Рэплікі шэдэўраў і аўтарскія работы. У музеі Якуба Коласа прадставілі майстэрства роспісу яек

Выстаўку народных майстроў пісанкі «Знакі жыцця» прадставілі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, піша Белта.

Muziej Jakuba Kołasa
Фота з архіва

Паводле слоў загадчыцы навукова-экспазіцыйнага сектара Алены Жастковай, аснову экспазіцыі склалі пісанкі, зробленыя ў лепшых традыцыях беларускай і агульнаславянскай культуры. Прадстаўлены рэплікі яек 1920-30-х і 1970-х гадоў, якія захоўваюцца ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, славянская класічная пісанка, датаваная рознымі стагоддзямі, унікальная калекцыя рэплік пісанак Гродзенскай губерні ХІХ-ХХ стагоддзяў і аўтарскія распрацоўкі. Экспазіцыю дапаўняюць яйкі з гліны, дрэва, саломы і лазы.

Jajki

«Пісанкі — элемент і нашага дзяцінства. Вядома, мы не распісвалі іх так, як майстры, але ўсё роўна хаця б рабілі малюнкі воскам або адварвалі яйкі з тканінай з малюнкам. У доме Якуба Коласа таксама была такая традыцыя, бо ў яго сям’і святкавалі Вялікдзень, даведацца пра гэта можна ў паэме «Новая зямля». Мне здаецца, гэта неабсяжная частка нашай культуры», — адзначыла Алена Жасткова.

Jajki


На гэты раз у музеі будуць выстаўлены пісанкі на тэму «Карагод» — майстры вывучылі фальклорныя традыцыі ваджэння карагодаў на розных святах каляндарна-абрадавага цыкла. «Карагод — гэта масавы танец, які сімвалізуе круг, абмен энергіяй і народнае адзінства. Карагод і пісанка — два магутныя сімвалы бясконцасці: карагод зацыклівае прастору праз рух людзей, а пісанка — праз арнамент, які не мае пачатку і канца», — дадалі ў музеі.

Jajki

У час правядзення выстаўкі майстры падзеляцца гісторыяй і сакрэтамі стварэння пісанкі. Раскажуць, якімі матэрыяламі і інструментамі можна распісаць яйка ў тэхніцы вашчэння ў сучасных дамашніх умовах. Таксама плануюцца майстар-класы па пісанцы, ваджэнні карагодаў і лекцыі. Першы майстар-клас па пісанцы пройдзе 5 сакавіка.

Экспазіцыя прадоўжыць работу да 21 сакавіка.