8 снежня была чарговая гадавіна падпісання Белавежскіх пагадненняў. 27 гадоў таму як “геапалітычная рэальнасць” знік СССР, разам з якім адышлі ў нябыт чалавечыя звычкі паўсядзённасці. Хоць кропку ў рэфлексіі “савецкасці” культуры пакуль што наўрад ці можна паставіць, згадайма некаторыя рэчы, звычайныя для жыхара беларускага горада 60-х — 80-х мінулага стагоддзя. У сучаснага маладога чалавека яны выклікаюць шок.
Жудасны дэфіцыт кніг
Сёння мала каму прыйдзе ў галаву з вечара ісці да кнігарні, каб заняць чаргу па том Байрана, Дастаеўскага ці нават менш вядомага аўтара. 50 гадоў таму для гараджаніна буйнога беларускага горада гэта было звычайнай з’явай. Публіцыст Аляксандр Фядута ў мемуарах “Маленькі Парыж” апісаў начную чаргу да гарадзенскай кнігарні “Раніца”, пераклічку і шчасце ад “урванай” квітанцыі на падпіску:
“Очередь в “Ранiцу” была вечным боем, а покой нам только снился. Вечером в пятницу я просил маму завести будильник, чтобы не проспать.
— Опять подписка? — спрашивала мама, обречённо вздыхая.
Опять. После обеда слух о грядущей подписке распространялся со скоростью сплетен о разводе Аллы Пугачёвой. Нужно было успеть попасть в очередь: приз — вожделенная квитанция на право в течение нескольких лет получить несколько томов собрания сочинений очередного классика — доставался в порядке, строго соответствовавшем появлению сонных физиономий книголюбов у памятника танку, дуло которого было устремлено куда-то в сторону Белостока. Ближе к магазину подходить в ранний час было опасно: жильцы дома могли и мусор на голову сбросить, когда спор о месте в очереди “доставал” их окончательно”.
Яшчэ можна было сабраць макулатуру, здаць у пункт прыёму і за 20 кг папяровых адкідаў атрымаць талончык, які дае права на пакупку кнігі. Так, грошы трэба было ўсё роўна плаціць. Ясна, што выбар быў абмежаваны: галоўным чынам асартымент “Падпісных выданняў”.
Чэргі ў добрыя рэстарацыі
Яшчэ адзін культурны шок для сённяшняга гараджаніна 18-25 гадоў — чэргі і папярэдні запіс у рэстараны: чым вышэйшы клас установы, тым цяжэй было туды трапіць. Культуролаг і грамадскі актывіст Вацлаў Арэшка ў інтрэв’ю гарадскому часопісу пра Мінск CityDog.by успамінаў пра рэстараны ў савецкай сталіцы:
— Наогул у пачатку 1970-х сітуацыя з выбарам месца адпачынку была напружаная: па-першае, іх саміх было няшмат, а па-другое, яны змяшчалі невялікую колькасць наведвальнікаў, так што часта даводзілася стаяць у чэргах толькі для таго, каб трапіць унутр. А месцы, якія працавалі да позняй ночы, можна было палічыць на пальцах адной рукі, і яшчэ б засталося. Гэта быў знакаміты “Матэль” пад Мінскам і “Каменная кветка” на Талбухіна, дзе цяпер кітайскі рэстаран “Панда”.
Гарадзенскі краязнаўца Віктар Саяпін падчас ток-шоў пра культуру піцця і грамадскага харчавання ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” расказаў, як можна было трапіць у культавы для горада рэстаран “Беласток”:
— Рэстаран адчыніўся ў 1974 годзе і карыстаўся вялізным попытам нават нягледзячы на плату за ўваход — 1,5 рубля. Білет трэба было купляць за 2-3 дні. Сёння гэта назвалі бы чэк-барам, таму што за гэтыя грошы можна было штосьці замовіць.
Выглядаць незвычайна таксама было праблемай
У гараджан, якія хацелі апранацца не як усе ці проста быць прыгожымі, быў нежартоўны клопат: дзе купіць цікавае нестандартнае адзенне? Дзяржаўны гандаль прапаноўваў ўсё аднолькава-шэрае, як у фільме “Стылягі”, які, дарэчы, часткова здымаўся на Кастрычніцкай вуліцы. Цяжка ўявіць, але факт, што ў 60-х — 80-х гадах ці не ў кожным другім доме была свая швейная машынка, якая ратавала ўсё. Мінскі мадэльер і блогер Саша Варламаў прыгадваў, як амаль усю ягоную вопратку сшыла мама.
— Здараліся сітуацыі, калі жанчыне трэба была да заўтрашняга дня новая сукенка — яна здымала фіранку, раскройвала і за адну ноч майстравала сабе цудоўнае ўбранне, — расказваў мадэльер.
За мяжу так проста не паедзеш
Безумоўна, можна было без візы трапіць у любую краіну саюза. Вы хіба чулі настальгію ад старэйшых пра “паехаць у Вільню на каву”. А вось пра вандроўкі ў “капіталістычныя краіны” шараговы чалавек мог толькі марыць. У Францыю ці ЗША савецкі грамадзянін мог паехаць альбо ў камандзіроўку па накіраванні, альбо атрымаўшы дазвол наведаць сваякоў. Прайсці ўсе этапы ўзгаднення паездкі з кіраўніцтвам на прадпрыемстве, у прафсаюзе, камсамолам ці абкамам было пеклам. Валюту выдавалі строга па нарматывах, перамяшчацца можна было толькі групкамі, нельга было пачынаць размовы на палітычныя тэмы. Наступным разам паехаць па-за СССР можна было толькі праз тры гады.
Хрысціна Марчук