У гадавіну другога абвяшчэння БССР і фактычнай ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР прыгадваем пакручастыя калізіі з нашай гісторыі.
Як і кім была створана беларуска-літоўская дзяржава са сталіцай ў Вільні, ці было ў ёй хоць нешта беларускае і чаму яна была ліквідавана, распавядаем у артыкуле.
Як памятаем са школьнай гісторыі, першае абвяшчэнне Савецкай Беларусі адбылося 1 студзеня 1919 года ў Смаленску, калі Змітром Жылуновічам быў апрылюднены знакаміты «Маніхфэст». Сам дакумент быў створаны яшчэ 29 снежня і зазнаў невялікія праўкі, якія ўнёс персанальна Іосіф Сталін.
Партрэт Змітра Жылуновіча, часопіс “Полымя” №10 за 1928 год
За два дні да гэтага, 27 снежня, быў створаны і зацверджаны першы часовы ўрад ССРБ, які складаўся з двух канкуруючых між сабою плыняў: «нацыянал-камуністаў» і «аблвыкамзахаўцаў». Пры чым першых, гэта значыць беларускіх камуністаў, якія дбалі аб сваім, было меней: восем супраць дзевяці.
Прадстаўнікі Аблвыкамзаху не надта дбалі аб беларускай дзяржаўнасці, бо былі сапраўднымі інтэрнацыяналістамі ды верылі ў тое, што калі не сёння, дык заўтра адбудзецца сусветная пралетарская рэвалюцыя. І любыя дзяржавы, нават самыя фармальныя, як перажытак мінулага проста не будуць патрэбныя. Як, дарэчы, і нацыі...
Ці варта казаць, што прадстаўнікі гэтых двух варагуючых плыняў дабіраліся да Менску, які быў сталіцай новапаўсталай рэспублікі, асобна. Ды і цягам студзеня, пакуль дзейнічаў першы часовы ўрад Савецкай Беларусі, супрацьстаянне «нацыянал-камуністаў» і «аблвыкамзахаўцаў» не спынялася, але хутчэй нарастала.
Яго апагей — І Усебеларускі з’езд саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які адбываўся 2-3 лютага 1919 года. Ад імя ўрада яго працу адкрываў не Зміцер Жылуновіч, які ўсё яшчэ быў старшынёй, але Аляксандр Мяснікоў. Менавіта на тым з’ездзе было ўхвалена выключэнне са складу новай рэспублікі Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскіх губерняў і аб’яднанне таго, што засталося ў яе межах з Літвой у адзіную Літоўска-Беларускую СССР.
Змітру Жылуновічу нават слова не далі на тым з’ездзе, бо гэта было рашэнне нават не Мяснікова, але ЦК РКП (б). Больш за тое, партыйная прэса абрынулася на яго і ягоных паплечнікаў з крытыкай, маўляў, тыя займаюцца стварэннем нейкай «сваёй» беларускай мовы і культуры. Падлілі масла ў агонь і ўдзельнікі з’езда, каторыя заяўлялі, што не разумеюць той мовы, якой друкуе тэксты «Дзянніца» — калі хто не ведае, то гэта газета, якую выдаваў Жылуновіч разам з паплечнікамі. Відавочна, што можна смела канстатаваць хіба адно: камуністы шукалі любых магчымасцяў, каб пазбавіцца ад Жылуновіча і яго каманды, бо тыя не ўпісваліся ў тагачасны мэйнстрым. А ў першых днях лютага яго наолгул прыбяруць з Беларусі — адправяць у Харкаў, працаваць у тамтэйшай газеце «Красная Звезда».
Патрэбна гэта было для таго, каб можна было правярнуць сваю камбінацыю. Ужо 27 лютага 1919 года бальшавікі абвяшчаюць супольную беларуска-літоўскую дзяржаву са сталіцай ў Вільні. Магчыма, прагучыць смешна, але гэта была такая сабе не вельмі ўдалая спроба адрадзіць Вялікае княства Літоўскае ў яго «ленінскім» прачытанні. Спрыяла гэтаму тагачасная геапалітычная сітуацыя, а таксама адсутнасць дастатковай колькасці беларускіх кадраў для стварэння цалкам самастойнай беларускай сацыялістычнай рэспублікі. На чале новага ўтварэння быў прызначаны Вікенцій Міцкявічус-Капсукас, этнічны літовец.
Мапа Літоўска-Беларускай СССР
З гэтай задумы, натуральна, нічога добрага не атрымалася і не магло атрымацца, таму што беларускія і літоўскія камуністы, якія цяпер апынуліся ў адным «чоўне», не мелі нічога супольнага. Аб’ядноўвалі іх хіба што бальшавісцкія ідэі. Але нічога напраўду беларускага або літоўскага ў той Літоўска-Беларускай ССР і блізка не было. Затое былі амаль 18 тысяч чырвонаармейцаў, якія мелі «вартаваць» спакойны сон грамадзянаў новай дзяржавы.
