Быць беларусам – погляд збоку: Джамал Маму Хусейнаў

Джамал Маму Хусейнаў, першы прафесійны кальяншчык у Беларусі, прыехаў з Сірыі 18 гадоў таму, нацыянальнасць – курд.

– Я прыехаў у Беларусь 18 гадоў таму. Тады ў мяне былі тут знаёмыя, якія мяне і запрасілі. Я прыехаў, паступіў на падрыхтоўчы факультэт Наргаса, каб вывучыць рускую мову. Далей вучыцца, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, я не змог, гэта было вельмі дорага. Пазней я знайшоў працу тут, ажаніўся. Маёй дачцэ ўжо 15 гадоў. У пачатку 2000-х мне прыйшла ў галаву ідэя адкрыць у Беларусі кальян-бар. Мае сябры сказалі, што гэта ідэя добрая, і ў 2003 годзе мы ўзялі дазвол і адкрылі Банана-кафэ ў Траецкім прадмесці. Трэба сказаць, што людзі далёка не адразу прынялі такую дзіўную навінку. Шматлікія баяліся, успрымалі кальян як наркотык, а сёння амаль у кожным рэстаране можна яго замовіць.

Гэта асаблівасць беларусаў – яны складана прымаюць штосьці новае, баяцца зменаў. І маёй ідэяй у першую чаргу зацікавілася моладзь, вядома. З цягам часу, калі людзі зразумелі, ім спадабалася, але гэта вельмі доўгі працэс. Беларусы наогул вельмі асцярожныя людзі. А моладзь больш рызыкоўная. Хоць сённяшняя моладзь вельмі адрозніваецца ад людзей, з якімі я меў стасункі ў студэнцкія гады. Я не магу сказаць, горшыя яны ці лепшыя, яны проста зусім іншыя. Але ва ўсім ёсць свае плюсы. Раней студэнты не ведалі моваў, а сёння яны добра размаўляюць не толькі па-ангельску, але і па-французску, па-нямецку. Штогод шмат хто ездзіць за мяжу, глядзяць, бачаць іншую культуру, гэта добры досвед абмену традыцыямі. Старэйшае пакаленне значна больш кансерватыўнае, думаю, на іх моцна адбілася жыццё за савецкай уладай.

І я не лічу, што гэта добра. Але з іншага боку, сучасныя беларусы значна больш адкрытыя да зносін, чым, напрыклад, людзі ў Заходняй Еўропе. Там суседзі, якія штодня сустракаюцца, могуць нават не вітацца адно з адным, а тут такога няма. Магчыма, беларусам цяжка даецца гэтае збліжэнне, але толькі спачатку. Калі ўжо яны змаглі з вамі паладзіць, вы станеце добрымі сябрамі. А беларусы надзіва лёгка ладзяць з абсалютна рознымі людзьмі. Гэтага нельга сказаць пра рускіх. Наогул, вашыя народы вельмі адрозніваюцца. Калі я прыехаў у Беларусь, я хутка знайшоў шмат сяброў, адчуў сябе сваім, мяне ўсюды прымалі. І сёння Беларусь – мая другая Радзіма.

Мала дзе яшчэ ёсць штосьці падобнае: калі прыязджаеш у новую краіну, вельмі доўга адчуваеш сябе чужым, амаль ізгоем. А пра Беларусь гэтага нельга сказаць. Беларусы вельмі простыя людзі, зразумелыя. Мая пятнаццацігадовая дачка лічыць сябе беларускай. І я думаю, што беларусы павінны ганарыцца сваёй нацыяй і тым, што яны беларусы. Я чуў беларускую мову і лічу, што яна неверагодна прыгожая. Тое што сёння амаль усе гавораць па-руску, – таксама згубны ўплыў Савецкага Саюза. Я думаю, што праз 50 гадоў усе ўсё адно вернуцца да сваіх каранёў і будуць гаварыць па-беларуску. Бо кожны павінен любіць сваю мову. Я, напрыклад, сам не араб, а курд і сваю курдскую мову ведаю і не забываю. Хоць у Сірыі арабская мова школьная, дзяржаўная. А ў нас, курдаў, дзяржавы няма, але мова жыве.

Я яшчэ думаю, што беларусы ўмеюць і любяць адпачываць. Я не кажу пра нейкую раскошу ці штось такое. Шмат дзе ў свеце людзі вельмі шмат працуюць, займаюцца бізнэсам, і гэтая праца займае ўвесь іх час, усё жыццё. І вось час ідзе, жыццё праходзіць, а людзі, замест таго каб атрымліваць асалоду ад яе, збіраюць грошы. А пра беларусаў я магу сказаць так: калі ваш чалавек збірае грошы, ён дакладна збірае іх на адпачынак. Гэта вельмі добра, бо для чаго яшчэ іх збіраць?

Наогул, ваш народ вельмі добры, гасцінны і шчодры, а вашы людзі вельмі прыгожыя не толькі вонкава, але і душа іх вельмі светлая. Гэта стала б добрай, як гэта цяпер кажуць, *візітоўкай* у свеце. Вось пра іспанцаў кажуць “гарачыя”, пра французаў – “рамантычныя”, пра ўсходніх людзей – “загадкавыя”, а вы – светлыя душой. Гэта вельмі добры стэрэатып.