Канцэпцыя закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» выклікала абурэнне прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, а таксама свецкіх носьбітаў традыцыйных каштоўнасцяў. Нарэшце сваё слова сказаў прэзідэнт, і ў выніку Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад распрацоўкі гэтага законапраекта. Паглядзім, чаму так атрымалася.
«Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду. Вы можаце не перажываць, і народ няхай не хвалюецца — мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту», — цытуе БЕЛТА зробленую прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам 5 кастрычніка заяву наконт канцэпцыі закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту».
Грамадства спрачаецца, біць або не біць дзяцей
Абмеркаванне ініцыятывы МУС даволі выразна падзяліла грамадства на прыхільнікаў і праціўнікаў, абодва бакі актыўна маніпулявалі эмоцыямі аўдыторыі, але малаімаверна, што большасць удзельнікаў спрэчкі хоць адным вокам зірнула ў 49-старонкавы праект дакумента.
Часцей за ўсё абмеркаванне вылівалася ў спрэчку, ці можна бацькам біць дзяцей за тыя або іншыя правіны (кіраўнік дзяржавы публічна пахваліўся, што біў сваіх дзяцей, прынамсі старэйшага сына Віктара). СМІ таксама выносілі ў загаловак пытанне «біць або не біць». Радзей гаворка ішла пра тое, што закон дасць дзяржаве дадатковыя паўнамоцтвы ўмешвацца ў сямейныя справы і нагоды забіраць дзяцей у прыстойных бацькоў. Тут якраз у друку з’явіліся гісторыі пра несправядлівасць умяшальніцтва дзяржавы, калі, напрыклад, дзяцей забіралі ў беднай сям’і менавіта праз тое, што яна не мела сродкаў на забеспячэнне дзяцей пэўным узроўнем камфорту.
Варта адзначыць, што канцэпцыя закона была скіраваная зусім не на гэтыя аспекты, бо біць дзяцей і дзейнае заканадаўства не дазваляе, а чыноўнікі ўмешваюцца ў сямейныя справы для абароны правоў дзяцей і цяпер. Тым не менш гэта менавіта той фон, на якім з пачатку года ішло абмеркаванне ініцыятывы МУС, і гэта той узровень дыскусіі, якога можна было чакаць ад шырокага грамадства.
Government relations амаль без public relations
Але падобна на тое, што лабісты гэтага нарматыўнага акта зусім не спадзяваліся на такі розгалас сваёй ініцыятывы, а наадварот, спадзяваліся ўсё зрабіць кулуарна. Вось як тлумачыць сітуацыю ў інтэрв’ю TUT.BY старшыня праўлення МГА «Гендарныя перспектывы», член Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Саўміне Беларусі Ірына Альхоўка: «Парадак меркаваўся гэткі: канцэпцыя размешчаная на сайце МУС, яе ж разаслалі членам працоўнай групы і іншым арганізацыям, дзяржаўным і не — для каментарыя. Меркавалася, што пасля таго як усе зацікаўленыя выкажуць свае думкі, дакумент накіруюць у Адміністрацыю прэзідэнта. Даручэнне распрацаваць меры адрасацыі па хатнім гвалце прэзідэнт даў яшчэ ў канцы мінулага года, і вось у красавіку пачалася гэтая праца. Сталі з’яўляцца подпісы, шмат петыцый ад канкрэтных арганізацый — і ў нейкі момант увесь працэс зламаўся. У якім выглядзе дакумент атрымаў прэзідэнт і ці быў ён яму высланы — я не ведаю».
Сайт МУС не чытае шырокае грамадства, якое таксама не наведвае Нацыянальны партал прававой інфармацыі, дзе ўсё ж было абмеркаванне канцэпцыі закона. Уласна кажучы, прыхільнікі гэтай навацыі не падрыхтавалі грамадскую думку, бо выглядала на тое, што без гэтага можна абысціся. Яны працавалі з экспертамі і чыноўнікамі і, магчыма, меркавалі, што залішні шум вакол дакумента не патрэбны, што ён шкодны.
