Шоле Сафаві-Хамамі нарадзілася ў 1953 годзе ў г. Машад (Іран). Скончыла ўніверсітэт Шыраза (правінцыя Фарс) са ступенню бакалаўра сацыялогіі. У далейшым даследавала дэмаграфічныя працэсы. Атрымала магістарскую ступень у сферы дэмаграфіі ў Вольным універсітэце Брусэля (1985).
У 1987 годзе паступіла на працу ў прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ў Тэгеране. З 1997 года працавала з уцекачамі ў Паўночнай Асеціі, Інгушэціі і Стаўрапальскім краі (Расія). Са студзеня 2002 года – супрацоўнік кіравання Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Жэневе. У 2005–2007 гадах аказвала дапамогу ўцекачам з Ірака ў Амане (Іярданія). Са студзеня 2008 – прадстаўнік Кіравання Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі.
— Спадарыня Сафаві, што Вы ведалі пра Беларусь і беларусаў да прыезду ў нашу краіну?
— Я не магу сказаць, што ведала шмат менавіта пра беларусаў. Насамрэч я не ведала пра беларусаў чагосьці пэўнага. Я заўсёды разглядала Беларусь як частку Савецкага Саюза, не аддзяляючы беларусаў ад іншых народаў. Зразумела, перад тым як прыехаць у вашу краіну, я трохі вывучыла вашу гісторыю, геаграфію. Але гэта не было нейкім глыбінным спазнаннем.
— Якім было Ваша першае ўражанне пра Беларусь і ці змянілася яно?
— Я не той чалавек, які робіць хуткія высновы, калі падарожнічае, наведвае якія-небудзь месцы. Магчыма, гэта таму, што я шмат падарожнічала, а магчыма, звязана з маім узростам. Маё першае ўражанне пра Беларусь было вельмі прыемным, з таго самага моманту, як я прыехала, але ўсё ж я не дазваляла сабе паверыць у гэта, я хацела даць сабе больш часу, каб лепей пазнаць людзей, навакольнае асяроддзе і быць больш аб’ектыўнай у сваіх ацэнках. Так што цяпер, калі я ўжо тры гады жыву ў Беларусі, я магу смела сказаць, што я ні кроплі не расчараваная. Мае першапачатковыя пазітыўныя ўражанні не змяніліся. Хіба што я адкрыла для сябе яшчэ больш станоўчых рысаў у беларусах і думаю, што калі я з’еду адсюль, то павязу з сабой шмат цёплых успамінаў.
— А якія характэрныя рысы беларусаў Вам здаліся найболей прыемнымі?
— Я думаю, што беларусы вельмі адказныя людзі. Калі яны згаджаюцца, абяцаюць штосьці зрабіць, няхай гэта будзе справа па працы ці асабістыя даручэнні, то яны гэта абавязкова зробяць. Яны трымаюць сваё слова. Той прыклад, што я вам прывяла, — гэта хутчэй пачуццё абавязку. Гэта значыць, на беларусаў можна пакласціся: калі ты даеш ім заданне, а яны бяруцца яго выканаць, то абавязкова выканаюць, імкнучыся зрабіць як мага лепш. Гэта агульная тэндэнцыя. Гэта зусім не азначае, што яна спрацуе ў 100% выпадкаў, што ўсе людзі робяць так. Але гэта маё агульнае ўражанне, асабліва пра людзей, з якімі я працую. Беларусы не тыя людзі, якія імкнуцца пасябраваць з вамі першымі, яны не праяўляюць шмат ініцыятывы. Яны чакаюць, чакаюць, глядзяць і назіраюць. Але калі ты сам праявіш ініцыятыву ў адносінах, то яны, вядома ж, не адмовяцца і стануць вам добрымі сябрамі. Таксама існуе агульнае меркаванне, што беларусы — вельмі талерантны народ. Так, сапраўды, яны вельмі талерантныя. Талерантныя ў дачыненні да навакольнага асяроддзя, талерантныя адно да аднаго. Я размаўляла са шматлікімі людзьмі, якія жывуць у прытулку для ўцекачоў. Звычайна ўсіх цікавіць, што ўцекачы думаюць пра беларусаў, пра іх талерантнасць. І, вядома ж, большасць водгукаў станоўчыя.
Але сітуацыя была трохі іншай ў 90-х гадах, калі ваша краіна атрымала незалежнасць. Цяпер тое, што замежнікі адчуваюць бяспеку ў вашай краіне, — надзвычай важна, і гэта не толькі дзякуючы стабільнасці Беларусі, а шмат у чым дзякуючы добраму стаўленню вашых людзей. Калі замежнікі не дакучаюць, паводзяць сябе паважна, беларусы вельмі добрыя да іх, не паказваюць агрэсіі. Так што яшчэ адна характэрная рыса беларусаў — гэта тое, што вы не агрэсіўны народ. Беларусы любяць мір, шануюць стабільнасць. Гэта вельмі станоўчыя моманты. Таксама вы вельмі ветлівы народ. Думаю, ветлівасць закладзеная ў вашым выхаванні, з самага дзяцінства. Бацькі і школа надаюць шмат увагі выхаванню ветлівасці. Таксама вы імкняцеся кантраляваць свае эмоцыі. Вы не ўзвышаеце голас, не пачынаеце крычаць. Напрыклад, калі ў вас здараецца дарожная аварыя, людзі не выходзяць з машын і не пачынаюць крычаць, лаяцца, біцца адно з адным. За 3 гады я ні разу не бачыла такога ў Беларусі і думаю, што гэта выдатна. Так што я магу сказаць, што ўвогуле, вы вельмі законапаслухмяныя, часам нават занадта. Але мне здаецца, што вам патрэбная маладая сіла, каб казаць інакш, дзейнічаць інакш, каб прынесці трохі змен.
