У дзень свайго 80-годдзя Уладзімір Някляеў апублікаваў свой новы верш пад назвай «Некралог»

Вядомы беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў, якому сёння спаўняецца 80 гадоў, апублікаваў у сацсетках свой новы верш пад назвай «Некралог».

Uladzimir Niakliajeŭ Уладзімір Някляеў

«Першы (па версіі маці) дзень народзінаў. І ўвогуле ўсё ўпершыню. Першыя 80 гадоў. І ў першую раніцу першага дня восемдзесят першага года (пры ясным розуме і цвёрдай памяці) напісаўся першы верш пад назвай НЕКРАЛОГ», — напісаў Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

НЕКРАЛОГ

Пад гадамі, якія адмераў мне Бог,
Ціха-паціху падводзіцца рыса.
Хутка з’явіцца мой некралог —
Нікім не падпісаны.

Вось калі б я памёр да часоў Пазьняка,
Да Аляксандра Рыгоравіча прыхода,
Некралог падпісаў бы сакратар ЦК
І найлепшыя прадстаўнікі народа.

Падпісалі б пісьменнікі. Не маленькія нейкія —
Толькі тыя, хто ў званні... І вечным пяром
Падпісаў бы Сам
старшыня Саюза пісьменнікаў,
Калі б я сам не быў старшынём.

Тут праблема ўзнікала: магла быць няўвязка
З паведамленнем агенцыі ТАСС...
Але пазванілі з ЦК: «Калі ласка,
Не трэба спяшацца. Яшчэ вам не час».

Культурна. Карэктна. Не ў форме загаду...
І ў сённяшнім часе, як і тады,
Удзячны я партыі і ўраду,
Што працягнулі мае гады.

Няхай гэты час быў далёка не лепшы,
Не ласкавы час, але ўсё ж з ласкі Бога
Дарэшты я ў ім дапісаў мае вершы —
Як змест і як подпіс майго некралога.

Уладзімір Някляеў.