Томас Вэнцлава (Tomas Venclova), літоўскі паэт, удзельнік дысідэнцкага руху ў СССР, цяпер прафэсар славістыкі ў Ельскім унівэрсытэце (ЗША).
— Я шмат езьдзіў па Беларусі за савецкім часам: Наваградак і мясьціны Адама Міцкевіча навокал, Ліда, Крэва, Горадня, Нарач, Мір, Нясьвіж, Менск, Віцебск ды іншыя. У 1957 годзе прайшоў на байдарцы па Нёмане ад яго вытокаў да самага Балтыйскага мора. Адносна нядаўна быў у Менску, дзе сярод іншага наведаў Курапаты.
Мяне цікавіць блізка сувязь беларускай і літоўскай гісторыі. Гэта прафэсійны інтарэс і хобі адначасова. Я мяркую, што радыкальныя погляды на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага памылковыя. ВКЛ было заснаванае князямі балцкага паходжаньня, якія былі паганцамі, і насілі не славянскія, а балцкія імёны. Напрыклад Міндоўг — мнагамудры, Кейстут — цярплівы, Вітаўт — правадыр і д.п. Гэта вельмі адрозьніваецца ад Усяслава ці Яраслава. Але славянскі кампанент ад пачатку граў у ВКЛ немалую ролю. Пазьней балцкі й славянскі кампанэнты знаходзіліся ў пэўнай раўнавазе, магчыма, зь перавагай славянскага. Ужываць да ВКЛ сучасныя меркі бессэнсоўна.
Сярод цікавых беларускіх суразмоўцаў найперш прыгадваю Алеся Анціпенку, Сяргея Дубаўца і Артура Клінава.
У Беларусі апроч цудоўных пэйзажаў мяне цікавіць кангламэрат культур (у гістарычным пляне стык каталіцызму, праваслаўя і ўніяцтва).
А зноў прыехаць у Беларусь мне хочацца ў такую, якую хочуць бачыць самі беларусы. Але мне падаецца, што такой Беларусі пакуль няма.