Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі 25 верасня 1913 года ў сялянскай сям’і ў мясціне з красамоўнай назвай Нобель (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці, Украіна). У 1914-м разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. Як творца дэбютаваў вершам у 1926 годзе. У 1930-м пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931-32 гг. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце “Чырвоная змена”. Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.
Беларускі Салжаніцын. 105 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага
Не ведаю, як у цяперашняй школьнай праграме, а маё пакаленне з творчасцю Сяргея Грахоўскага знаёмілася менавіта на ўроках беларускага чытання і літаратуры. Яго вершы неяк адразу арганічна закладваліся ў памяць, вылучаліся звонкасцю і аптымізмам. Насамрэч жыццё гэтага літаратара было вельмі няпростым.
Двойчы беспадстаўна арыштоўваўся органамі НКВД. Першы раз у 1936-м у Мінску як “член контррэвалюцыйнай арганізацыі” і за “антысавецкую дзейнасць” засуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Быў у Унжэнскім канцлагеры Горкаўскай вобласці. Вызвалены ў 1946-м. Выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна. Зноў арыштаваны ў 1949 годзе, высланы на пасяленне ў Новасібірскую вобласць Расіі, дзе працаваў настаўнікам. У 1955-м быў рэабілітаваны. У 1956-1973 гг. працаваў на радыё, у часопісах “Бярозка” загадчыкам аддзела рэдакцыі, “Вясёлка”, літкансультантам СП БССР (1959-1960). У 1973-74 гг. адказны сакратар Камітэту па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. З 1974 на пенсіі і актыўна займаўся літаратурнай і грамадскай працай літаральна да апошніх дзён жыцця.
Асноўны перыяд творчасці прыпаў на гады жыцця ўжо пасля абедзвюх ссылак. Дакументальныя аповесці Грахоўскага “Зона маўчання”, “З воўчым білетам”, “Такія сінія снягі” ёсць беларускімі аналагамі “Архіпелагу ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына. Грахоўскі выдаў больш 20 зборнікаў сваіх вершаў, сярод іх ажно 5 выключна для дзяцей. Усяго ж выйшла больш 60 розных кніг яго аўтарства.
Паэт з’яўляецца аўтарам верша “Ветразь”, дзе наўмысна ня ўжытае ніводнае слова, якое было б сугучнае з словам у расейскай мове. Акрамя гэтага Грахоўскі ведамы і як таленавіты перакладнік – ён перакладаў Жуль Верна, Аляксандра Блока, Аркадзя Гайдара, Рабіндраната Тагора, Яніса Райніса, дзясяткі іншых літаратараў, пераважна паэтаў.
Пражыў Сяргей Грахоўскі досыць доўгае жыццё. Калі прыйшоў час суверэнітэту, быў заслужана уганараваны незалежнай Беларуссю. У 1992-м ён атрымаў прэмію імя Якуба Коласа за зборнік “Споведзь”, а ў 1994-м атрымаў медаль Францішка Скарыны – тады такія ўзнагароды давалі сапраўды выбітным асобам нашай культуры. Памёр Сяргей Грахоўскі 11 снежня 2002 года. У горадзе Глуску на Магілёўшчыне, адкуль род пісьменніка, яму пастаўлены помнік, у цэнтры гораду бульвар і школа №1 носяць яго імя.
Уладзімір Хільмановіч, harodniaspring.org