Беларускія літаратары ў Празе

afisha_9_zniunia

РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтар”
пры падтрымцы Міжнароднага аб’яднаньня  “Грамадзянская Беларусь”

прадстаўляюць

вялікі вечар маладой беларускай літаратуры  у гонар  Ларысы Геніюш

9 жніўня, у дзень нараджэньня нацыянальнай паэткі Беларусі.

У Празе – горадзе, дзе Геніюш, паводле  ейных словаў, прабавіла найшчасьлівейшыя гады жыцьця.

З 7 па 10 жніўня 2010 г.  у Празе пройдуць майстар-клясы маладых беларускіх літаратараў-пераможцаў традыцыйнага конкурса Беларускага ПЭН-Цэнтру. Сёлета ён быў прысьвечаны адметнаму юбілею, які сьвяткуюць прыхільнікі беларускай культуры  па ўсім сьвеце.

Паездка ў адзін з найпякнейшых гарадоў Эўропы  стане ўзнагародай для 15 маладых літаратараў, якіх чакаюць экскурсіі, творчыя вандроўкі, сустрэчы з  чэшскімі і беларускімі пісьменьнікамі.  Падчас свайго перабываньня ў Празе творчы дэсант яскравых маладых аўтараў зладзіць вялікую літаратурную вечарыну, якая мае на мэце сьведчыць: беларуская літаратура працягваецца ў ХХІ стагодзьдзі.

Удзел возьмуць фіналісты і прызёры конкурсу імя Ларысы Геніюш: Ася Волкава, Антон Рудак, Сяргей Календа, Юлія Аляксеенка, Кацярына Макарэвіч, Юлія Качан, Алесь Емяльянаў, Кірыл Дубоўскі і іншыя.

Пераможцы мінулагодняга  конкурсу маладых літаратараў імені Карласа Шэрмана  Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Павел Анціпаў  прэзэнтуюць зборнік арыгінальных і перакладных твораў  “Сьвятая праўда ды іншыя казкі”, які – нечувана для кніг такога фармату – амаль цалкам быў раскуплены ў Беларусі.

Перад публікай выступяць два яскравыя празаікі  Павел Касьцюкевіч і Барыс Пятровіч

І – ўзорна-паказальная змычка мэтраполіі і дыяспары: у межах вечарыны  адбудзецца першая прэзэнтацыя зборніка вершаў праска-беларускага паэта Максіма Шчура “Амальгама”.

Правядзе вечарыну Андрэй Хадановіч.

Вечарына адбудзецца 9 жніўня (панядзелак) а 19:00 ў кавярні Krasný ztraty (адрас: Náprstkova 10,Praha 1, Staré Město)

Уваход вольны.

Тэгі: ,