Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра нечаканую цікавасць замежнікаў да беларускіх футбольных клубаў, якая з’явілася праз глабальную пандэмію.
Каранавірус закрануў ужо амаль усе сферы жыцця на планеце. Аднымі з першых пацярпелі ад абмежавальных мер спартыўныя спаборніцтвы. Цягам некалькіх тыдняў спартыўныя федэрацыі адна за адной спынілі спаборніцтвы па ўсіх відах спорту. У некаторых краінах, напрыклад у Англіі, спрабавалі абмежавацца правядзеннем футбольных матчаў пры пустых трыбунах. Але пасля заражэння некалькіх гульцоў вірусам адмовіліся ад ідэі.
На гэтым фоне ў Беларусі некалькі федэрацый гульнявых відаў таксама прыпынілі спаборніцтвы. Баскетбалісты зусім не гуляюць, гандбалісты і валейбалісты — пры пустых трыбунах. А вось хакейныя і футбольныя розыгрышы працягваюцца ў звычайным фармаце.
Такім чынам, у пэўны момант Беларусь аказалася амаль адзінай краінай, дзе праводзяцца чэмпіянаты па гэтых відах.
На беларускі хакейны плэй-оф першым звярнуў увагу вядомы журналіст з амерыканскага канала ESPN, зрабіўшы бясплатную рэкламу ХК «Шахцёр» з Салігорска. Зроблена гэта было ў жартаўлівай манеры. Але сусветныя спартыўныя інтэрнэт-выданні адразу выбухнулі навінамі пра Беларусь.
Амаль адразу пасля гэтага расійскі тэлеканал «Матч ТВ» і ўкраінскі «Спорт» тэрмінова набылі правы на паказ гульняў вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе.
Цікавасць да беларускіх спаборніцтваў стала заўважнай у сацыяльных сетках. А пасля завяршэння першага тура футбольных спаборніцтваў стала зразумела: яна матэрыялізуецца не толькі ў падвышэнні колькасці праглядаў трансляцый і аглядаў гульняў на Youtube.
Напрыклад, у Facebook некалькі аматараў футбола з Аўстраліі стварылі суполку, прысвечаную ФК «Слуцк», дзе абмяркоўваюць у тым ліку магчымасць набыцця атрыбутыкі каманды.
Бадай ніколі пра Беларусь не пісалі так шмат у сусветнай прэсе, як цяпер — з нагоды адсутнасці каранціну падчас спартыўных спаборніцтваў.
Зразумела, што хваля гэтая доўгі час працягвацца не можа. Большасць зацікаўленых намагаецца ставіцца з гумарам да сітуацыі, якая склалася ў свеце. А тут якраз на вочы трапіўся спорт з невядомай дагэтуль большасці звычайных аматараў футбола і хакея краіны на ўсходзе Еўропы.
Жартоўная вокладка футбольнага сімулятара FIFA 21
Але ёсць моманты, здаецца, на якія варта звярнуць увагу беларускім клубам, турыстычным агенцыям і падобным структурам. Бо любы спорт сёння — гэта і бізнес, і стваральнік іміджу краіны, і сацыяльная з’ява.
Варта вучыцца прасоўваць спорт як элемент адпачынку і стварэння сацыяльных сувязяў
Галоўная праблема, з якой сутыкнуліся аматары спорту з усяго свету, — недастатковасць інфармацыі пра беларускія спаборніцтвы на англійскай мове. Нават з транслітарацыяй узнікаюць цяжкасці. Таму што, напрыклад, на сайце Вікіпедыі ёсць розныя варыянты напісання лацінскімі літарамі назваў беларускіх клубаў. На афіцыйных старонках у інтэрнэце альбо адсутнічае, альбо недастаткова інфармацыі на англійскай.
Шкада, што кіраўніцтва спартклубаў аказалася такім непадрыхтаваным да магчымага інтарэсу з-за мяжы.
