Чаму вучаць беларускіх рокераў?

Пакуль расейскі шоў-біз шукае, з каго б “сфабрыкаваць” новых “зорак”, беларускія прадусары спрабуюць давесці да ладу тое, што ўжо ёсць.

З гэтай мэтай восенню 2008 года пачаў дзейнічаць першы музычны навучальны праект пад назвай “Рок-Школа”. Яе заснавальнікамі сталі музычны лэйбл “Беларуская Музычная Альтэрнатыва” і моладзевая ініцыятыва “СтудФармат”.
З больш як паўсотні гуртоў, што даслалі свае песні падчас набору ў Школу, “вучнямі” былі абраныя тры: “Тлуста луста”, “Абшар” і ESPRIT. Сярод “настаўнікаў” – Піт Паўлаў, Раман Арлоў, Вячаслаў Корань ды іншыя.

За чатыры месяцы, якія мінулі з моманту заснавання праекту, шмат чаго паспела адбыцца і працягвае адбывацца. Пра поспехі, недахопы ды перспектывы Рок-Школы расказваюць яе непасрэдныя ўдзельнікі.

Аляксей Лукашэвіч, адзін з арганізатараў Рок-Школы: Мэта – даць штуршок.

– Аляксей, як узнікла ідэя стварыць школу для рок-музыкаў? Якая мэта ў праекта?
– У Беларусі заўжды хапала маладых цікавых гуртоў. Але выбрацца на сцэну, запісацца, раскруціцца па-сапраўднаму ў многіх з іх па розных прычынах не атрымоўвалася. Ідэя дапамагчы такім камандам была даўно, але дакладна ў форму Школы яна аформілася ўвесну 2008 года.
Мэта праекта вельмі простая – даць новым гуртам пэўны штуршок, мажлівасьць папрацаваць з ужо вядомымі музыкамі, набрацца досьведу, палепшыць якасць сваёй музыкі, уменне трымацца на сцэне. Ну і, урэшце, запісаць песню, на што якраз часта не хапае фінансаў.

– Мінула чатыры месяцы, ці задавальняе вас ход падзеяў у праекце?
– Задавальняе тое, што Школа ўсё-ткі працуе. Дзякуючы валантарызму “настаўнікаў”, што згадзіліся папрацаваць з гуртамі без фінансавага інтарэсу, аператарам, якія здымаюць увесь працэс навучання. І, канешне, дзякуючы дырэктару Рок-Школы – Віталю Супрановічу, які не дае раслабляцца. Адбываецца праца настаўнікаў з групамі, запісы песень. Ёсць пэўныя праблемы, затрымкі, але, нягледзячы на іх, сёння мы маем пэўны прадукт – адну запісаную песню і адну песню, праца і запіс якой ужо амаль скончаны. Астатнія пакуль у працэссе.

– Што ў планах?
– Надалей – плануем паспяхова скончыць навучальны год і зрабіць першы выпуск Рок-Школы. Правесці выніковы канцэрт, зрабіць відэа-версію і прадставіць усё на суд слухачам і гледачам. Пакуль яшчэ рана казаць, на якіх дакладна тэлеканалах гэта можна будзе ўбачыць. Зараз ёсць пэўная цікавасць да айчынай музыкі. Ролікі гуртоў, якія не так даўно былі забароненымі, “круцяцца” на Першым музычным, БТ, СТВ, у музыкаў бяруць інтэрв’ю.

Фота generation.by 

Піт Паўлаў, шоў-мэн, гітарыст гурта “НРМ”, прадусар і лідэр гуртоў “Гарацкія” і “Піт Паф”: Рок-Школа дыяметральна процілеглая “Фабрыцы зорак”.

– Піт, ці можна назваць Рок-Школу “беларускай “Фабрыкай зорак”?
– Ні ў якім разе! У жыцці б тады не стаў удзельнічаць у падобным праекце. Скажы мне, ці “адкрыла” “Фабрыка зорак” хоць адзін талент, “зорку” за перыяд свайго існавання? Не цікавілася? “Зорка” – гэта асоба, пра творчасць якой ведаеш, нават калі гэтым не цікавішся. “Фабрыка зорак” адшуквае бязглуздых дзяцей і вучыць іх крыўляцца пад фанаграму, а не спяваць. Мы ж бяром сапраўдныя гурты, якія ўжо склаліся, існуюць і займаюцца творчасцю, і спрабуем іх крышачку прадусаваць, дапамагаць сяброўскімі парадамі. Я кажу “крышачку” таму, што гэта адбываецца выключна сяброўскімі намаганнямі, без прысутнасці нейкага там капіталу. У названых пунктах Рок-Школа дыяметральна процілеглая “Фабрыцы зорак”.

