Кіеў для беларусаў – гэта не толькі сталіца сяброўскага народа, духоўны і адукацыйны цэнтр. Гэта горад, які абуджае і ўзварушвае ў беларусах іх беларускасць, раскрывае іх таленты і натхняе. На тое, каб гэты працэс не перапыняўся, і скіраваны дадзены беларускі гайд.
Прадславіна
Сяльцо Прадславіна ў Рагвалодавы часы размяшчалася непадалёк ад Кіева – сёння яно ўжо ў межах горада (паміж вуліцамі Фізкультуры, Вялікай Васількоўскай і Дзімітрава). Назва паселішча паходзіць ад імя дачкі Рагнеды і Усяслава Святаславіча. Лічыцца, што пасля нараджэння Прадславы полацкая княгіня атрымала ад мужа ў падарунак гэтае сяльцо, дзе пастаянна жыла і гадавала дзетак. Паводле легенды, менавіта ў Прадславіне Рагнеда спрабавала здзейсніць замах на спячага Уладзіміра. Помста не ўдалася, і Рагнеда разам з сынам Ізяславам была высланая ў Заслаўе.
Далёкія пячоры Лаўры
На тэрыторыі аднаго з найстарэйшых манастыроў Русі доўгі час знаходзілася пахаванне Ефрасінні Полацкай.
Манашка ў 60-гадовым узросце наважылася на паломніцтва да Труны Гасподняй. Па дасягненні мэты Ефрасіння цяжка захварэла і памерла ў Ерусаліме. У 1187 годзе яе мошчы былі перанесеныя ў Кіева-Пячорскую Лаўру, а ў 1910 дастаўленыя на Радзіму, у Полацк. Сімвалічная частка мошчаў Святой Ефрасінні дагэтуль засталася ў кіеўскіх пячорах.
Ефрасіння Полацкая – першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой; лічыцца святой не толькі ў праваслаўных, але і ў каталікоў.
Кіева-Магілянская акадэмія
Не абміналі выхадцы з Беларусі і магчымасці атрымаць духоўную адукацыю ў старажытнарускай сталіцы. Кіева-Магілянская акадэмія сярод іншых установаў займала пачэснае першынства. Значны кавалак жыцця тут правёў Сімяон Полацкі: у 1640-я гады ён навучаўся ў мясцовай калегіі (акадэмічны статус яна яшчэ не атрымала).
Кіеўскі перыяд настолькі быў даспадобы Сімяону Полацкаму, што апошнія месяцы жыцця ў Маскве, пры двары расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, ён прысвяціў падрыхтоўцы да адкрыцця расійскай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі.
Байкаўскія могілкі
На могілках быў пахаваны яскравы публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі Сяргей Палуян. Апантанасць беларускай справай Палуяна была не даспадобы яго бацьку, і таму ў 1908 г. ён пакінуў Радзіму – пераехаў у Кіеў. Аднак Сяргей не кінуў беларускай дзейнасці – апроч украінскіх выданняў актыўна друкаваўся ў “Нашай Ніве”, рэдагаваў кнігі нашых класікаў. Пасля смерці Палуяна (ён скончыў жыццё самагубствам) яго памяці прысвяцілі свае творы Янка Купала, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Ядвігін Ш.
Частка могілак на якіх быў пахаваны Сяргей Палуян, не захавалася – яна была знішчаная яшчэ ў міжваенны час і пайшла пад гарадскую забудову.
Кіеўскі камерцыйны інстытут
У цяперашнім будынку Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта (бульвар Шаўчэнкі, 22/24) з 1908 г. месціўся Кіеўскі камерцыйны інстытут. Адным з заснавальнікаў прыватнай навучальнай установы, а пазней і яе кіраўніком (1906; 1908-1917 гг.), быў беларускі гісторык і грамадскі дзеяч Мітрафан Доўнар-Запольскі. У 1912 г. інстытут быў прыраўнаны да дзяржаўных ВНУ, і ўжо праз два гады тут навучалася ажно 4200 студэнтаў. Пераемнікам гэтай установы лічыцца Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўніверсітэт.
Помнік Уладзіміру Караткевічу
У 2011 г. насупраць беларускага пасольства ў Кіеве (Кацюбінскага, 3) з’віўся помнік класіку беларускай літаратуры. Двухметровы вобраз пісьменніка на фоне вялізнай адкрытай кнігі з радкамі верша на беларускай і ўкраінскай:
І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў
Плод кахання бору і хмары –
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.
Аўтарамі скульптурнай кампазіцыі сталі беларускія майстры Канстанцін Селіханаў і Алег Варвашэня.
Дворык Караткевіча
Сам жа Караткевіч ці то жартам, ці то ўсур’ёз казаў, што калі ўжо ставіць яму кіеўскі помнік, то толькі ў дворыку дома на Багдана Хмяльніцкага, 52. Менавіта адсюль пачыналася знаёмства 13-гадовага падлетка са старажытнарускім горадам у 1944 г. Уладзімір разам з маці жылі ў зруйнаваным вайной, але квітнеючым каштанамі Кіеве. Жыццё будучага пісьменніка ў кватэры кіеўскай цёткі цягнулася ўсяго некалькі месяцаў, але, здаецца, што перавярнула ўсё яго жыццё. Менавіта тут Уладзімір зацікавіўся гісторыяй, а пазней, у 1972 г., на падзеях перажытага ў Кіеве, напісаў аповесць “Лісце каштанаў”.
Чырвоны корпус Кіеўскага ўніверсітэта
Шчаслівыя падлеткавыя ўспаміны вярнулі Караткевіча ў Кіеў у 1949 г. Ён стаў студэнтам філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. На той час факультэт знаходзіўся ў так званым Чырвоным корпусе (Уладзімірская, 60). На кіеўскі перыяд Караткевіча апроч выдатнай вучобы прыпадае актыўная паэтычная дзейнасць, зацікаўленасць паўстаннем 1863-1864 гг. і стварэнне першага варыянта “Дзікага палявання…”
Апроч Уладзіміра Сямёнавіча Кіеўскі ўніверсітэт стаў альма матэр для гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага і рэвалюцыянера, прэзідэнта сената Гаваяў Мікалая Судзілоўскага.
Нацыянальная бібліятэка Украіны
У фондах найбуйнейшай бібліятэкі Украіны (пр. 40-годдзя Кастрычніка, 3) знаходзіцца нямала выданняў беларускага паходжання. Сярод іх былая прыватная кніжная калекцыя са Шчорсаў, якую пачаў збіраць апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага Яўхім Храптовіч. Калекцыя налічвала больш за 10000 выданняў, сярод якіх мноства еўрапейскіх выданняў эпохі Адраджэння. Праз усё ХІХ ст. бібліятэка пераходзіла з рук у рукі, пакуль у 1913 г. не была накіраваная на часовае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта. Згодна з жаданнем спадчынніка, з адкрыццём ВНУ на Радзіме бібліятэка павінная была быць вернутая, але гэтага так не адбылося.
Алесь Лапо
Фота:
http://spas-monastery.by/
http://ukrplaces.com/
wikipedia.org
Глядзі таксама: