Амбасадар Нямеччыны Бенедыкт Халер (Benedikt Haler) заняў сваё месца ў якасці кіраўніка офіса АБСЕ ў Мінску 15 студзеня 2010 года. Нарадзіўся ў Фельберце, Германія, 11 траўня 1954 года.
Ён вывучаў філасофію, французскую літаратуру і гісторыю мастацтва ва ўніверсітэтах Цюбінгена і Мюнстэра ў Германіі і ў французскай Сарбоне, атрымаўшы ступень магістра філасофіі. Ён працягваў навучанне ва ўніверсітэце Стоні-Брук, Нью-Ёрк, і Цюбінгене, атрымаўшы кандыдацкую ступень. У 1987 годзе ён скончыў дыпламатычную акадэмію ў Боне, займаў розныя пасады ў амбасадах Германіі ў Афінах, Маскве (1988—1990), Порт-оф-Спэйн у Трынідад-і-Табага (1990—1992), Вашынгтоне (1995—1999) і Парыжы (2004—2006). Таксама займаў шэраг пасад у Федэральным міністэрстве замежных справаў у Боне і Берліне. Яго апошняя пасада да ўступлення ў АБСЕ (з 2006) — амбасадар па спецыяльных даручэннях і спецыяльны прадстаўнік па сувязях з габрэйскімі арганізацыямі ў Міністэрстве замежных справаў у Берліне. Амбасадар Халер жанаты, мае чацвярых дзяцей, валодае ангельскай, французскай і рускай мовамі.
— Спадар Халер, што Вы ведалі пра Беларусь і беларусаў да прыезду ў нашую краіну?
— У мяне было вельмі агульнае ўяўленне пра Беларусь як частку СССР, якая стала незалежнай дзяржавай пасля распаду Савецкага Саюза. Я сачыў за палітычным развіццём Беларусі, бо гэта ўваходзіла ў сферу маёй кампетэнцыі, я адсочваў галоўным чынам толькі палітычныя змены ў вашай краіне цягам апошніх 20 гадоў. Агульнае ўяўленне немцаў пра Беларусь зводзіцца да таго, што, Беларусь — незалежная краіна, з якой мы цесна звязаныя ў гістарычным плане Другой сусветнай вайной, ці, як завяце яе вы, Вялікай Айчыннай.
Але я павінен прызнаць, што вельмі мала ведаў пра беларусаў, маючы на ўвазе нацыянальныя асаблівасці. Я ведаў пра яе савецкае мінулае і пра тое, што гэтае мінулае нейкім чынам дагэтуль прысутнічае ў вашай краіне.
Я нічога не ведаў пра Францыска Скарыну, гэты факт стаў для мяне адкрыццём. Мяне ўразіла, што на такой ранняй стадыі кнігадрукавання, нягледзячы на велізарную адлегласць паміж Беларуссю і Майнцам, дзе была надрукаваная першая кніга, у Беларусі неўзабаве таксама надрукавалі кнігу. Гэты факт — сведчанне таго, што Беларусь была тады бліжэйшай да еўрапейскай цывілізацыі.
— Якім было Вашае першае ўражанне пра беларусаў і ці змянілася яно?
Я бачыў шмат розных людзей і не магу сказаць, што ў мяне ёсць больш-менш дакладнае ўяўленне пра беларусаў. Я звярнуў увагу на падабенства паміж немцамі Вестфаліі, адкуль я родам, і беларусамі. Яно ў тым, што і тыя, і другія схільныя спачатку добра падумаць, перш чым зрабіць штосьці, доўга разважаюць і не так хутка робяць высновы. Гэтае падабенства я лічу даволі прыемным. Гэта адна з тых адметных рысаў, якія характарызуюць нацыю. Але я не адважуся сказаць, што існуе нейкі агульны тып характару для беларусаў, немцаў ці французаў, напрыклад.
Яшчэ я думаю, што большасць людзей у Беларусі ўсё яшчэ не жывуць у сваёй свядомасці ў вальнадумным, ліберальным грамадстве. Многія з іх дагэтуль жывуць у свеце, сфармаваным савецкім мысленнем. З іншага боку, прынамсі палова беларускага насельніцтва падарожнічала і добра дасведчаная, да таго ж вашая сістэма адукацыі даволі добрая. Так што, я думаю, свядомасць першай паловы ў будучыні яшчэ зменіцца да лепшага і лібералізуецца.
Як я ўжо казаў, я сустракаў шмат разумных, адукаваных людзей, якія не маюць патрэбы ў якіх-небудзь павучаннях або парадах. Я лічу, што праблема Беларусі — у яе палітычнай сістэме. Як толькі палітычныя структуры Беларусі стануць больш адкрытымі, беларускі народ раскрые ўвесь свой патэнцыял. Адоранасць, таленавітасць, зацікаўленасць насельніцтва — усё гэта знойдзе добрае выкарыстанне, як толькі палітычная сістэма стане больш адкрытай.
— Спадар Халер, наколькі нам вядома, Вы нядрэнна знаёмы з нашым рэгіёнам: Вы працавалі ў Расіі, назіралі за выбарамі ў Малдове. Што, на Вашую думку, вылучае беларусаў сярод іншых славянскіх народаў?
Я думаю, вы валодаеце ўнікальнай перавагай перад той жа Расіяй, бо ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Я здзіўлены тым, што ўсё насельніцтва валодае дзвюма мовамі. Нягледзячы на тое, што беларуская і руская мовы вельмі падобныя, той факт, што вы ўвесь час размаўляеце на дзвюх мовах, робіць вашае мысленне вельмі жывым. Так, мабыць, гэта характэрная рыса. Таксама ваш народ на працягу ўсёй сваёй гісторыі быў часткай абодвух светаў — захаду і ўсходу. Таму я раю беларусам выкарыстоўваць свае здольнасці да вывучэння моваў і вучыць іншыя замежныя мовы. Як я заўважыў, шмат беларусаў добра валодае ангельскай, таксама я сустракаў людзей з цудоўнымі ведамі французскай.
Ведаеце, я толькі год працую ў Беларусі, і мне пакуль складана казаць штосьці пра душу народа. Я заўсёды пытаю людзей, якіх сустракаю, якую б кнігу яны мне параілі, каб лепш зразумець вашу краіну і ваш народ. Хтосьці рэкамендаваў мне раманы Васіля Быкава, хтосьці — паглядзець тэатральную п’есу “Тутэйшыя”. Але гэтыя творы па-беларуску, і мне пакуль цяжка іх чытаць. Спадзяюся, у будучыні я ўсё ж прачытаю іх.