Быць беларусам — погляд збоку: Вера Кертэс

Вера Кертэс (Vera Kertesz), Нарадзілася яшчэ ў сацыялістычнай Вугоршчыне, потым яе сям’я пераехала ў Аўстрыю. Апошнія 2 гады Вера Кертэс жыве і працуе ў Амстэрдаме (Нідэрлянды). Дыджэй, музыка, выконвае электронную музыку. Захапляецца старажытнай і фольк-музыкай. Займаецца прафэсійным гуказапісам. Таксама займаецца валянтэрствам — вучыць маленькіх дзетак езьдзіць на конях.

— Першы раз я пабывала ў Беларусі ў лютым 2009-га на фэстывалі экспэрымэнтальнай электроннай музыкі “In Touch Festival”, арганізаваным аўстрыйскім лэйблам “LATON” (Anna Ceeh) сумесна зь беларускімі прома-гуртамі Foundamenal (Intelligent Punks) і IN Touch, у якасьці ўдзельніцы. Там было шмат цікавых рознастылёвых выканаўцаў з постсавецкіх краінаў.

Шчыра кажучы, і вугорцы, і аўстрыйцы, і нідэрляндцы няшмат ведаюць пра Беларусь. Але ў Эўропе ўжо дакладна ведаюць, што цяпер няма Савецкага Саюзу і што Беларусь — асобная ад Расеі сувэрэнная краіна.

Мне спадабаўся Менск — вялікі, прасторны горад, дзе вельмі далёкія адлегласьці. Уразіла сталіца Беларусі і цікавай архітэктурай. Яшчэ я ведаю, што зімой там бываюць даволі моцныя маразы і вельмі халодна, бо я была ў Менску ў лютым.

Што ўразіла? Як толькі мы прыехалі ў Беларусь, нам трэба было памяняць грошы. І я ніколі не забуду, як мы стаялі ў чарзе на марозе. У абменьніку быў абедзенны перапынак, і ўтварылася даволі доўгая чарга з замежнікаў, у тым ліку і расейцаў, эстонцаў. Гэта было так дзіўна і нязвычна, бо ў Эўропе гэта робіцца без праблем, да таго ж, паўсюль ёсьць аўтаматы па абмене грошай. Яшчэ дзівіла, што іншаземцам было даволі складана кантактаваць зь беларусамі. Калі нам трэба было штосьці купіць у краме і запытацца ў некага, простыя людзі не хацелі з намі размаўляць. Многія наагул сарамліва ці спалохана адварочваліся. Нам здавалася, што яны нас баяцца… А магчыма, мала хто ведае замежныя мовы. І гэта мяне вельмі бянтэжыла.

Я спадзяюся, Беларусь нарэшце стане свабоднай, і беларусы разьняволяцца. Бо гэта сапраўды фантастычная краіна! І маладыя людзі, зь якімі я пазнаёмілася ў Беларусі, вельмі прыемныя і разумныя. У Беларусі цікавая поп-культура. Я спадзяюся, што Беларусь зможа адкрыцца Захаду і жыць свабодна і заможна, як астатнія эўрапейскія народы. Вы ж самі ўсё разумееце. І вам ня ўсё адно, што насамрэч адбываецца ў вашай краіне. Таму што вы не сьляпыя і не глухія. Я вельмі хачу ўбачыць вашую краіну вольнай. І думаю, што вашыя людзі гатовыя да гэтага і заслугоўваюць гэтага.