Мы прывыклі называць яе каханай Кастуся Каліноўскага, той самай «Марыскай-чарнабровай», якой ён перадаў свой праніклівы ліст з турэмных засценкаў. І пры гэтым часта забываемся, што Марыя Ямант сама была актыўнай удзельніцай паўстання 1863 года, стваральніцай падпольнага жаночага камітэта салідарнасці, чыя кватэра стала штабам рэвалюцыйнай арганізацыі. За сваю дзейнасць Марыя Ямант была сасланая ў ссылку і ўсе 10 гадоў насіла жалобу па каханым. «Салідарнасць» распавядае пра верную паплечніцу і апошняе каханне Кастуся Каліноўскага.
Сям’я, у якой нарадзілася Марыя, была вядомай ва ўсёй Вільні. Яе бацька Тадэвуш меў вышэйшую юрыдычную адукацыю і высокі дзяржаўны чын надворнага дарадцы. Ён кіраваў маёнткамі князя Пятра Сайн-Вітгенштэйна, уласніка колішніх радзівілаўскіх земляў. Маці — Схаластыка, у дзявоцтве Макрыцкая, падарыла мужу чацвёра сыноў і чатыры дачкі.
Сям’я Ямант: злева направа — маці Схаластыка, дочкі Марыя і Алена, бацька Тадэвуш. Фота часоў сібірскай ссылкі.
Сям’я была заможная, і ўсе дзеці атрымалі добрую адукацыю. Марыя скончыла прыватны пансіён у Вільні. Яна валодала некалькімі замежнымі мовамі, добра ведала літаратуру і гісторыю. Адным з яе педагогаў быў вядомы вучоны Аляксандр Здановіч, аўтар шэрагу падручнікаў і бацька яшчэ аднаго паплечніка Каліноўскага — Ігната, павешанага на мураўёўскай шыбеніцы 21 снежня 1863 года.
Трэба сказаць, што практычна ўся сям’я Ямантаў актыўна падтрымлівала ідэі паўстання. А брат Іосіф стаў паплечнікам і аднадумцам Кастуся Каліноўскага, з якім пасябраваў яшчэ падчас навучання ў Пецярбургскім універсітэце.
Дзякуючы яму і адбылося знаёмства Марыі і будучага лідара паўстання.
Яны сустрэліся на пачатку вясны 1861 года. Каліноўскі толькі атрымаў дыплом аб заканчэнні Пецярбургскага ўніверсітэта і прыехаў у Вільню ўладкоўвацца на працу.
Каліноўскі з першага ж візіту ў дом Ямантаў стаў там жаданым госцем. Яго ідэі знайшлі водгук у душы ўсіх дамачадцаў. Але асаблівае ўражанне малады візіцёр зрабіў на 19-гадовую Марыю. Ды і сам ён не бачыў сэнсу хаваць сваіх пачуццяў. Сябры сцвярджалі, што гэта было каханне з першага позірку.
Кастусю Каліноўскаму было 23 гады, калі ён сустрэў 19-гадовую Марыю Ямант. Фота: wikipedia.org
Зрэшты, часта гасцяваць у Ямантаў Каліноўскі не меў магчымасці: ён увесь час быў у раз’ездах, збіраючы па ўсёй Беларусі рэсурсы для будучага паўстання.
Але і Марыя не сядзела склаўшы рукі, чакаючы каханага. 31 ліпеня 1862 года, у гадавіну падпісання Люблінскай уніі, Яманты ў Вільні прынялі ўдзел у маніфестацыі ля Вострай Брамы. Старэйшай сястры Марыі — Людвіку — пасля той маніфестацыі нават прызначылі 30 рублёў штрафу за «нашэнне крыжа і спевы забароненых песень».
У гэты ж час Кастусь Каліноўскі быў у Кейданах на вяселлі сястры яго сяброў Далеўскіх — Апалоніі і капітана расійскага Генштаба Зыгмунда Серакоўскага, які з’яўляўся адным з кіраўнікоў таемнай арганізацыі ў Літве і Беларусі. Відавочна, пад уражаннем ад гэтай урачыстасці, якую пасля назавуць «апошняй мазуркай на Літве», ён і прыняў рашэнне зрабіць прапанову сваёй каханай.
У прысутнасці родных будучы кіраўнік паўстання ўручыў пярсцёнак сваёй нарачонай. Аднак вяселле пакуль адклалі. Брат Каліноўскага Віктар быў сур’ёзна хворы на сухоты, і Кастусь вымушана выехаў да яго ў Якушоўку. Да таго ж неабходна было падрыхтаваць да выдання другі нумар «Мужыцкай праўды».