У выніку шум сапраўды пайшоў на шкоду прыняццю канцэпцыі, але гэта быў шум, які ініцыятары дакумента не кантралявалі і якому не маглі супрацьдзейнічаць.
Акрамя таго, рэпутацыя «тэатралаў» з ведамства Шуневіча ў пэўных колах кепская, а менавіта гэтыя людзі ў пагонах будуць бараніць правы ахвяр хатняга гвалту. А тут яны раптам нібыта пераймаюць заходні досвед і збіраюцца абапірацца на «Канвенцыю Савета Еўропы аб прадухіленні і барацьбе з гвалтам у дачыненні жанчын і хатнім гвалтам» (Стамбульская канвенцыя).
Прыхільнікі тэорый змовы адразу знайшлі адказ: гэта ж феміністка Ірына Альхоўка прабівае закон нібыта ў інтарэсах нейкага міжнароднага «гендарнага лобі», у Беларусі будзе ювенальная юстыцыя, за кожны пляскач па руцэ дзяцей будуць забіраць у бацькоў і да т.п.
Аўтарытэтныя галасы супраць
Адна справа – масавая свядомасць, медыяэфекты, а зусім іншая — ідэйнае супрацьстаянне, якое ініцыятары распрацоўкі закона ўбачылі з боку прадстаўнікоў рэлігійных колаў, а таксама аўтарытэтных прававедаў.
Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала яшчэ ў лютым адмоўна выказаўся па гэтай ініцыятыве МУС у інтэрв’ю «Советской Белоруссии»: «…нам не варта слепа капіраваць тое, што адбываецца за мяжой. Бо ў нас сёння ўжо існуюць сур’ёзныя заканадаўчыя магчымасці для адэкватнага ўплыву на розныя сітуацыі, якія складаюцца ў сферы сямейных або службовых адносін. Прадугледжаныя склады злачынстваў па катаванні, прычыненні цялесных пашкоджанняў або сэксуальным прымусе, навошта ж штучна памнажаць гэты прававы арсенал? Не трэба празмерна крыміналізаваць наша грамадства. У Беларусі трэба захоўваць уласны ўклад, менталітэт і паняцці, якія ўжо склаліся, пра ўзаемаадносіны ў сям’і, у тым ліку і пра выхаванне дзяцей».
Каментар старшыні Вярхоўнага Суда стаў званочкам, што адназначнай падтрымкі ўладаў ініцыятыва не мае. Што да словаў пра наяўныя прававыя механізмы для пакарання хатняга агрэсара, то неюрыстам цяжка зразумець, наколькі гэта важкія аргументы. Контраргументаў на аргументы Сукалы для шырокага кола таксама не прагучала. Безумоўна, былі публікацыі з выказваннямі прыхільнікаў новага закона, але не ў «Советской Белоруссии» або на тэлеканалах. Акрамя непараўнальных па выхадзе да масавай аўдыторыі каналах камунікацыі, яны не маглі прадставіць аўтарытэтнага спікера, які б меў такую ж вагу, як старшыня Вярхоўнага Суда.
Між тым аўтары канцэпцыі наўпрост сцвярджаюць, што «ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам… заключэнне пад варту ў якасці меры стрымання выкарыстоўваецца толькі ў дачыненні да асобы, што падазраецца ў здзяйсненні злачынства, за якое законам прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін больш за 2 гады… Пры гэтым больш за 80% «побытавых» крымінальнапакаральных дзеянняў адносяцца да катэгорыі, якая не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі».
І выснова: «дзейнае заканадаўства ў абсалютнай большасці выпадкаў не дазваляе абараніць пацярпелага ад грамадзяніна, які здзейсніў супрацьпраўнае дзеянне». Усё гэта ёсць у 49-старонкавым дакуменце, але да масавай аўдыторыі гэта мусіў данесці аўтарытэтны спікер, якога ў прыхільнікаў закона не знайшлося.