– У якой форме праходзяць заняткі ў Школе?
– Пра Рок-Школу можна сказаць, што маніфест ужо ёсць, але тэхналогіі яшчэ няма. “Вучоба” адбываецца ў форме сяброўскіх гутарак, парадаў. Ды і наўрад ці магчымыя нейкія іншыя формы. Гурт, з якім я працую – “Тлуста луста” – з Гародні. Зразумела, што ў такой сітуацыі “вучоба” мае даволі спецыфічныя сродкі. Мая дзейнасць, да прыкладу, заключалася ў тым, што я дапамог камандзе прэзентаваць свой дэбютны альбом “Блін першы” ў Менску і разам з “Гарацкімі” зладзіў супольны з “Тлустай лустай” канцэрт-прэзентацыю ў Гародні.

– Ці магчыма са з’яўленнем Школы чакаць зменаў у сітуацыі з рок-музыкай?
– Уплывам Рок-Школы можа стаць лёгкае, ледзь заўважнае паляпшэнне сітуацыі з рок- музыкай у краіне, пазбаўленне замкнёнасці і комплексаў, прысутных у пэўнай ступені беларускаму року.
Для таго, каб рок трапіў, так бы мовіць, у “шырокі” эфір, трэба, каб у яго прыйшоў бізнэс, каб людзі зразумелі, што рок-музыкай можна “гандляваць”. Трэба, каб эканамічная сітуацыя змянілася, стала больш спрыяльнай. Тады з’явяцца рок-пляцоўкі, рок-клубы, фестывалі.
Насамрэч, зараз сітуацыя з рок-музыкай у краіне не палепшылася, а наадварот пагоршылася. Прыхільнікаў року хапае. Яны не ходзяць на канцэрты толькі таму, што гэтых канцэртаў, па-сутнасці, няма. Няма музычных пляцовак, дзе маладыя каманды маглі б прэзентаваць сябе. Няма фестываляў і клубаў, дзе старыя гурты маглі б выступаць. Як толькі яны з’явяцца, фанаты адразу ж пойдуць туды, гэта стане модным, рок выйдзе на большую сцэну. Гэта падобна на тое, як зараз модна піць піва. Раней не было модным, і ніхто не піў. Зараз стала модным – і ўсе п’юць.

“Тлуста луста”, “Абшар”, ESPRIT: Пра чаканні, творчасць і перспектывы.

– Чаму вырашылі ўдзельнічаць у праекце “Рок-Школа”?

Кірыл Богуш, лідэр гурта Tlusta Lusta: Для Беларусі ¬- гэта штосьці новае, і нам, як эксперыментатарам-наватарам, цікава было паўдзельнічаць ды пазнаёміцца крыху з беларускім шоў-бізам. Да таго ж, лёгкі піяр не перашкодзіць ніводнаму гурту.

Ілья Паплёўка, гурт “Абшар”: Большасць беларускіх рок-гуртоў адчувае востры недахоп канцэртнай дзейнасці. Для таго, каб вырашыць дадзеную праблему, мы вырашылі паўдзельнічаць у згаданым праекце. Мы проста хочам граць як мага болей!

Марыя Бардашун, вакалістка ESPRIT: Для гурта ESPRIT наспеў час паказаць сябе. Пасля некалькіх год работы ў студыі і плённых рэпетыцый, назапасіўшы цэлую гару матэрыялу, мы адчулі, што ўжо гатовыя паказаць сваю творчасць на суд гледачоў і слухачоў. А тое, што з’явілася такая магчымасць не проста сябе паказаць, але адначасова і павучыцца ў “аксакалаў” беларускага року – гэта, мы лічым, проста неверагодны шанцунак. І яшчэ больш пашанцавала з тым, што нас абралі для далейшай работы. Значыць тое, што мы робім – не дарэмна.

