Якаб Штайнэр (Jakob Steiner) жыве ў Вене. Яму 33 гады. Паводле прафесіі – гісторык. У 2006 годзе скончыў Венскі ўніверсітэт, потым займаўся даследаваннем жыцця сялян у Паўднёвай Амерыцы. Шмат чытаў пра сялянскі рух Расіі і Украіны. Беларускія ж сяляне для яго – белая пляма, і прыкладна тры месяцы таму ён завітаў у Мінск, каб папоўніць гэты недахоп у ведах. Упершыню пра Беларусь Якаб пачуў у школе, а пазнаёміўся з беларусамі падчас свайго адпачынку ва ўкраінскіх Карпатах летам 2007 года. Тады беларусы расказвалі яму шмат пра палітычнае жыццё ў краіне, і Якаб на ўласныя вочы захацеў пабачыць, як жывуць людзі ў Беларусі. Вясной 2009 года разам са сваімі сябрамі з Аўстрыі і Германіі ён на тры тыдні прыехаў ў Беларусь, каб зрабіць дакументальны фільм пра яўрэйскае гета ў Мінску, а таксама даведацца пра жыццё тутэйшых жыхароў увогуле. Падчас сваёй першай паездкі Якаб наведаў Мінск, Гомель і Гродна.
Якаб расказвае пра першыя ўражанні ад краіны і людзей:
– Мяне ўразіла, што ў Беларусі маладыя людзі доўгі час жывуць разам з бацькамі. У Аўстрыі не так. Маладыя людзі з’язджаюць ад бацькоў дзесьці ў 17-20 гадоў. Магчыма, у нас больш магчымасцяў для таго, каб жыць адасоблена ад бацькоў. Напрыклад, у нас бясплатная вышэйшая адукацыя, некаторыя студэнты атрымліваюць вельмі добрую стыпендыю. Прыкладна толькі палова стыпендыі ідзе на аплату здымнага жылля. Да таго ж, студэнты маюць права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце, а таксама бясплатны білет на цягнік дадому, калі навучаешся ў іншым горадзе. Таксама студэнтам лёгка знайсці падзаробак.
У канцы мінулага года Якаб другі раз завітаў у Беларусь. Гэтым разам каб вывучаць жыццё простых сялян. “Сялянскія веды пра самаарганізацыю ў Беларусі” – так гучыць тэма навуковага даследавання, якое малады аўстрыец праводзіць у Беларусі.
Якаб жыве ў Мінску ўсяго тры месяцы, але вельмі задаволены гэтым:
– Я пачуваюся тут камфортна, бо зусім незнаёмыя людзі ставяцца да мяне вельмі добра. Людзі тут не адразу ідуць на кантакт, але з цягам часу адносіны робяцца вельмі таварыскімі і цёплымі.
Малады навуковец шмат часу праводзіць у бібліятэках, вывучае сялянскі рух на Беларусі. Пасля азнаямлення з тэорыяй ён плануе наведаць некалькі беларускіх вёсак, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі і даведацца пра самаарганізацыю сярод беларускіх сялян з першых вуснаў.
Апроч навуковай працы Якаб таксама любіць адпачыць са сваімі новымі сябрамі:
– Мне вельмі падабаецца, што людзі, якія ладзяць тут сумесную вечарыну, разам купляць і гатуюць ежу для ўсіх. Я толькі вельмі здзіўлены, што ў Беларусі ўжываюць шмат моцнага алкаголю. У нас збольшага п’юць віно ці піва. Да таго ж, у нас вельмі цяжка знайсці людзей, якія ўдзень ужываюць алкаголь на вуліцы, хаця піць піва у грамадскіх месцах у нас не забаронена.
Якаб з сумам кажа, што яму давядзецца жыць у Мінску толькі да канца лета гэтага года:
– Мне хацелася б пабыць тут даўжэй чым паўгода, пакуль я вывучаю вашу гісторыю. Мне падаецца, што беларусы – меншыя індывідуалісты, чым аўстрыйцы ці ўвогуле еўрапейцы. Тут вельмі рэдка людзі бавяць час толькі ўдвух. Для беларуса нармальна разам рабіць нейкія справы. Можа, гэта адбываецца, таму што ад дзіцячага садка да ўніверсітэцкай аўдыторыі людзі мусяць бавіць час не з адным чалавекам, а адразу з некалькімі.