Відаць, менавіта таму і літоўцы ў Коўне, і палякі ў Варшаве ўспрымалі гэтае дзіўнае дзяржаўнае ўтварэнне як частку Савецкай Расіі, яе лагічны працяг. А калі пачалася польска-савецкая вайна, то гэтая беларуска-літоўская савецкая дзяржава проста пасыпалася. У красавіку 1919 года палякі ўзялі Вільню і Гародню, а ў жніўні занялі Мінск. Існаваць пасля гэтага ЛітБелССР працягвала хіба што фармальна.
У траўні-чэрвені 1920 года войска бальшавікоў пачынае паспяховы наступ на польскія пазіцыі. І ўжо 11 ліпеня часткі Чырвонай Арміі займаюць Мінск, адкуль сыходзяць польскія войскі. А на наступны дзень паміж урадамі РСФСР і Літвы заключаецца мірная дамова. Паводле яе Савецкая Расія не проста прызнала «буржуазную» Літву, якая была абвешчана ў лютым 1918 года, але таксама і яе права на Вільню.
Сёння ў Беларусі ды і за яе межамі ўсё часцей прыгадваецца міжваеннае супрацьстаянне паміж Савецкім Саюзам і Польшчай. Як памятаем, у выніку Рыжскага міру, які быў падпісаны ў сакавіку 1921 года, наша краіна аказалася падзеленай на 18 гадоў між двума гэтымі дзяржавамі. Карыстаючыся лексікай Якуба Коласа, можна сказаць, што дзялілі беларускія землі чужаніцы, якія і не надта дбалі аб беларускіх інтарэсах.
Але не многія ведаюць, што ў тую зменлівую і хуткаплынную пару непрацяглы час існавала яшчэ адна мяжа, якая паклікала да жыцця больш заўважныя падзеі. А вось аб іх ведаюць ужо многія беларусы. Гаворка, вядома, аб паўставанні так званай «Сярэдняй Літвы» Люцыяна Жалігоўскага, дзе пэўны час не апошнюю ролю граў і наш Браніслаў Тарашкевіч.
Паводле той мірнай дамовы ад 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія не толькі прызнавала сам факт існавання Літоўскай Рэспублікі, але таксама і яе права на частку беларускіх земляў. Бальшавікі хацелі быць пэўнымі, што ім не давядзецца ваяваць на два франты, таму вырашылі замірыцца з літоўцамі.
Уласна перамовы паміж РСФСР і Літвой пачаліся яшчэ ў траўні. Літоўцы хацелі прызнання незалежнасці Літвы ў яе «этнаграфічных межах» са сталіцай у Вільні. Бальшавікі не пярэчылі праву літоўцаў на «гістарычную сталіцу» ВКЛ, але лічылі іхныя тэрытарыяльныя патрабаванні празмернымі. Таму што нават па мерках маскоўскіх камуністаў Наваградак і Пружаны ў складзе Літвы — гэта ўжо замнога.
Вільня ў 1919-1920 годзе
У выніку той дамовы за літоўцамі прызнавалася права на Віленскі край і частку Гарадзеншчыны. Да іх адыходзілі Гародня, Ліда, Смаргонь і Ашмяны. Права на Вільню пацвердзіла таксама Ліга Нацый у верасні 1920 года. Але з гэтым ніяк не маглі згадзіцца палякі і беларусы. Дзеячы БНР выказаліся рашуча супраць дамовы, а палякі пайшлі далей.
У кастрычніку 1920 года Люцыян Жалігоўскі, які сам быў родам з Ашмяншчыны, са сваім войскам заняў Вільню і абвясціў на тэрыторыі Віленскага края так званую «Сярэднюю Літву». Савецка-літоўская мяжа, вызначаная дамовай 12 ліпеня, рэальна пратрывала ўсяго месяц, а юрыдычна — без малога тры.
Сучасная літоўская мапа, дзе пазначана этнічная літоўская паўднёва-ўсходняя мяжа ў XIII-XVI стагоддзях і мяжа паводле дамовы 1920 года
У ліпені 1920 года, пасля выгнання палякаў з беларускай сталіцы, адбылося паўторнае абвяшчэнне Савецкай Беларусі, але ўжо ў межах былой Мінскай губерні. Пасля гэтага ў БССР пачнуць вяртацца беларускія дзеячы, каб будаваць свой «беларускі дом». Прыездзе Зміцер Жылуновіч, з высылкі павернецца Язэп Дыла, у траўні 1921 года вернецца з Куршчыны Якуб Колас.
Патрэба ў існаванні Літоўска-Беларускай ССР адпала, таму яна і спыніла сваё існаванне. Саветы не хацелі злаваць і правакаваць яшчэ і літоўцаў. Адметна, што ў якасці дня незалежнасці ў міжваеннай Беларусі будзе святкавацца менавіта 11 ліпеня, калі палякаў выгналі з Менску, а не нейкая іншая дата.
Л.Г. budzma.org
Чытайце яшчэ:
Рэспубліка шасці паветаў, ці Аб другім абвяшчэнні ССРБ