Пукст звар’яцеў? Захацеў зарабіць? Пажартаваць? Выйшаў новы неадназначны альбом “От нашего столика” авангарднага сьпевака ў вобразе шансанье Георгія Дабра.
Пукст зьдзяцініўся і звар’яцеў? Гэта першае, што прыходзіць на розум, калі чуеш “Женщину мою”. Ня вытрымаў гэтай сытуацыі адвечнага супрацьстаяньня і звар’яцеў. Той, хто чуў Пукста да моманту зьяўленьня “Дабра”, уразіцца моцна. Анічога не засталося ад дзёрзкага эстэта, які мысьліў у найвышэйшай ступені нешаблённа і выклікаў захапленьне ў менскіх эстэтаў сваім шматзначным душаразьдзіральным крыкам. Ён ператварыўся ў міралюбівага ўкормленага шансанье — роўнага і плоскага, як на першы погляд. І немагчыма слухаць без зубнога скрыгату гэтыя сьпевы пра “хрустальный луч в бокале в ресторанной суете” пад пераліў танных клявішаў і манатонны падклад.
Фота Паліны Шарай
Пукст хоча зарабіць? Без сумневу, у краіне, дзе ў пашане нізкапробны расійскі шансон і моцная настальгія па тым як-раньш-было, такі прадукт мусіць быць запатрабаваны. Вясельлі, рэтра-дыскатэкі, пятнічныя вечары ў кавярні на Аўтазе, уся гэтая бездань яго — Дабра. Праўда, ёсьць рызыка, што выканаўцу раскусяць падчас выкананьня “Lithium” (гл. папярэдні рэліз), і спроба зьліцца з масамі ў такім разе будзе марнай. Яшчэ нефармалам ці інтэлігентам вашывым могуць абазваць як мінімум. Усё ж далёкі ён ад народа, Георгі гэты, хоць і прадукт савецкай эпохі, факт.
У такім разе Пукст жартуе, напэўна, і заняўся кляўнадай? Гэтыя дурныя, цёплыя і мілыя песенькі пра сьлязінкі і сьмяшынкі ёсьць хіба доказам, што таленавітаму творцу падуладныя ўсялякія жанры. Стылістыка альбому ў такім разе вызначаецца вельмі проста — музычная пародыя, ніяк інакш. Праўда ёсьць асьцярога, што артыста прымуць такім усур’ёз, і ён станецца ахвярай свайго ж жарту, як тое было ў выпадку з “Санем” у RockerJoker. Зрэшты, выступ Пукста ў вобразе Дабра на “Слаўбазе” пад шыльдаю “Звёзды шансона” быў бы яшчэ тым арт-пэрформансам.
Па вялікім рахунку, Пукст проста выпрабоўвае слухача на трываласьць. І ў гэтым кантэксьце ўспрыманьня яго новы альбом нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх сольных праграмаў і працаў з PukstBand. Ён па-ранейшаму выклікае і сьмех і сьлёзы, і роспач, і поўнае непрыманьне — толькі цяпер робіць гэта іншым спосабам. З асаблівай цынічнасьцю і жорсткасьцю. Таму ніякае гэта ня рэтра і не настальжы, а дзікунскі, бязьлітасны, шызоідны панк. І гэта цалкам адэкватны і сур’ёзны адказ на ўсю тую пошасьць, якая нас атачае.
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 2
Аздабленьне: 2
Сяргей Будкін