. Беларусы ж рэагуюць на гэта трошкі нэрвова, спрабуюць ухіліцца. Ня ведаю, у чым справа, але мяне гэта трошкі зьдзіўляе.
Беларусь для мяне – гэта ў першую чаргу людзі, вяртацца да якіх мне хацелася б зноў і зноў. А яшчэ неверагодныя хвойныя лясы, што растуць на абсалютна плоскіх прасторах. Адно з самых яркіх адчуваньняў – пах хвоі, што шыбае ў нос, калі ты яшчэ нават не пасьпеў ступіць з трапа на зямлю. Такім паветрам хочацца дыхаць бясконца.