Моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведала купалаўскія мясціны 30 чэрвеня.
Вандроўнікаў было 10 чалавек, якія пабывалі і ў Акопах, і ў Радашковічах, і нават адпачылі ў Вязынцы.
Вандроўка падзялялася на музейную частку і мемарыяльную. Мемарыяльная – гэта наведванне самога дому, дзе нарадзіўся Я.Купала. Цяпер там запаведнік.
“Інфармацыі было так шмат, што людзі нават не задавалі пытанняў”, – кажа арганізатар Кірыла Сінюціч.
Экскурсаводам была навуковы супрацоўнік Купалаўскага музея ў Мінску Людміла Сцяпанаўна Давыдоўская. Слухачы засталіся вельмі задаволеныя, бо інфармацыя была настолькі ўнікальная, што нават гісторыкі даведаліся шмат новага. Напрыклад, што Караткевіч пачаў і скончыў свой творчы шлях у Вязынцы. А пад ракой Вяча знаходзяцца тры затопленыя вёскі. У адной з іх жылі браты Луцкевічы, старэйшаму з якіх вельмі абавязаны сам Купала. Свае першыя творы ён аддаваў менавіта Івану Луцкевічу.
Вандроўнікі пабывалі і ў Радашковіцкім касцёле, дзе хрысцілі Купалу, і скончылі ўсё адпачынкам у Вязынцы.
Але сюрпрыз усёй вандроўкі – гэта знаёмства з мастаком, скульптарам і паэтам Сяргеем Давыдоўскім. Раней ён быў падпалкоўнікам міліцыі, але пасля 50-годдзя адчуў сябе ў зусім іншым амплуа. Пачаў маляваць, рабіць скульптуры, пісаць вершы. І як таленавіта!
Кірыла Сінюціч кажа: “Мы былі ў захапленні ад гэтага чалавека”.
Вось якія кветкі растуць у купалаўскіх мясцінах.
Тэгі: Акопы, Вязынка, Радашковічы