Быць беларусам – погляд збоку: Вераніка Самаліньска

Вераніка Самаліньска (Weronika Samolińska), Варшава, 30 гадоў. Паводле адукацыі этноляг, працуе рэдактаркай на тэлебачаньні.

“Прыкладна дзесяць гадоў таму, калі я вывучала этналёгію ў Кракаве, на дошцы абвестак зьявілася абвестка пра тое, што Ўсходні гурток Ягелонскага ўнівэрсытэту арганізуе паездку ў Горадню. І я паехала. І зацікавілася Беларусьсю назаўсёды. Гэта досыць забаўная гісторыя. Калі я першы раз ехала ў Беларусь, то ня ведала пра яе практычна нічога. Горадня асацыявалася ў мяне выключна з творчасьцю Элізы Ажэшкі, а ўся Беларусь – з надзвычайнай колькасьцю помнікаў Леніну. Уяўляла сабе, што будзе як у Польшчы 80-х.

Шчыра кажучы, мне хацелася ехаць у Маскву, але Масква была задалёка, і паездка туды была дарагой. А вось Горадня была блізка і па кішэні.

Тут я правяла два найлепшыя тыдні майго жыцьця, пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі, зь якімі сябрую дасёньня. І калі я ўрэшце трапіла ў Маскву, якую сьніла і пра якую марыла, то са зьдзіўленьнем адкрыла, што гэта зусім ня тое. Прыгожы горад, але я ўжо хацела заўжды езьдзіць у Горадню.

Калі пасьля падзеяў на Плошчы Каліноўскага ў 2006 годзе беларускія ўлады адарылі мяне забаронай на ўезд, я сумавала найперш па людзях, па прыяцелях. Усё, што я люблю ў Беларусі, – вузкія вулачкі Горадні, шырокія прасторы плошчаў у Менску, Стары і Новы замак, высокі бераг над Нёманам, жахліва нездаровыя чабурэкі, – я люблю таму, што ўсё гэта зьвязана зь людзьмі, зь якімі я там гуляла, ела, размаўляла, якія паказвалі мне свае гарады, свае вулачкі і свае дамы.

Я ня надта веру ў тое, што існуюць нейкія характэрныя рысы для цэлых народаў. Ведаю шмат беларусаў, і кожны зь іх асаблівы, таму мне цяжка адшукаць нейкія агульныя прыкметы, характэрныя толькі для гэтага народу. Ёсьць відавочныя стэрэатыпы, але, паўтараючы іх, я абразіла б маіх шалёна працавітых, пунктуальных і адказных калегаў і каляжанак з працы.

Адрозьненні, якія я бачу паміж Польшчай і Беларусьсю, вынікаюць хутчэй з асаблівай сытуацыі. У нас зусім іншыя праблемы, асаблівыя спосабы іх вырашэння.

Некаторыя тэмы, якія ў Польшчы пачынаюць дамінаваць у дзяржаўнай рыторыцы, для Беларусі зусім не актуальныя. Некаторыя грамадзкія справы альбо этычныя, якія ў Польшчы цягнуць за сабой усё глыбейшы раскол, у Беларусі здаюцца значна менш істотнымі. У абмеркаванні тых справаў паўстае зусім іншы дыскурс.

Таго, хто наведвае Беларусь першы раз, бясспрэчна, шакуюць помнікі Леніну альбо Дзяржынскаму, назвы некаторых вуліцаў, – асабліва для палякаў, якія стараюцца як найхутчэй пазбавіцца рэшткаў і згадак пра папярэднюю сыстэму.

Яшчэ шакуе бюракратыя: напэўна, ніколі не забудуся колькасьці паперак, якія трэба было запоўніць для рэгістрацыі.

Не хацелася б расказваць пра тое, якой мусіць быць Беларусь, таму што на гэтае пытанне беларусы павінныя адказаць сабе самі. Хацела б ведаць гэтыя розныя варыянты адказаў. Хацела б паслухаць тую вялікую і напэўна ж гарачую дыскусію, якая дакладна калісьці распачнецца. Беларусь свабодная і дэмакратычная – але якая? Больш правая ці левая? Больш лібэральная ці кансэрватыўная?

Дапускаю, што тыя бурныя спрэчкі выявяць вельмі вострыя падзелы, пра якія цяпер мала хто нават здагадваецца. І гэта будзе вельмі цяжкі момант для Беларусі. Я чакаю яго, чакаю той хвіліны, калі грамадзтва і грамадзяне пачнуць самі прымаць рашэнні што да жыцьця сваёй краіны”.