Экстрэмалы з чатырох краін правялі гульню, каб сабраць грошы сябру, сям’я якога трапіла ў аварыю.
Пра гульню і ідэю яе стварэння раказвае адна з аўтарак — Анастасія Данцова з Пензы:
“Ідэя правесці гульню ў дапамогу сябру, у якога здарылася няшчасце, такую, каб прыцягнуць найбольшую колькасць удзельнікаў, прыйшла ў галаву ПечENьке — Эдуарду Сталярову з Магілёва.
Вырашылі паспрабаваць, паклікалі знаёмых арганізатараў з іншых гарадоў, яны паклікалі сваіх знаёмых, і так сабралася каля 40 гарадоў з 4 краін (Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан).
19 кастрычніка гульня адбылася. 175 каманд у розных гарадах адначасова атрымалі заданні і пачалі віртуальна-рэальнае спаборніцтва. У некаторых гарадах з розных прычынаў гуляла ўсяго 1 каманда, ім, здаецца, было складаней за ўсё, была барацьба з нябачнымі сапернікамі.
Мы не валанцёры, мы хутчэй сябры і не можам застацца ўбаку, ведаючы, што ёсць магчымасць дапамагчы. Думаю, калі б я не была адным з арганізатараў гэтай гульні, а мяне б папрасілі нават проста ўзяць удзел у якасці гульца, то пагадзілася б не разважаючы. Гэта ж выдатна — весела правесці час з сябрамі і яшчэ і дапамагчы чалавеку”.
Арганізатарка з Жытоміра Таццяна Бердычэўская кажа, што “ідэя аб правядзенні такой гульні з’явілася спантанна. Хтосьці з гульцоў ўспомніў, што першы сеанс адначасовай гульні сабраў вельмі шмат каманд, і пры мінімальным унёску агульная сума аказалася вельмі значнай.
Вялікі Дзядзька — вядомая асоба ў праекце. У яго шмат сяброў і знаёмых, якія дапамагалі з першага дня пасля аварыі і працягваюць рэгулярна дапамагаць цяпер. Многія імкнуліся распаўсюдзіць інфармацыю, прыцягнуць як мага больш людзей, гатовых дапамагчы хаця б мінімальнай сумай. Гэтая гульня — таксама свайго роду інфармацыйная акцыя. Мне складана ацэньваць, колькі людзей з амаль 1000 гульцоў і арганізатараў упершыню дзякуючы гульні даведаліся, што нашаму сябру патрэбная дапамога, але на дадзены момант сабраныя сродкі значна перавышаюць суму ўзносаў”.
Беларускія каманды далучыліся да праекта, але можна сказаць, што ў малой колькасці: пяць гарадоў Беларусі сабралі на гэтую гульню толькі 20 камандаў.
Пра гульню ў Гомелі расказвае мясцовы арганізатар Уладзіслаў Сабалеўскі:
“Гульня дзеля дабрачыннасці не можа мець дрэннага боку. Сёння мы дапамагаем аднаму чалавеку з праекта, а заўтра дапамога можа спатрэбіцца і табе. Аўтары ідэі проста малайцы: каб арганізаваць такую гульню, трэба шмат сіл і нерваў”.
Гарадзенскія гульцы кажуць, што коды былі напісаныя так, што іх давялося трохі пашукаць: “Вельмі проста знаходзіліся першыя два, а трэці часцяком быў схаваны”. Таму ніводная з гарадзенскіх камандаў нават не ўвайшла ў першую сотню пераможцаў. “Аднак тут галоўнае была не перамога, а ўдзел у такім вялікім праекце”, — кажуць гарадзенскія гульцы. Кожная з гарадзенскіх камандаў атрымала за гульню прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі
Тэгі: Горадня