– Ці адпавядае праграма Рок-Школы вашым чаканням? Што падабаецца, а што магло б быць і лепшым?

Кірыл Богуш: Адпавядае амаль на 100%. Падабаецца ўсё, але пры гэтым гэтае ЎСЁ магло б быць і лепшым. Можа, не хапае якойсьці маштабнасці і падтрымкі СМІ?

Ілья Паплёўка: Не, не зусім адпавядае. Майстар-клас па тэкстах мы вымушаныя былі прапусціць па розных прычынах, але ў астатнім сам працэс навучання адсутнічае. Для нас гэта не стала мінусам, аднак назва праекта не адпавядае сутнасці ў поўнай ступені. Акрамя таго, хацелася б, каб арганізацыйныя моманты вырашалі непасрэдна арганізатары, а не ўдзельнікі гурта. На дадзены момант удзел у праекце абмежаваўся для нас запісам песні. Калі першапачаткова так і планавалася, ці трэба было пазіцыянаваць гэта як Рок-Школу? Сярод пазітыўных момантаў: нягледзячы на розныя абставіны, арганізатары дазволілі нам працаваць у студыі столькі, колькі мы хацелі. За гэта шчыра дзякуем.

Марыя Бардашун: Нам хацелася б, каб удзел у праекце Рок-Школа ўключаў не толькі бясплатны запіс на студыі, а таксама навучанне пэўным навыкам прадусавання, шоўмэйкерства і г.д. Вельмі добра ў гэтым сэнсе прайшоў майстар-клас з Міхалам Анемпадыставым – нам расказалі, як правільна пісаць тэксты. Зрэшты, такім ўменнем на інтуітыўным ўзроўні нашая аўтарка тэкстаў валодала, аднак вельмі важнай, як яна кажа, для яе была магчымасць удакладніць і “тэарэтызаваць” свае практычныя веды. З нецярпеннем чакаем наступных “урокаў”.

– Якія веды (уменні), набытыя падчас навучання ў Рок-Школе, вы лічыце найбольш карыснымі?

Кірыл Богуш: Галоўная карысць – гэта набыты вопыт, які мы выкарыстоўваем ужо зараз.

Ілья Паплёўка: Вопыт самастойнай працы на студыі.

Марыя Бардашун: Найбольш карыснымі для нас сталі заняткі з Раманам Арловым. Як чалавек “збоку”, ён дапамог нам па-іншаму ўбачыць аранжыроўкі песень, паказаў, як працаваць над “свежым” трэкам (а яго бачанне гэтага працэсу, як апынулася, адрозніваецца ад нашага). Плюс да гэтага мы ўдасканалілі свае навыкі работы ў студыі над толькі што прыдуманым і яшчэ “неабкатаным” творам.

Над чым зараз ідзе праца? Якія планы? Што з’яўляецца найбольш цяжкім для вас?

Кірыл Богуш: Зараз ідзе падрыхтоўчая праца для запісу песні ў студыі сумесна з Пітам Паўлавым. Плануюцца здымкі відэа-кліпа ў падтрымку нашага альбома “Блін першы”, удзел у трыб’юце гурту “Нейра Дзюбель”, ды яшчэ мы распачынаем працу над новымі хітамі. Цяжкае, але ж і прыемнае для нас – усё гэта дзеянне зарганізаваць.

Ілья Паплёўка: Песня ўжо запісаная, засталося толькі звядзенне.

Марыя Бардашун: Зараз у нас ідзе работа над новымі песнямі, якія можна назваць “новай хваляй” у нашай творчасці. У нас акрэсліўся стыль, мы ўбачылі (у пэўнай ступені, дзякуючы Раману Арлову) новыя варыянты для старых песень і канцэптуальна вызначыліся з гучаннем гурта ESPRIT. Зараз яно больш інды-рокавае, брытанскае.
Плануем неўзабаве выпусціць кліп, запісаць два радыёсінглы. Далей – прамоўшн калектыву, шматлікія канцэрты, удзел у фестывалях, адкрыццё сайту… Адным словам, работа кіпіць.
Найбольш цяжкім на дадзеным этапе для нас з’яўляецца адсутнасць фінансаў на піяр, прамоўшн, недахоп практычных ведаў у гэтай вобласці. Хацелася б вызначыцца і з гукарэжысёрам, з якім будзем працаваць.