Томаш Чэпайтыс (Tomasz Czepaitis), Вільня, Літва. Эсэіст, перакладчык, фатограф, куратар выставаў.
— Я цяпер жыву акурат у двары касьцёла сьвятога Барталямея — адзінага ў Вільні, дзе бываюць службы на беларускай мове. Як на мяне, беларусы, якіх я бачу, вылучаюцца, бадай, нейкай сьвежасьцю ўспрыняцьця, большай цікавасьцю да ўсяго. Сярод іх большасьць — гэта моладзь. Часткова яны больш скептычныя, але ў іх больш надзеі ці, можа, менш абыякавасьці. На мяне зрабіла вялікае ўражаньне студэнка-беларуска: яна малілася за салдатаў, якія зрабілі шмат непрыемнасьцяў ейнай сям’і.
Бог, наколькі я зь ім знаёмы, больш любіць тых, хто пакутуе. Я гэта адчуваю кожны раз, калі вяртаюся з Масквы празь Беларусь. Раніцай стаю ля акна цягніка і адчуваю звышчалавечы цяжар любові Божай да вашай краіны. Гэты цяжар кладзецца на мае плечы. Цяжка нават выказаць такі наплыў Любові, Веры, Надзеі, які вам спасылаецца. Літва, якую я вельмі люблю, абрала свой — буржуазна-бюракратычны — шлях. Таму ў нас гэтай любові меней.
Мяне ўражвае чыгунка на пэроне ў Менску. Гэтыя юнакі ў спэцоўках “чыгунка” на сьпіне, якія нырцаюць пад цеплавоз, штосьці злучаюць, правяраюць, прымаюць рашэньні. Можа, у іх мазгі і прамытыя, але яны робяць штосьці рэальнае, у іх ёсьць сваё жыцьцё ў рытме Ўсясьвету, у адрозьненьне ад палітыкаў і ахранкі. І гэтае жыцьцё паўсюль. А спробы штосьці забараніць, спыніць, застрашыць выглядаюць неяк нерэальна, фантасмагарычна. (У Літве гэтых спробаў таксама ўдосталь, але больш гуманных, вядома).
Далей ад вакзалу — мытня. Тут я гляджу мастацкім вокам. Мытня ўпісваецца ў агульную карціну. Я быў сьведкам мноства несправядлівасьцяў, прыдзірак да дакумэнтаў, крэтынскай падазронасьці і д.п. Але тут мяне нейкая важкасьць уразіла. Калі вам не чужыя біблейскія алюзіі, згадайце кнігу Ёва. На жальбы Ёва Бог адказвае: “Зірні на Бегемота”*. Для мяне Беларусь — такі Бегемот, цудоўнае стварэньне, як белавескі зубр.
У гэтай краіны можа быць вялікая будучыня.
* Кніга Ёва 40:12 “Зірні на ўсё ганарыстае і яго прынізь яго, і зрынь бязбожнікаў на месцах іхных”.
Бегемот і Левіятан, пры ўсёй сваёй аграмаднай фізычнай сіле, — стварэньні рукі Божай, якія падпарадкоўваюцца Божай волі, якія ўціхамірваюць усё ганарлівае, што імкнецца да тыраніі. — (рэд.).