Гэта і ёсць тыя самыя станоўчыя рысы, што прыйшлі мне ў галаву. Калі жадаеце, я магу назваць і адмоўныя таксама.
— Так, што за яны, негатыўныя рысы беларускага характару?
— Насамрэч яны не тое каб негатыўныя. Я чалавек, які жыве ў вашай краіне, займае адказны пост, чалавек, да якога ставяцца з вялікай павагай. Я наогул не магу жаліцца, крытыкаваць штосьці. Калі б хтосьці прыехаў у маю краіну і пачаў крытыкаваць яе, натуральна, мне б не спадабалася. Беларусы ўмеюць вельмі ветліва прымаць людзей і таксама заўсёды гатовыя дапамагчы. Усе — мае суседзі, калегі, партнёры — заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Так што ў мяне велізарнае пачуццё падзякі за гэта. Але ў кожнай нацыі знойдзецца штосьці, што падасца замежніку дзіўным. Беларусы здаюцца мне трохі стрыманымі, замкнёнымі, залішне асцярожнымі ў збліжэнні з замежнікамі і з людзьмі наогул. Яны не спяшаюцца раскрыцца, не заўсёды выказваюць сваё меркаванне. Мне здаецца, што часам беларусы занадта свядомыя. Таксама я думаю, што беларусам у цэлым уласцівы нейкі скептыцызм у дачыненні да зменаў. Людзі не бачаць, што змены магчымыя, што яны да лепшага. Вось гэтыя рысы я не лічу вельмі прыемнымі, але зноў жа, паўтаруся, гэта не датычыцца ўсіх. Калі з’яўляюцца новыя ідэі, прапановы, людзі супрацьстаяць ім, не паказваюць гнуткасці ў спробе прыняць штосьці новае.
— Несумнеўна, беларуская культура рэзка адрозніваецца ад культуры мусульманскіх краін, вашай роднай краіны Ірана. Якія вы можаце назваць самыя яркія адрозненні ў культуры і побыце?
— У нас зусім рознае гістарычнае паходжанне, розная культура і рэлігія, безумоўна, знойдзецца мноства відавочных адрозненняў. Мы людзі гэтага дня. Стыль нашага жыцця адрозніваецца ад вашага. У вас не тое што жанчыны не бяруць удзелу ў жыцці грамадства, наадварот, ступень удзелу вельмі высокая. Так, манера апранацца, узаемадзеянне мужчын і жанчын — вось у чым я бачу адрозненні ў першую чаргу. Беларусы вельмі законапаслухмяныя, дысцыплінаваныя, адказныя, з пачуццём абавязку. Яшчэ адно адрозненне бачнае з моманту калі выязджаеш з аэрапорта, — дарожны рух. Людзі водзяць машыну ў Мінску і іншых гарадах Беларусі вельмі цывілізавана. Большасць захоўвае правілы дарожнага руху нават позна ўначы! А ў маёй краіне кожны хоча рабіць па-свойму. Гэта вельмі яркае адрозненне. Я думаю, ваша выхаванне вучыць захоўваць парадак. Гэта не пра нашу культуру.
У маёй краіне людзе больш непасрэдныя, стыхійныя ў сваіх паводзінах, яны выказваюць эмоцыі хутчэй, не баяцца гэтага, яны могуць гучна смяяцца, гучна гаварыць, могуць плакаць, нават крычаць. Беларусы ж трымаюць пад кантролем свае паводзіны, яны не рэагуюць на рэчы спантанна, а спачатку добра ўсё абдумаюць.
— Ці знаёмыя Вы з беларускімі традыцыямі і калі так, то з якімі?
— Адна з традыцый, якая мне вельмі падабаецца, — гэта традыцыя памінаць памерлых. Здаецца, гэта дзесьці ў лістападзе. Гэта вельмі добрая традыцыя, вельмі. І як я заўважыла, даволі шмат людзей яе прытрымліваецца. Я думаю, гэта выдатная нагода ўсім сябрам і родным сустрэцца разам. Вядома ж, Каляды. Я ведаю, што вы адзначаеце іх некалькі разоў: каталіцкія Каляды, затым Новы год і праваслаўныя Каляды і яшчэ Стары Новы год (смяецца). Нядаўна я даведалася пра дзень прабачэння, Даравальную нядзелю — у гэты дзень ты павінен прасіць прабачэння, калі не быў добры да сваіх сяброў і калегаў, калі зрабіў ім штосьці дрэннае ці не зрабіў штосьці добрае, што мог зрабіць. Гэта вельмі мілыя традыцыі. Таксама я ведаю, што ў вас ёсць мноства вельмі старых традыцый, якія захаваліся са старажытных часоў. Народныя традыцыі. Напрыклад, свята змены сезонаў, збору ўраджаю. Аднак яны больш распаўсюджаныя ў правінцыі. Я бачыла інфармацыю пра іх па тэлевізары, чытала ў газетах. Я думаю, у вас мноства падобных традыцый, аднак я ведаю няшмат. Што да беларускай кухні, шчыра кажучы, я кансерватыўная ў дачыненні да ежы, таму няшмат ведаю пра нацыянальную кухню.