Вядомы беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў святкуе 80-гадовы юбілей. 9 ліпеня, як піша паэт на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, ягоны першы (па версіі маці) дзень народзінаў. Другі — 11 ліпеня.
З нагоды юбілею літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч напісаў эсэ, прысвечанае Уладзіміру Някляеву.

Уладзімір Някляеў, фота з Фэйсбука Уладзіміра Някляева
Уладзімір Някляеў — чалавек разнапланавы і, безумоўна, рэалізаваны. Грукочуць за плячыма шматвагонавыя цягнікі, дзе едуць ягоныя вобразы, героі, гісторыі, фантазіі.
Калі спрабаваў прасачыць усё, пішучы пра яго кнігу пятнаццаць гадоў таму, уражваўся менавіта гэтаму пасіянарнаму размаху і нейкай бравурнай мушкецёрскай жарсці, з якою мой герой ныраў у самыя глыбіні няясных прыгодаў і эксперыментаў. Але, мабыць, у гэтым недзе хавалася і крыніца натхнення, калі з туманных перспектываў і эмацыйнай перанасычанасці вымалёўвалася чарговая карціна — апавяданне, паэма, аповесць, верш. З ірацыянальных учынкаў і досведу прыходзілі словы, усё ж неадольна нейкім чынам структураваныя, бо мова паэзіі часам створыць яснасць нават там, дзе ты яе не прадугледжваеш.
Мабыць, найбольш люблю ягоныя вершы. Можа быць, нават з вершаў люблю найкарацейшыя, дзе сіла і размах раптам абмежаваліся нейкім дзясяткам радкоў, і штосьці адным-двума ўдарамі высеклі з матэрыялу, які не здольны быў супраціўляцца. Можа, менавіта ў гэтым адчайным удары і высякаліся тыя іскры, якія потым запальвалі нешта ўнутры. Можа, можа.
Некалі, у часе адной з пісьменніцкіх радаў, я папрасіў яго напісаць на паперы верш «Змеі» з кнігі «Прошча», і гэты лісток дагэтуль у мяне ёсць.
Лёс як лёс: з двух бакоў — пустата.
Век да веку, мастом да маста,
І чытаецца драма з ліста,
Не дабрэе жыццё і не злее...
Бог з машыны.
Маліны з куста.
І ў малінніку любяцца змеі.
Усё звязана, усё перакрыжоўваецца, нават дзве пустаты, і недзе ў цэнтры ўсяго любяцца змеі. Сплеценыя назаўсёды каханне і смерць, значна старэйшы за Багдановіча архетыпічны пейзажык з заўсёды акуратна пастаўленай кропкай напрыканцы верша. Як і ў трохі менш суворай сітуацыі, калі пытаешся ў неба пра жыццё пасля смерці — «вымытай хусцінкаю бабулінай аблачынка сохне на крыжы».
Гэта можа быць чалавек, хочучы пагаварыць з якім, усё-ткі вырашаеш не рабіць гэтага, і тэлефонная слухаўка ўціскаецца ў штыры апарату на ўсю глыбіню тваіх успамінаў. Ці жанчына, якая мыла ў доме насупраць акно, хтось падышоў, і яна да яго прыхінулася. Замалёўкі, дзе хтосьці сыходзіцца, а потым сыходзіцца і «штосьці», што ўжо не змяшчаецца ў іх саміх, пасля вырасталі ў паэмы, дзе гэтыя сінхроны і разсінхроны ўтваралі дзясяткі разнастайных камбінацый і, узгадаваныя на ямбічным эпасе Куляшова, апелявалі да касмалагічнасці.
У космасе Някляева ўсё, па вялікім рахунку, зразумела. Ёсць Яна і Ён (менавіта ў такім парадку), астатняе — малацікавыя дэталі, стыхіі, бязмэтны рух. Але што па-за гэтым космасам? І ці ёсць што-небудзь? І ці трэба ўвогуле пра гэта пытаць і шукаць?
Асноўны паэмны цыкл Някляева, ад «Маланкі» з 1970-х, мабыць, яшчэ гадоў — да найноўшай «Адзіноты» — усё пра гэтыя пытанні. У ім вельмі рэдка знойдзеш адсылку да нейкага канкрэтнага артэфакту эпохі ці прывязку да мясцовасці. Аповед плыве ў бязважкасці, як антычны дыялог, дзе паняцці замененыя яркімі эмоцыямі, а эмоцыі ствараюць сістэму персанажаў. У апошнюю ўвойдуць з часам Воля, Турма, Айчына, Бог, з якімі дыялог і доўжыцца, пішуцца новыя дзеі гэтай ліра-эпічнай драмы, дзе Бог — моцны апанент-канкурэнт, Турма і Айчына — ці не сёстры, а Воля заўсёды адна, і ўсе астатнія дзейныя асобы толькі маскіруюцца пад яе.
Вось у гэтай змене масак і ёсць самое дзеянне. А ці ёсць пад канкрэтнай маскай пустэча ці штосьці сапраўднае — на гэта адказваць гледачу гэтага ўсходняга тэатру. Зрэшты, ёсць прыгажосць і ў самой змене. А без зменаў Някляева ўявіць складана.

Уладзімір Някляеў на Стральцоўскім фэсце. 2024 г.
Мне падаецца, літаратура беларуская наогул — справа мала ўдзячная, і выжываюць у гэтым не надта вясёлым асяроддзі толькі тыя, каму сапраўды мала ўсяго, каму недастаткова, хто галодны на тое, каб напісаць верш, аповесць, п’есу, эсэ, перакласці паэму, даць музыкам тэкст для песні, а калі гэтага мала — пайсці ў палітыку і нарабіць шораху і там. Літаратура — занятак для, па-гамсунаўску, галодных людзей, а не для тых, хто лічыць у шафе медалі ў скрыначках.
Тое, што Някляеў з намі быў і ёсць, што ён частка агульнага беларускага лёсу і эпасу, не выпадковасць, а ўласнаручна прасечаны ў зарасцях шлях. Мог стаць, а не стаў — рускамоўным, хома савецікусам, чыноўнічкам у пінжаку, talking head’ам прапаганды. Блукаў і знаходзіў, падаў і падымаўся, цярпеў паразу і перамагаў, і пры ўсім гэтым — не расчалавечыўся і жыве сярод нас ярка і паўнакроўна, і разбівае чарговыя дзірваны ў космасе, каб дакапацца да сутнасці, каб стала трохі менш бессэнсоўнасці і абсурду.
А іх — хмары і хмары.
Зрэшты, усе некалі сядуць на карабель і палятуць, праразаючы гэтыя хмары. Так было ў першай аповесці Някляева, так было на карціне Селешчука, гэтаю аповесцю натхнёнай, але караблі — гэта не заўсёды мастацкі вобраз.
Ціхан Чарнякевіч, Budzma.org