Гендар як камень сутыкнення
А вось у рэлігійных колах асаблівае раздражненне выклікала прысутнасць у распрацаванай канцэпцыі закона гендарнага пачатку. Так, афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з гэтай нагоды патлумачыў, што не супраць асобнага закона аб прадухіленні гвалту, але не пагаджаецца з тэрмінам «гендар», прадстаўленым у канцэпцыі законапраекта, а таксама з некаторымі яго фармулёўкамі адносна абароны правоў дзяцей.
«Паняцце “гендар” і яго вытворныя — гэта канструкт, які праводзіць ідэю “сацыяльнага полу”, адмаўляе стварэнне чалавека як мужчыны і жанчыны (пар. Быц 1, 27) і прадугледжвае “ачышчэнне” ад усіх культурных, рэлігійных і сямейных традыцый пад выглядам барацьбы за раўнапраўнасць», — пракаментаваў пазіцыю касцёла адносна канцэпцыі закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Муж любіў папужаць жонку тым, што вывозіў на балота і пачынаў тапіць» — псіхолаг пра сямейны гвалт
Ён жа перасцярог, што «ўвядзенне ў канцэпцыю тэрмінаў “псіхалагічны гвалт” і “эканамічны гвалт”, а таксама шырокае іх разуменне адкрываюць неабмежаваную прастору для ўмяшання ў сям’ю разнастайных чыноўнікаў».
Аналагічна выказваліся прадстаўнікі каляцаркоўных дабрачынных арганізацый. Восенню зрабілася зразумела, як слушна кажа Альхоўка, што «ўвесь працэс зламаўся», і нарэшце па гэтым пытанні выказаўся Лукашэнка. Прэзідэнт палічыў, што грамадская думка ў бальшыні сваёй супраць канцэпцыі закона, і выкарыстаў нагоду паказаць сябе абаронцам кансерватыўных каштоўнасцяў: «Недзе хтосьці сказаў — аб процідзеянні гвалту ў сям’і. Гэта цяпер модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем’яў не будзе: мужык з мужыком жэніцца або выходзіць замуж. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх пераймаем нейкія нормы паводзін у сям’і».
Высновы
На гэтым этапе лабісты закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» пацярпелі паразу, але наяўнасць праблемы прызнаюць прынамсі праваахоўныя органы. МУС будзе няпроста зноў ініцыяваць такі заканадаўчы працэс, таму, імаверна, будзе зроблена паўза. На год? На два?
Прыхільнікі закона працавалі кулуарна з чыноўнікамі або з аднадумцамі ў грамадзянскай супольнасці і страцілі магчымасць адкрыта дыскутаваць са сваімі праціўнікамі — да таго моманту, пакуль не зрабілася позна. Яны паспрабавалі контратакаваць тады, калі па пытанні выказаўся прэзідэнт, але для чыноўнікаў усё спынілася пасля словаў кіраўніка дзяржавы.
Канцэпцыя «гендару» застаецца чужой для масавай аўдыторыі, маркерам «разбэшчвальнага ўплыву» Захаду. У такой сітуацыі кансерватыўным і антызаходнім сілам прадказальна лёгка аб’ядноўвацца супраць прасоўвання «гендару» ў канцэпцыю закона. У сваю чаргу міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, які мае імідж барацьбіта за традыцыйныя каштоўнасці, наўрад ці мог узняць свой голас у абарону гендарнай роўнасці — гэтага і не адбылося.
Увогуле, лабісты канцэпцыі не здолелі знайсці аўтарытэтных спікераў з апаратнай вагой, якія б маглі публічна бараніць гэтую ініцыятыву. У выніку праект зрабіўся «законнай ахвярай» у апаратных гульнях, а шырокае грамадства ўздыхнула з палёгкай, калі прэзідэнт нібыта абараніў яго ад «гендару» і ювенальнай юстыцыі.
Паўлюк Быкоўскі, budzma.by