Толькі праз паўгады закаханыя змогуць быць разам.
Нажаль, надзеі на хуткае вяселле паваліліся з пачаткам паўстання. З чэрвеня 1863 года кватэра Ямантава ў доме Шышкіна на вуліцы Вялікай ператварылася ў сапраўдную штаб-кватэру з нелегальнай друкарняй. Менавіта там Каліноўскі сустракаўся з камісарам Нацыянальнага ўрада ў Варшаве Лявонам Главацкім (братам вялікага польскага пісьменніка Баляслава Пруса) і адстойваў будучую незалежнасць народаў Вялікага княства Літоўскага і перадачу зямлі сялянам.
Марыя ўвесь гэты час усяляк падтрымлівае Кастуся ў ягонай нялёгкай барацьбе. Сумесна з сёстрамі яна арганізуе жаночы камітэт. Яны распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, збіралі ахвяраванні для сем’яў паўстанцаў, разносілі пошту, клапаціліся аб палонных, перадавалі ў астрог ежу, свежую бялізну, гарбату, цукар, тытунь.
Побач з Марыяй заўсёды была яе сястра Людвіка. Менавіта дзякуючы яе ўспамінам і стала вядома пра пачуцці Марыі і Кастуся.
Людвіка Ямант
Апошнія месяцы 1863 г. Каліноўскі пражыў у чаканні арышту. Ні ўгаворы сяброў, ні слёзы на вачах Марыі не маглі прымусіць яго скарыстацца дасланым з Пецярбурга пашпартам на чужое імя і выехаць за мяжу, піша гісторык Васіль Герасімчык у адной са сваіх публікацыяў. Кастусь быў рашуча настроены да канца змагацца за справу, у якую верыў.
Сям’ю Ямантаў паліцыя арыштавала ў тую ж студзеньскую ноч, калі і Каліноўскага. Лідара паўстання паланілі ў былым дамініканскім кляштары, а Марыю — у кляштарных сценах насупраць. У вакно кожны з іх мог бачыць месца зняволення іншага.
У тыя цяжкія часы на дапамогу закаханым прыйшла цётка Марыі — Ядвіга Макрыцкая. Яна праз хабар ахоўніку здолела наладзіць перапіску паміж зняволенымі, успамінаў гісторык Уладзімір Арлоў. У цыдулцы сваёй каханай Каліноўскі пісаў: «Зайздрошчу волі вароны, якую бачу з вакна ў снезе...». Менавіта тады, незадоўга да смерці, Кастусь даслаў сваёй Марысе той самы паэтычны ліст:
Марыська чарнаброва, галубка мая,
Дзе ж падзелася шчасьце і ясна доля твая?
Усё прайшло-прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях заспела...
10 (22) сакавіка 1864 года Кастусь Каліноўскі паводле загаду «крывавага губернатара» Міхаіла Мураўёва быў павешаны на Лукішскай плошчы, паспеўшы напярэдадні перадаць на волю свае «Лісты з-пад шыбеніцы».
Не даравалі і сям’і Ямантаў. Улетку 1864 года Марыя разам з бацькамі і сястрой Аленай былі сасланыя ў Табольск. Усе дзесяць гадоў, што прыйшлося пражыць у сібірскай ссылцы, нарачоная Каліноўскага насіла жалобу.
Кадры з фільма «Кастусь Каліноўскі», знятага ў 1928 годзе
Марыя мужна перанесла сібірскую ссылку і ў 1874 годзе вярнулася на радзіму, адкуль перасялілася ў Варшаву. Толькі пасля таго як памерлі яе бацькі і родная сястра Алена, Марыя пагадзілася на шлюб з былым паўстанцам Генрыхам Дмахоўскім.
Марыі Ямант не стала 3 верасня 1908 года. Доўгі час месца яе пахавання заставалася невядомым шырокай грамадскасці. Толькі 6 лютага 2008 года, яно было знойдзена арганізацыяй «Беларуская нацыянальная памяць».
Магіла Марыі Ямант у Павонзках
Свой апошні прытулак Марыя Ямант знайшла на могілках у Павонзках, там жа, дзе і спачыла Апалонія Серакоўская з роду Далеўскіх — яшчэ адна гераіня паўстання 1863 года.