Жыве ў Грузіі ў горадзе Абастумані, 53 гады. Большую частку з іх працаваў у сістэме гандлю. Пару гадоў таму набыў невялічкую кавярню і цяпер развіваю ўласны бізнэс.
— Першы раз я трапіў у Беларусь у савецкія часы, недзе ў канцы сямідзясятых. Мы вазілі туды прадаваць садавіну, кавуны. Беларусь, канечне, спадабалася. Я цяпер думаю, што яна і не магла не спадабацца – такі ўжо ў яе быў імідж. У Саюзе ўсе любілі Беларусь і беларусаў, і калі я ехаў першы раз, мне ўсе знаёмыя лічылі патрэбным сказаць, як яны мне зайздросцяць. Хаця калі прыгадаць, нічога асаблівага ў вас не ўбачыў. Я да таго шмат паездзіў па Расіі і Украіне, і, як на мяне, усе савецкія гарады ў гэтым рэгіёне былі даволі падобныя адзін да аднаго – архітэктурай, ладам жыцця. Адно што на Беларусі было крыху чысцей.
Напэўна, галоўнае, што ўсім у вас падабалася, – гэта людзі. Вельмі шчырыя, адкрытыя, гасцінныя. Гэта трошкі аб’ядноўвае іх з нашымі людзьмі. Але беларуская гасціннасць зусім іншая, чым грузінская. Грузінская бурная, эмацыйная, яна проста фантануе і можа літаральна збіць з ног. Гэта калі ты не падрыхтаваны да доўгага піцця віна (а не піць табе не дазволяць). Мне здаецца, у ёй, акрамя клопату пра госця, есць нешта ад гульні і ад самалюбавання: вось якія ў нас прыгожыя традыцыі. Беларуская ж гасціннасць ціхая і ненавязлівая. Цябе ніхто не будзе хапаць за рукі і зацягваць у дом. Але калі ты ў яго ўжо зайшоў, нават выпадкова… Цябе аточаць такім мяккім, ледзьве заўважным на першы погляд клопатам… Зробяць так, каб ты ні ў чым не адчуваў патрэбы, але ні да чога не будуць прымушаць. Хочаш піць – пі, хочаш спяваць – спявай. Стаміўся і вырашыў паспаць – ніхто не пакрыўдзіцца. Толькі ціхенька зазірнуць у пакой, каб упэўніцца, што ты добра ўладкаваўся.
Мне давялося начаваць у невялічкім беларускім сяле недзе на Гомельшчыне, дзе мы проста спыніліся праз паломку машыны. Ранкам выявілася, што падушак на ўсіх не хапае, і гаспадыня аддала аднаму з нас сваю ўласную, а сама спала на скручаным адзенні. Прычым яна так саромелася, калі мы пачалі ёй дзякаваць…
У вас вельмі прыгожыя людзі. Асабліва жанчыны. О, гэтыя беларускі! Я думаю, любы вольны грузінскі мужчына ў глыбіні душы марыць ажаніцца з адной з іх. І не толькі праз прыгажосць, пра якую я магу гаварыць вельмі доўга. Галоўнае – гэта іх сціпласць і адначасова вялікая ўнутраная сіла. Яны могуць быць пяшчотнымі і самаадданымі, але заўжды захоўваюць уласную годнасць. Яны могуць заставіць цябе звар’яцець, але ніколі наўмысна не зробяць табе па-сапраўднаму балюча. Яны намагаюцца злавіць і зразумець кожны рух душы таго, каго яны любяць, каб дапамагчы, падтрымаць. З такіх жанчын выходзяць найлепшыя маці.
Апошні раз я быў у Беларусі ў канцы васьмідзясятых. І мне б вельмі хацелася вярнуцца туды зноў. Адчуць гэтую ўтульнасць, гэты спакой, пасядзець за шчырай гаворкай і чаркай чачы ці самагону…А можа нават прывезці назад жонку-беларску, пра якую я, шчыра кажучы, мару дагэтуль.