30 верасня ў CHEEV прэм’ера — песня «Мрієшся», якую можна паслухаць на ўсіх папулярных пляцоўках, акрамя яндэкса і ВК. Тым часам яго хіт «Гарно так» сабраў ужо 5,8 мільёнаў праглядаў на ютуб, а таксама завірусіўся ў тыктоку — бо мелодыя сапраўды чапляе і надоўга застаецца ў галаве.
«Нават не ўсе бабруйцы ведаюць, што Уладзь Чыжыкаў нарадзіўся, і да вучобы ў мінскім універсітэце жыў у нашым горадзе», — піша бабруйскі партал 1387.by. А сёння «білорус прославляє українську мову», як напісалі ў каментарах да адной з яго песень, хоць на дэбютным альбоме «Драма» ёсць і чароўны беларускамоўны трэк «Водар».
Фота: фэйсбук CHEEV
CHEEV сам піша тэксты і музыку, і з усмешкай тлумачыць гэта эканоміяй, бо, калі пачынаў кар’еру, набываць трэкі ў сонграйтэраў для яго было вельмі дорага.
Па адукацыі Уладзь Чыжыкаў — выкладчык балгарскай мовы і літаратуры. Але ўвесь час яго вабіла музыка. Таму ён спрабаваў свае сілы ў інстаграм — запісваў каверы на вядомыя хіты, а таксама ў конкурсах — у 2016 і 2018 гадах у складзе гурта «Радиоволна» выходзіў у фінал беларускага адбору на «Еўрабачанне», перамог у намінацыі «Адкрыццё года» на прэміі «Ліра», быў удзельнікам «Акадэміі талентаў» на АНТ і ва ўкраінскім «Х-фактары». Дарэчы, «так» яму сказалі ўсе суддзі — Манацік, Ціна Караль, Дан Балан і Патап. Уладзь абраў настаўнікам Дана Балана. Вось як гэта было:
Кліп, на песню «Гарно так», якая стрэліла ў сэрцы не толькі ўкраінцаў, але і меламанаў ва ўсім свеце, здымала ў Мінску фатографка і кліпмэйкерка Mash Romanovska.
У тыктоку знойдзеце безліч ролікаў, якія аўтары ілюструюць песняй «Гарно так» — сюжэты як кранальныя, так і гумарыстычныя. Сам CHEEV таксама зняў тыкток на свой трэк: «Кажуць, што мая песня папулярная ў ТТ. Зарэгістраваўся, каб спраўдзіць».
За пару дзён да публікацыі прэм’ернай «Мрієшся», Уладзь адказаў у інстаграм на пытанні прыхільнікаў. У яго пыталі, чаму беларус абраў для творчасці ўкраінскую мову: «Калі пачаў пісаць альбом, эксперыментаваў з рознымі мовамі. Але, чамусьці, песні па-ўкраінску ў мяне атрымліваліся найбольш удалымі. У іх было штосьці асаблівае, чаго не было ў іншых. Таму я вырашыў рызыкнуць і выдаць сваю першую песню па-ўкраінску — «Оберігати», — адказаў музыка.
Таксама ён патлумачыў, што ніколі спецыяльна не вывучаў украінскую мову. Дапамагло тое, што ў яго філалагічная адукацыя, і тое, што ён спажываў шмат кантэнту па-ўкраінску. «Праз мае каверы можна прасачыць паступовы прагрэс вымаўлення».
Прэмʼера — працяг песень «Гарно так» і «Ким завгодно». Уладзь расказаў, што на стварэнне трэка яго натхніла канцэпцыя фільма Крыстафера Нолана «Пачатак», пра розныя ўзроўні сноў: «Дзякуючы ім нават у начных кашмарах знаходзіцца лягчэй, чым у рэальнасці».
Уладзь і сёння жыве ў Кіеве, і вельмі балюча перажывае вайну. У інтэрв’ю УНІАН ён расказаў, як даведаўся пра яе пачатак:
«Я быў у Кіеве. Прачнуўшыся, першае, што я пачуў: „Уставай, пачалася вайна“. Гэтая фраза мяне ўзрушыла, але я не запанікаваў. Я проста сачыў за навінамі, часта абнаўляў стужку, абдумваючы свае далейшыя дзеянні. Я жыву на першым паверсе, таму амаль увесь сакавік правёў у падвале. У час кожнай паветранай трывогі спускаўся туды. Мяне накрывала злосць, роспач і, вядома, страх. Гэта не тое, што я хачу памятаць, але гэта будзе цяжка забыць.
Больш за ўсё мне запомнілася, як усе людзі згуртаваліся з першага дня. Гэта сапраўды каштоўна».