Прыйшоў час падвесці вынікі флэшмобу “Будзьмы!” пад назвай #Будзільнік. У перадсвяточныя дні мы абвесцілі акцыю дабрыні і прапанавалі разам адзначаць кожны дзень набліжэння Калядаў невялічкай, нескладанай, але добрай справай! За гэты час сотні людзей тым ці іншым чынам далучыліся да ініцыятывы, выканаўшы, падзяліўшыся, альбо проста лайкнуўшы ў сацыяльных сетках нашыя заданні. Мы былі вельмі ўсцешаныя, пабачыўшы такую рэакцыю! Хочацца верыць, што дзякуючы гэтаму свет зрабіўся крышачку дабрэйшы.
Мы паразмаўлялі пра флэшмоб з адной з самых актыўных удзельніц – Вольгай Асмалоўскай з Брэста. Вольга вырашыла далучыцца да флэшмобу, каб паспрабаваць зрабіць больш цікавым апошні месяц году. “Самым складаным заданнем было зрабіць кармушку для птушак, – прызнаецца яна, – так мы яе і не зрабілі, бо мае дачушкі яшчэ маленькія”. З іншага боку Вольга распавяла, як кантралёры грамадскага транспарту наадрэз адмовіліся прымаць у падарунак цукеркі і ледзь не ўцякалі ад яе, распавяла, як чакала мужа з працы ў абвешчаны “Дзень абдымак”, а ён, ведаючы пра флэшмоб, падрыхтаваўся і нават купіў букет ружаў.
Вольга адзначае, што ідэя флэшмобу ёй вельмі спадабалася, але наракае, што ўвогуле людзі ў сеціве крыху больш лянівыя, і выкананне заданняў трэба было раскладаць па этапах, увёўшы сістэму балаў за іх выкананне. Мы паабяцалі Вользе паспрабаваць прыдумаць штосьці падобнае ў будучыні і дасылаем у Брэст калядныя сувеніры ад Будзьмы!
Дзякуй шчыры ўсім, хто далучыўся!