Яго пакаленне шчыра верыла ў ідэалы савецкай эпохі, непрымірыма змагалася за іх ажыццяўленне, дасягнула на гэтым самаахвярным шляху шмат велічных перамог. І яно ж паставіла пад сумнеў чалавечнасць і неабходнасць збудаванай і абароненай імі дзяржавы. Па вялікім рахунку, без іхняга невыцерпна горкага разумення не ўзнікла б незалежная Беларусь і не з’явілася б духоўна новая генерацыя несавецкіх беларусаў. У 1984 годзе, якраз за год да перабудовы, у прадмове Рыгора Барадуліна да кнігі вершаў «Чалавек, якому баліць» казалася: «Радзіма. Народ. Мова. Пра іх піша паэт Артур Вольскі, для іх піша, імі жыве». Нястомныя працаўнікі Адраджэння, як Артур Вольскі і найлепшыя прадстаўнікі яго пакалення, жылі і тварылі для Беларусі, для яе будучыні, для ўсіх нас.
З нагоды 100-гадовага юбілею паэта, пісьменніка, драматурга і перакладчыка Артура Вольскага распавядаем пра яго жыццёвы і творчы шлях.
Артур Вольскі
«Я ж не думаў, што буду пісьменнікам: марыў стаць мастаком»
Артур Вольскі нарадзіўся 23 верасня 1924 года ў мястэчку Койданава (сёння Дзяржынск Мінскай вобласці), дзе яго бацька, Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдэль, служыў памежнікам. У далейшым ён стане вядомым драматургам Віталём Вольскім, пачынальнікам таленавітай дынастыі Вольскіх з польска-нямецка-літоўскімі каранямі. Але гэта будзе пазней, а зараз малады Віталь, якому ў тым жа верасні споўнілася ўсяго дваццаць тры гады, займаецца вайсковымі справамі. Маленькаму Артуру назаўжды запомніцца чорны бацькаў наган, які ён, вярнуўшыся дадому, разбіраў на стале і чысціў.
Праз некалькі гадоў сям’я пераязджае ў Мінск, там нараджаецца другі сын, Гарольд. Браты вучацца ў 25-й чыгуначнай школе імя Чарвякова, яна лічыцца ўзорнай. Напрыклад, выкладчыкам геаграфіі быў Іван Фёдараў, якого ведалі па-за школьнай працай як Янку Маўра, аўтара славутых «Палескіх рабінзонаў». Вучні раслі пад уплывам тагачасных падзей з пастаянным пафасам пра будоўлі сацыялізму і росквіт новага сацыялістычнага грамадства. Артур Вольскі згадваў, што ў тыя часы яны віталі адзін аднаго прывітаннем «Рот фронт», а любімымі песнямі былі «Варшавянка» і «Камінтэрн».
Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Віталь Вольскі, Максім Танк. 1969 г. З асабістага фонду М. Танка ў БДАМЛМ. Фота: svaboda.org
Аднак нават у такім узросце даводзілася сутыкацца з пачварнымі рэаліямі савецкай рэчаіснасці. Аднойчы са школы знік адзін з найбольш паважаных педагогаў Шэўчык. Потым у аднакласніка Толіка Талкачова арыштавалі бацьку, службоўца ва Урадзе БССР. Неяк на гарышчы дома Артур знайшоў стосік часопісаў разгромленага літаратурнага аб’яднання «Узвышша», якія схавалі ад нядобрых вачэй. Яго гэта не здзівіла: «Мне добра запомнілася, хаця тады я зусім быў юным, як бацька з маці вельмі часта перамаўляліся: забралі Чорнага, забралі Дудара, забралі Хведаровіча, забралі Хадыку... Андрэя Александровіча на маіх вачах забралі. Адразу з Дома пісьменніка, што пад Пухавічамі».
