Безгаловая Венера і перспектывы літаратурнага развіцця

01.05.2009 Кнігагляд

stejner_sm

Штэйнер І. Ex promtu – ex proposito. Гомель: Сож, 2008. – 360 с.

Нядаўна знаёмы малады крытык “падараваў” удалае вызначэнне – pulp-philology. Перакласці яго можна як “займальная філалогія” – жанр вельмі распаўсюджаны сёння ў беларускім літаратуразнаўстве. Менавіта да яго можна аднесці тэксты, якія ўвайшлі ў кнігу Івана Штэйнера “Ex promtu – ex proposito”.

Героі літаратуразнаўчых працаў І.Штэйнера – Ул.Караткевіч, Р.Барадулін, А.Сыс, І.Катляроў, В.Шніп, С.Шах. Некаторыя эсэ ў кнізе напісаныя па-беларуску, некаторыя – па-руску, але і тыя і другія шчодра перасыпаныя лацінскімі і царкоўнаславянскімі выразамі і цытатамі.

Для тых, хто з нейкіх прычынаў не знаёмы з постаццю аўтара, на кнізе ёсць біяграфічная даведка і тры фотаздымкі ў розныя часы жыцця, пачынаючы, калі не памыляюся, з трохгадовага ўзросту. Так што кніга доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі Еўразіі, аўтара “трыццаці кніг самага разнастайнага кшталту”, “выдатніка народнай адукацыі”, чыя праца “Беларуская літаратура ў славянскім і сусветным кантэксце” была “прызнаная найлепшым даследаваннем у галіне гуманітарных навук і адзначаная Прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, дае добрае ўяўленне не толькі пра тое, якой уяўляюць беларускую культуру волаты беларускага літаратуразнаўства, але і пра іх саміх.

Назва складаецца з двух знаёмых усім лацінскіх выразаў і ў цэлым характарызуе нават не змест кнігі, а мастацкі стыль Івана Фёдаравіча Штэйнера. Я звычайна называю такі стыль рускім словам “телега” – менавіта так называюць мае аднагодкі доўгі эмацыйны “загруз” без канца і краю, але можна і па-беларуску перакласці назву – “адмыслова без падрыхтоўкі”. Цудоўны ўзор такога пісьма дае, на мой погляд, наступная цытата з кнігі: “Мала хто можа адмовіцца ад закліку сапраўднай самкі, ну добра, «німфаманкі», не пайсці на яе голас. Адзін толькі Махатма Гандзі адмовіўся ад сэксуальнага задавальнення, бо яно рэзка супярэчыла ягонай ідэі антыгвалту. Трыццацісямігадовы мужчына прымае добраахвотна цэлібат, становіцца Божым еўнухам. Ён не можа знайсці месца ў сваёй ідэалогіі мужчынскаму гвалту, нават падсвядома ідэалізуе жаночую пасіўную сілу (гавораць, што нават марыў стаць жанчынай і быць маці нацыі). М. Гандзі лічыў, што мала падпарадкаваць велічнай справе галаву, трэба перамагчы цела, жарсці і памкненні. Гвалт – гэта мха, і сэксуальны гвалт – таксама, і не ў меншай ступені. Але quod licet jovi, non licet bovi. I дарэмна пісаў апостал Павел карынфянам: Или вы не знаете, что связывающийся с блудницей становится одним телом . (Блудніца ў дадзеным выпадку – ненадзейная частка чалавека). Бо не чуецца ў такой сітуацыі і прамудры Саламон: Дабы спасти тебя от жены другого, от чужой, которая умягчает свои речи, и забыла заветы Бога своего. Ибо дом ее ведет к смерти и стези её – в ад. Все, кто входит к ней, не возвращается и не овладевает путями жизни. Эпіграфам да верша становіцца як быццам надпіс на муры ў Пампеях – «Калі ты ведаеш, на што здатнае каханне, і калі ты мужчына, пашкадуй мяне, не кажы «не» і дай мне ўвайсці…» (с.103)

Мала хто, здаецца, здагадаецца, што гэты абзац напісаны, каб раскрыць змест верша “Я іду” Ул.Караткевіча. Наогул, эсэ “Свет шчодры, свет мяне паўторыць…”, прысвечанае паэтычнай спадчыне Караткевіча, уразіў мяне найбольш. Чаго вартыя, напрыклад, знойдзеныя ў ім развагі пра валадарства Эрасу “і ў ложку, і на полі бітвы”: “Кліч плоці настолькі магутны, што нават ля безгаловай венеры чуецца пяшчотны голас: “Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, – ўлонне маё сумуе.” Магчыма, яна і страціла галаву ад сваёй празмернай пажадлівасці” (с.105). Складана не страціць галаву, чытаючы жарсныя эсэ гомельскага даследчыка, тым больш што напісаныя яны ў вельмі спецыфічнай мужчынскай манеры, якая не церпіць пярэчанняў. Так, эсэ пра перспектывы літаратуры ў ІІІ тысячагоддзі пачынаецца катэгарычным: “Пророком стать чрезвычайно легко” (с.7).

Газета “Наша Ніва” рэкамендуе гэтую кнігу як “абгрунтаваны адказ магільшчыкам літаратуры”. На мой жа погляд, яе можна параіць не толькі чытачам-песімістам, але і проста людзям з нізкай сэксуальнай патэнцыяй і падвышаным інтэлектам.

Задавальненне гарантавана!

***

Ганна Кісліцына -– крытык, літаратуразнаўца. Глядзі персанальны блог.