15 верасня праект “Tradycyja” прэзентуе ў Мінску кнігу-CD “Бяседныя песні”. Там сабраны застольныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу. Прэзентацыя пройдзе з сапраўдным застоллем, спевамі і традыцыйнымі стравамі на фестывалі “Rajok”.
фотаздымак кнігі CD Tradycyja – Бяседныя песні
Усе кампазіцыі кнігі-CD “Бяседныя песні” выдадзены ўпершыню.
– Зараз шмат хто захапляецца грузінскімі песнямі, а мы імкнемся паказаць, што ў беларусаў ёсць свая магутная традыцыя. Наш праект – гэта яшчэ адзін доказ таму. Усе тэксты песень можа вывучыць і спяваць кожны. Запісы на дыску “Бяседныя песні” складаюцца з дзьвюх частак. Першая – песні і найгрышы з Архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, сабраныя ў экспедыцыях пачынаючы з 1960-х. Другая частка – студыйныя запісы Таццяны Песнякевіч, запісаныя пераважна ў студыі Дома радыё ў Мінску. “Бяседныя песні” – ўжо трэці дыск серыі. Першы называўся “Мужчынская традыцыя спеваў”. Другі – “Музыка Полаччыны”, – распавядае музыкант, стваральнік і арганізатар “Спеўных сходаў”, кіраўнік праекта “Tradycyja” Сяргей Доўгушаў.
Выданне зроблена ў выглядзе кніжкі з вышыўкай на вокладцы і багата ілюстравана старымі фотаздымкамі. Усяго рэліз складаецца з 34 кампазіцый: 18 у першай частцы, 14 у другой і два бонус-трэка. У выданні змешчана даведка аб песеннай традыцыі беларусаў, інфармацыя аб усіх запісах, фотаздымкі з сямейных архіваў выканаўцаў. Усе звесткі перакладзены таксама на англійскую мову.
в. Трышын (зараз Берасць) Брэсцкі раён, 1950 гг. З архіва Антона Дацкевіча
Спевы суправаджалі нашых продкаў ад нараджэння да смерці. Бяседныя песні спявалі ў святочныя моманты, калі ў застоллі збіраліся сям’я, суседзі і знаёмыя. Іх рэгіянальныя назвы – застольныя, гасцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Пра бяседныя песні казалі: “Як толькі адну чарачку вып’ю і ўсё, пашло – вы сядзіце, а я буду песні пяяць”.
Бяседныя песні выконвалі на застоллі ў гонар нараджэння дзіцяці і ўслаўлялі гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, добры пачастунак. У песнях “пад чарачку” апавядалі пра сямейныя ўзаеміны: жыццё ў няроднай сям’і, адносіны з мужам, свёкрам ды свякроўю, смутак па роднаму дому.
“Спявалі пра развітанне з бесклапотным жыццём, велічалі маладых, жартавалі з дружыны жаніха і нявесты на вясельным застоллі. У час кірмашоў і фэстаў, куды з’язджаліся сваякі і знаёмыя, спявалі кірмашовыя песні”, – тлумачыць укладальніца “Бяседных песень” Яніна Грыневіч.
в. Зарытава, Ляхавіцкі р-н, Брэсцкай вобласці, 1971 год. З архіва Міколы Таранды
Большасць застольных твораў былі не абрадавымі, а “жызненнымі”. У іх распавядалі пра жаночую долю, няспраўджаныя надзеі, нялюбага мужа: “Я ж думала, што сакол леціць, аж нелюбы й уздагон бежыць, а нелюбы й уздагон бежыць” , нявернасць ды сацыяльную няроўнасць. Вясёлыя, гумарыстычныя творы суседнічаюць з сумнымі, мінорнымі.
Набыць дыск можна на фестывалі традыцыйнай музыкі “Rajok” 14-15 верасня, які адбудзецца ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі (г. Мінск, вул. Карла Маркса 12).
Паводле прэс-рэлізу