Па яго словах, «жаху, самага сапраўднага, наша сям’я, і я ў тым ліку, нацярпеліся раней, да вайны, падчас «хапуна»». І праз дзесяцігоддзі ў ягонай памяці засталіся ўражанні ад ашаламляльнай размовы: «Калі забралі брата маці, дзядзьку Якава, настаўніка рускай мовы і літаратуры ў адной са школаў Мінска, маці ўпотай ад бацькі мне сказала: «Калі раптам нас з бацькай забяруць, дык запомні... разам з Гарыкам падавайцеся да бабулі на Койданава. Толькі цягніком не трэба ехаць, ідзіце пехатой...»
Удзельнікі літаратурнага аб’яднання «Узвышша». Першы рад: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва. Другі рад: Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Антон Адамовіч, Тодар Кляшторны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Жылка, Васіль Шашалевіч, Пятро Глебка
Для Артура ўжо тады пачалося самастойнае жыццё. Пасля сёмага класа ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Выбар тлумачыцца проста: «Я ж не думаў, што буду пісьменнікам: марыў стаць мастаком. Вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні на аддзяленні жывапісу (дарэчы, там жа вучыўся і Васіль Быкаў, толькі на аддзяленні скульптуры). Так што ў нас знаёмства яшчэ даваеннае. Праўда, пасля вайны, калі мы з ім сустрэліся ў Гродне, доўга не маглі вызначыць, адкуль мы адзін аднаго так памятаем. Аказалася, па вучэльні». Яны жадалі ствараць для людзей цудоўны мастацкі свет, але не атрымалася — пачалася вайна.
«Стаўленне да вайны ў мяне даволі складанае»
Калі яго прасілі распавесці, што ён рабіў у ваенныя гады, Артур Вольскі адказваў: «У 1942 годзе лёс закінуў мяне на Ціхі акіян. Хутка я атрымаў форму ваеннага марака». Але спачатку была эвакуацыя, пісьменніцкія сем’і доўга дабіраліся ў далёкі Казахстан. Калі ехалі туды, то здарыўся трагічны выпадак. Літаральна на руках у Артура і Гарольда памёр найстарэйшы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля.
З успамінаў Артура Вольскага: «На адным з такіх прыпынкаў мы выскачылі з цяплушак. Я ішоў побач са Змітраком Бядулем. Ён быў у сінім гарнітуры, з ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга на грудзях. Эшалон нечакана крануўся. Мы кінуліся да вагонаў. Помню, я яшчэ дапамог дзядзьку Змітраку на хаду залезці ў сваю цяплушку. А потым здарылася нешта неверагоднае. Бядуля пахіснуўся, павольна падаўся назад...» Гэта адбылося глыбокай восенню 3 лістапада 1941 года непадалёк ад горада Уральск. Пахавалі беларускага класіка ва Уральску, а ўжо ў нашы дні, 3 лістапада 2020 года, парэшткі Змітрака Бядулі былі перапахаваныя на Усходніх могілках Мінска.
Некаторыя сем’і пісьменнікаў вырашылі застацца ва Уральску, хоць першапачаткова павінны былі ехаць у Алма-Ату. Артур працаваў мастаком-дэкаратарам у эвакуіраваным віцебскім Беларускім тэатры, а Гарольд — асвятляльнікам. Адсюль жа старэйшы брат паехаў на фронт. У дарозе на Далёкі Усход Артуру споўнілася васямнаццаць гадоў. Ваяваў на тральшчыку Амурскай ваеннай флатыліі, быў мінёрам і боцманам, удзельнічаў у марскіх дэсантах. Нарэшце стаў ваенным журналістам, друкаваўся ў газеце «Красный флот» і часопісе «Краснофлотец».
Вокладка часопіса «Краснофлотец»
Пазней Артур Вольскі, калі заходзіла гаворка пра ваенны перыяд яго біяграфіі, прызнаваўся: «Стаўленне да вайны ў мяне даволі складанае». Паступова прыйшло пераасэнсаванне таго, чым была гэтая сусветная трагедыя для роднай беларускай зямлі: «На мой позірк, падчас Другой сусветнай на Беларусі вялася яшчэ і грамадзянская вайна». Пацярпелыя ад камуністычных рэпрэсій бязлітасна помсцілі за балючыя страты. «Калі б захавалася Беларуская Народная Рэспубліка, разагнаная некалі бальшавікамі, я ўпэўнены: падчас гітлераўскага нашэсця беларус супраць беларуса руку не ўзняў бы».
