Быць Беларусам — погляд з боку: Малгажата Станевіч

Малгажата Станевіч (Malgorzata Staniewicz), нарадзілася ў Гданьску, скончыла паляністыку Варшаўскага ўнівэрсітэту. У 1990-2001 гг. працавала ў “Газэце выборчай” журналістам і рэдактарам. Ад 2002 г. — уладальнік літаратурнага выдавецтва “Oficyna 21”.

— Мяне захапляе і зьдзіўляе гераізм многіх беларусаў. У Польшчы, можа, калісьці такія былі, але цяпер няма, бо няма ў іх патрэбы. Беларусы, зь якімі я знаёмая, гэта выдатныя людзі. Неяк у размове паэт Ігар Бабкоў назваў Беларусь гэткай сумнай Польшчай. Відавочна мы вельмі падобныя. Для мяне беларусы — найперш эўрапейцы.

Я зацікавілася Беларусьсю, калі прачытала водгук аўтарытэтнага польскага літаратуразнаўцы пра творчасьць Уладзімера Караткевіча. У артыкуле Караткевіч параўноўваецца з Габрыелем Гарсія Маркесам, а раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” названы шэдэўрам. Была ўражаная, бо ня ведала ня толькі пра беларускія літаратурныя шэдэўры, але наогул пра беларускую літаратуру.

Адразу з маім мужам і калегам па выдавецтве Міхалам Стэфаньскім вырашылі ехаць у Менск. Нашым правадніком па Менску сталася журналістка Вольга Гардзейчык. Яна пазнаёміла нас зь людзьмі, якія назаўжды прыкавалі нашу ўвагу да Менску і ўсёй Беларусі: Севярын Квяткоўкі, Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Кася Камоцкая, Віктар Корзун, Сьвятлана Курс, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Харэўскі, Анатоль Верабей. Пасьля яшчэ наведвалі Менск. Адчуваем сябе тут, як у Варшаве. Вельмі эўрапейскі горад. Гэтае адкрыцьцё сталася для нас яшчэ адным сюрпрызам…

Зь іншага боку, адчулі deja vu: сучасная Беларусь нагадвае Польшчу 1980-х. Ізаляванасьць, адрынутасьць ад уласнай культуры, абсурдная сістэма ўлады. Мацней за ўсё адчулі гэтую атмасфэру падчас адной сустрэчы і аднаго шпацыру. У 2005 годзе трапілі на спатканьне маладых літаратараў, якія ладзіў Ігар Бабкоў у колішнім Доме Літаратараў. Мы крыху паўдзельнічалі ў дыскусіі, і выявілася, што нас разумеюць па-польску, а мы разумеем па-беларуску. Нарэшце, трэба было разьвітвацца, атмасфэра была ўрачыстая. Мы выйшлі з залі. І вось гэты момант я ня ў стане забыць.

Адкрыліся дзьверы, мы зрабілі крок, і апынуліся пасярод нейкіх танцулек: п’яная тусоўка, фарбаваныя бляндынкі ў чырвоных сукенках з чырвонымі тварамі і грубым макіяжам. Нейкая афіцыйная імпрэза. Краліся ўздозж сьценак, нібы злачынцы. Зрэшты, дарэмна, бо ніхто нас не заўважыў. Былі мы ў доме беларускіх літаратараў! Не магу гэта забыць.

Іншым разам гулялі з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім і мастаком Міхалам Анемпадыставым па менскім Верхнім горадзе. У адзін момант Сяргей паказаў нам дахоўку, што выпіналася зь пяску. І патлумачыў, што гэта дахі закапаных дамоў. Закапаных гістарычных будынкаў.

Па вяртаньні ў Варшаву пэўны час мы былі троху апантаныя тым, што наш абавязак — распавядаць пра тыя закапаныя менскія камяніцы ўсім, каго сустракаем.

Я хачу вяртацца ў шчасьлівую Беларусь.