22 лістапада паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк з творчым візітам наведалі Чэрвень, дзе првялі дзве літаратурныя сустрэчы: у Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі і Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
“Апошні раз у Чэрвені я быў у 1995 годзе. Тады мяне запрасілі ў Чэрвеньскую бібліятэку з прэзентацыяй майго зборніка паэзіі “Крыло анёла”. Было вельмі прыемна, што і праз пятнаццаць гадоў знайшліся людзі, якія мяне памятаюць і шануюць як паэта і барда. А наогул сёлетнія сустрэчы прайшлі пад зоркай Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча, бо адбываліся напярэдадні іх Днёў народзін. А яшчэ імя Багдановіча згадвалася і таму, што родам з Чэрвеня, а дакладней Ігумена, была маці Максіма – Марыя Апанасаўна Мякота. З найбольшым эмацыянальнальным уздымам прайшла сустрэча ў сценах будаўнічага ліцэя, дзе мы выступалі пераважна перад моладзевай аўдыторыяй. Сустрэча ў біліятэцы, на якую прыйшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Чэрвеня, насіла больш акадэмічны характар. Падчас сустрэч у кніжныя фонды згаданых устаноў былі перададзены васьмітомнікі твораў Васіля Быкава з поўнага збору творчай спадчыны пісьменніка выданнем якога займаецца Саюз беларускіх пісьменнікаў. “, — распавёў Э. Акулін.
Сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