У крывавае ліхалецце загінулі ў баях многія сябры. Таму ветэран Вольскі ганарыўся, што быў сярод пераможцаў фашысцкай Германіі, а Дзень Перамогі і Дзень вызвалення Беларусі для яго «заўжды былі і застаюцца святымі».
Артур Вольскі з баявымі ўзнагародамі
«Ведаеш, старшына. Пішы па-беларуску»
Пасля вайны Артур Вольскі застаўся на флоце. Дэмабілізаваўся толькі ў 1952 годзе, увесь час шмат пісаў і ўжо добра ўяўляў, чым будзе займацца далей. Да гэтага падштурхнула сустрэча ў Хабараўску на канферэнцыі далёкаўсходніх літаратараў. Туды з Масквы прыехалі знакамітыя паэты Аляксандр Твардоўскі і Міхаіл Луконін. Вольскі чытаў прысутным вершы на рускай і беларускай мовах. Твардоўскі ўважліва слухаў, задаваў пытанні таксама на беларускай мове, а ў перапынку падышоў да яго і сказаў: «Ведаеш, старшына, не валяй дурня. Пішы па-беларуску».
Цікава, што адлік літаратурнай творчасці Артура Вольскага вядзецца з дзіцячых гадоў будучага пісьменніка. Па яго ўласным прызнанні: «Пачаў пісаць у школьным узросце. Недзе ў 5-м класе я апублікаваў сваё першае апавяданне — пачынаў я з прозы ў часопісе «Іскры Ільіча» (потым ён стаў «Бярозкай»)». У другой палове 1930-х у друку з’явілася яго апавяданне «Воўчае гняздо», а потым надрукавалі верш «Калі б быў бы я паэтам». Так што які-ніякі досвед меўся, а жадання было значна больш.
Вярнуўся ў Мінск і праз некалькі дзён завітаў у «Чырвоную змену». У газеце ён не толькі ўзначаліў аддзел, але і ў хуткім часе быў прызначаны стыльрэдактарам, бо скрупулёзна рабіў праўку сваіх і чужых артыкулаў. А для паэтаў-пачаткоўцаў існаваў літгурток, дзе Артур Вольскі шчодра дзяліўся ведамі аб таемных законах вершавання. Многія з хрэстаматыйных імёнаў беларускай паэзіі адчулі тут падтрымку і дапамогу. Рыгор Барадулін з удзячнасцю ўспамінаў: «Прыгадваецца, як кіраваў нашым літаб’яднаннем пры «Чырвонай змене» Артур Вольскі. Генадзь Бураўкін, Сымон Блатун, Васіль Зуёнак, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Уладзімір Паўлаў, — можна доўга працягваць пералік нашага літаратурнага брацтва пачатку 60-х гадоў».
Артур Вольскі, фота савецкіх часоў
З цягам часу Артур Вольскі становіцца сапраўдным аўтарытэтам у беларускай дзіцячай літаратуры. Усяго ён напісаў больш за сорак кніг для дзяцей, шмат займальных твораў у часопісах «Бярозка» і «Вясёлка». Акрамя таго дванаццаць гадоў кіраваў Тэатрам юнага гледача. Былі напісаны п’есы, кінасцэнарыі, пастаўлены спектаклі. Кампазітар Юрый Семяняка паклаў на музыку п’есу-казку «Сцяпан — вялiкi пан», у выніку з’явілася першая беларуская аперэта для дзяцей. Для дарослых чытачоў выдаюцца апавяданні і зборнікі вершаў, дзе паэт адгукаецца на актуальныя тэмы сучаснасці.
Кнігі вершаў Артура Вольскага
«Я веру. Я веру. Я веру...».
Напрыканцы распаду Савецкага Саюза Артур Вольскі, як і большасць жыхароў СССР, знаходзіўся перад няпростым выбарам. Яны даведаліся, што дзяржава ім ілжэ, што савецкая гісторыя наскрозь фальшывая, што няма той краіны, у якую яны верылі з маленства. Свае супярэчлівыя пачуцці паэт выклаў у вершы «Вызваленне душы», напісанным у 1991 годзе: «Я прысягаў на вернасць сцягу, афарбаванаму крывёй. Як укарэлую прысягу нарэшце зняць з душы сваёй?».
