Моладзевая ініцыятыва StudAlliance у межах грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» разам з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» зладзілі прэзентацыю новага праекту Лявона Вольскага «Белая яблыня грому» ў Вільні.
17 красавіка шанец адкрыць для сябе беларускія літаратурныя скарбы ў інтэрпрэтацыі Лявона Вольскага атрымалі студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, а таксама шматлікія жыхары Вільні.
Апоўдні ў навучальным корпусе ЕГУ адбылася творчая сустрэча Вольскага са студэнтамі і абітурыентамі ЕГУ, дзе закраналіся самыя розныя пытанні пра творчасць спевака, новую творчую каманду, саму ідэю праекта, яго сутнасць і іншыя цікавыя аспекты працы.
Усе ахвотныя маглі сфатаграфавацца і ўзяць аўтограф у знакамітага беларускага выканаўцы. Да таго ж, Лявон Вольскі зазначыў, што, магчыма, параіць сваёй дачцэ паступаць у ЕГУ.
А ўвечары унікальны і наватарскі праект з 12 песняў на словы хрэстаматыйных беларускіх паэтаў быў прэзентаваны ў адным з віленскіх клубаў. На прэзентацыю сабралася каля дзвюх сотняў чалавек. Канцэрт складаўся з дзвюх частак: уласна прэзентацыі альбому «Белая яблыня грому» і выканання мадыфікаванай версіі “Крамбамбулі”. Былі раздадзеныя падарункі ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», а кампакт-дыскі «Белай яблыні…» былі выстаўленыя на продаж па спецыяльным, зніжаным кошце.
Канцэрт адбыўся ў добрай, цёплай атмасферы і на пазітыўнай хвалі. Музыкаў вельмі доўга не хацелі адпускаць са сцэны. Альбо гэта гурт не жадаў пакідаць гледачоў? Хутчэй за ўсё, гэта было ўзаемнае пачуццё.
Фотаздымкі: А. Міхайлава