Нават у такой складанай сітуацыі каманды маглі б нядрэнна зарабіць на размяшчэнні рэкламных банераў на стадыёнах. У часы, калі кожны матч транслюецца праз сеціва, дамовіцца з рэкламнымі агенцыямі не выклікае складанасцяў.
Некаторыя гледачы з Расіі дзівіліся, што падчас гульні ФК «Слуцк» на вочы траплялася толькі рэклама лакальных вытворцаў, калі ёсць такая добрая нагода зарабіць на попыце з-за мяжы.
Другі варыянт заробку — продаж сувенірнай атрыбутыкі. Безумоўна, беларускія клубы не сусветна вядомыя брэнды, але ўвага з боку аматараў спорту, асабліва з заходніх краін, можа ў выніку вымярацца не адной тысячай у клубнай скарбонцы.
Але з гэтым пакуль таксама праблемы. Аўстралійскія «аматары» ФК «Слуцк» (не здзіўлюся, калі на гэты клуб англамоўныя звярнулі ўвагу дзякуючы транслітарацыі «Slutsk») цікавяцца варыянтамі набыцця футболак клуба і вельмі здзіўляюцца, што адсутнічае магчымасць замовіць дастаўку за некалькі клікаў.
Іншы варыянт атрымання прыбыткаў, які наўпрост звязаны з пазнавальнасцю нашай краіны ў свеце, — турызм спартыўнага кірунку.
Гэтая сфера не вельмі папулярная ў нашым рэгіёне, але мае вялікую гісторыю на захадзе і прыносіць немалыя прыбыткі.
Рэч у тым, што амаль кожны спартыўны клуб на захадзе (нават з найніжэйшых ліг) мае праграмы па прыцягненні аматараў спорту з усяго свету. Дзякуючы так званым квіткам matchday hospitality клубы даюць паслугі па трансферы з аэрапортаў, размяшчэнні ў гатэлях, харчаванні і наведванні трэніровак каманды, спаборніцтваў. У супрацоўніцтве з турыстычнымі фірмамі клубы імкнуцца прадаць як мага больш паслуг спартыўным турыстам.
Такі варыянт адпачынку і заробку даволі папулярны ў заходнім футболе, дзе аматары спорту з’яўляюцца жаданымі кліентамі і крыніцай прыбыткаў нават для каманд з найніжэйшых ліг.
Напрыклад, распаўсюджаныя туры на гульні 10-12 ліг у Англіі для футбольных турыстаў з усёй Еўропы, калі караваны аўтобусаў з аматарамі спорту пераязджаюць ад аднаго да другога вясковага стадыёна, з аднаго матча на другі. Пры гэтым турысты набываюць клубную атрыбутыку, кнігі, часопісы, іншыя сувеніры, смачна харчуюцца ў клубных барах.
Ёсць і аматары «ўсходняй экзотыкі» — не такога камерцыялізаванага спорту, як на Захадзе. Шматлікія мабільныя праграмы, распрацаваныя адмыслова для спартыўных турыстаў, актыўна прадаюць футбольныя і хакейныя туры па ніжэйшых лігах усходнееўрапейскага рэгіёна.
Апошнія 15 гадоў завітваюць такія турыстычныя групы і на беларускія стадыёны. На гульні розных каманд, з розных ліг. Пэўны попыт ёсць, нягледзячы на скаргі на адсутнасць адпаведнай інфраструктуры, да якой заходнія турысты прызвычаіліся на сваіх трыбунах. Беларускія клубы не арыентуюцца на такіх турыстаў. І ўласным аматарам бывае не вельмі проста набыць атрыбутыку і іншыя сувеніры, кульгае і стадыённы сэрвіс.
Сённяшняя сітуацыя з беларускімі спаборніцтвамі — добрая нагода заявіць пра сябе не толькі нашым клубам з перспектывай заробку ў гэтай сферы, але і змяніць стаўленне да ўласных аматараў. Навучыцца прапаноўваць якасныя паслугі.
Варта вучыцца прасоўваць спорт як адпачынак і стварэнне сацыяльных сувязяў. У тым ліку з элементам пазіцыянавання нашай краіны на еўрапейскай мапе.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!