Спатрэбіліся вялікія душэўныя намаганіі, каб пераадолець ідэйны крызіс і адшукаць адзінае вернае выйсце. Артура Вольскага выратавала вера ў Беларусь і беларускі народ, у тое, дзеля чаго ён жыў, змагаўся і тварыў. Зразумеўшы гэта, ён даў асабістую клятву:
«Нікому больш не пакланюся,
нікому больш не паклянуся,
апроч святое Беларусі:
у ёй — пачатак і працяг.
З душой прасветлай станаўлюся
пад бел-чырвона-белы сцяг».
Цяпер у яго не засталося сумненняў, што рабіць, згодна з пазнейшай творчай сповяддзю, «мінулае, як сук гнілы, адсекла». Артур Вольскі ўступае ў шэрагі БНФ «Адраджэнне», дзе становіцца старэйшым фронтаўцам і сябрам Сойму БНФ. Ягонай грамадскай актыўнасці хапіла б на некалькі маладзейшых паплечнікаў. Ён дэпутат Партызанскага раённага Савета Мінска. Адзін са стваральнікаў і старшыня Беларускага дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў вайны. Не шкадуе каштоўнага часу для выкладання беларускай літаратуры ў 191-й мінскай школе, каб данесці да рускамоўных вучняў беларускае слова. Не будзе перабольшаннем сказаць, што без такіх сумленных і непахісных адраджэнцаў незалежнасць Беларусі магла і не адбыцца.
Сябры «Беларускага дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў вайны» каля сядзібы БНФ. 1994 г. Артур Вольскі ў першым шэрагу злева ад Зянона Пазняка. Фота: svaboda.org
Пасля 1994 года Артур Вітальевіч быў моцна засмучаны тым, што краіна трапіла ў пастку «саюзнай дзяржавы» і зноў залежыць ад імперскіх амбіцый Расіі. Яго хвалявала і непакоіла наўмыснае насаджэнне камуністычных ідэй і традыцый: «Нават у самых песімістычных уяўленнях я не бачыў вяртання савецкіх сімвалаў». І ўсё ж, хочацца спадзявацца, у апошнія гады яго думкі напоўнены смуткам, але не адчаем. У 2000 годзе ў інтэрв’ю чуваць аптымістычныя ноткі: «Мяне наогул радуе моладзь. Як банальна б гэта ні гучала, веру менавіта ў яе». Падтрымлівала такі настрой і дзейнасць сына Лявона, выдатнага рок-выканаўца, які паспяхова прадстаўляе беларушчыну на музычнай сцэне.
Шукаючы духоўнай моцы, Артур Вольскі прытрымліваўся ўласнага запавету: «Сіла чалавека — гэта сіла жыцця, якая імкнецца не да канца, а заўсёды да свайго працягу». Свой працяг ён бачыў у наступных пакаленнях, у моладдзі, у якую верыў, у юных беларусах, якім старанна выкладаў літаратуру і чытаў вершы. Гэта ўспрымалася як выклік, і наўрад ці выпадкова зграя вылюдкаў сустрэла старога паэта ў восеньскай цемры. Пісьменнік Уладзімір Арлоў паведамляе: «Пасля вечаровага выступу перад школьнікамі Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго не проста жорстка збілі, але і распранулі, пакінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістападаўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку медыкаў, і справакаваў анкалагічнае захворванне...»
Артур Вольскі цяжка хварэў і памёр 5 верасня 2002 года. Нам засталіся яго творы, таленавітыя нашчадкі, непераможная вера ў лепшую будучыню, калі ўспомняць кожнага, хто жыў дзеля Беларусі.
«Я веру.
Я веру.
Я веру,
што ў суднае тое чысло
аддасца паўнюткаю мерай
за ўсё — за дабро і за зло».
В.С., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Дзьве душы. Дзьве радзімы» Лявон Вольскі пра нялёгкі выбар беларусаў