Спорт, а тым больш вялікі спорт, у сучасным свеце перастаў быць толькі матыватарам для актыўнага ладу жыцця, але трасфармаваўся ў бізнес, звязаны з арганізацыяй відовішчаў, якія можна параўнаць з антычнымі.
Ад самага пачатку станаўлення брытанскіх гульнявых відаў спорту апошні быў адбіткам сацыяльных працэсаў, што адбываліся ў грамадстве. Фактычна, камандныя спартыўныя гульні былі працягам гарадскіх традыцый на Брытанскіх выспах. Галоўным лейтматывам гульняў з мячом было (і застаецца) супрацьстаянне вуліц, кварталаў, гарадоў, рэгіёнаў, краін. І як бы ні намагаліся спартыўныя бізнесмены схаваць пад прыгожай абгорткай гэтую (амаль першабытную) сутнасць — яна ўвесь час прабіваецца вонкі.
Можна лічыць, што футбол (ва ўсіх яго відах) супрацьпаставіў сябе масавым забавам з мячом, у якіх бралі ўдзел амаль усе мужчыны — жыхары вуліц-раёнаў.
У адрозненне ад іх, у гульнях, якія можна называць сучасным футболам, бралі ўдзел найлепшыя спартоўцы, матчы праходзілі па абумоўленых правілах. Тыя, хто не трапіў у каманды, мусіў назіраць за матчамі побач з полем і толькі перажываць-падтрымліваць сваіх суседзяў і знаёмых, якія трапілі ў склад. Такім чынам, спаборніцтвы “для ўсіх” трансфармаваліся ў “відовішчы для ўсіх”.
Але нават гледачы на трыбунах працягвалі (і працягваюць) атаясамліваць сябе з пэўнай камандай-клубам.
Унікальнасць спорту яшчэ ў тым, што гульні ўзніклі, як эвалюцыя сацыяльных з’яваў і стварылі новыя. Мясцовыя супольнасці на выспах (а цяпер і па ўсім свеце) звязаныя не толькі па тэрыторыі пражывання, сацыяльных, класавых статусах, але і па атаясамленні з пэўнымі спартыўнымі камандамі. Такія аб’яднанні альбо нефармальныя, альбо афіцыйныя, дзе аб’яднаныя людзі розных узростаў, палітычных поглядаў і г.д.
Нягледзячы на канчатковую камерцыялізацыю спорту і спробы трансфармацыі супольнасцяў прыхільнікаў і фанатаў у так званыя “фан-клубы” (пад кіраўніцтвам не “аўтарытэтаў з трыбун”, а камерцыйных структур, якія ўзялі пад кантроль футбольныя клубы), футбол па-ранейшаму ёсць сацыяльнай з’явай па ўсім свеце, часткай гарадской культуры. Фактычна, у Брытаніі асяродкі заўзятараў нават самых багатых клубаў — гэта контркамерцыйныя супольнасці, якія працягваюць традыцыі клубаў і згуртаванняў фанатаў (што таксама ёсць часткай традыцыі).
На Брытанскіх выспах спартыўныя клубы рабіліся працягам грамадскага жыцця, прадстаўлялі супольнасці ў новай для тых часоў сферы. У Еўропе ў большасці выпадкаў, спартыўныя ініцыятывы былі справай некалькіх дзясяткаў чалавек, які заваёўвалі аўтарытэт сярод грамадства, фактычна стваралі супольнасці вакол сябе, трансфармавалі традыцыйныя, ці дамагаліся права прадстаўляць сацыяльныя, этнічныя ці лакальныя супольнасці.
Згуртаванні прыхільнікаў футбольных клубаў трансфармаваліся з ініцыятыўных груп па стварэнні спартыўных каманд, якія паступова страчвалі свае пазіцыі праз камерцыялізацыю спорту. Клубамі пачыналі кіраваць бізнесмены, якія на пачатковым этапе абапіраліся на такога кшталту згуртаванні, што працягвалі ўплываць на прыхільнікаў. З цягам часу такія супольнасці пераўтварыліся ў пасярэднікаў паміж клубамі і аматарамі каманд, прадстаўляючы іх голас падчас узаемадзеяння з кіраўнікамі-камерсантамі. Вялікай была і застаецца сацыяльная роля такога кшталту супольнасцяў — гэта добраахвотныя “прафсаюзы”, якія аб’ядноўваюць людзей не па прафесійным ці палітычным прынцыпе. Арганізацыя супрацы з клубам, дыялогу, прадстаўленне пазіцыі пры нязгодзе з дзейнасцю кіраўніцтва, лакальная сацыяльная праца з моладдзю, фінансавая дапамога прыхільнікам каманды і клубу ў выпадку патрэбы і г.д.
У сучасным вялікім футболе, дзе клубы — гэта аб’екты інвестыцый, а наведнікі трыбун — адно спажыўцы, роля лакальных супольнасцяў стала мізэрнай.
Але суперклубы — гэта вяршыня айсберга. І былыя традыцыі арганізацыі падтрымкі каманд і ўзаемадзеяння паміж прыхільнікамі захоўваюцца і пашыраюцца ў невялікіх клубах.
Найбольш вядомы прыклад з Англіі — клуб “Уімблдон”, адна з найстарэйшых каманд з Лондана, якая спачатку стала ахвярай сучаснага камерцыяналізаванага падыходу да футбола, а потым — сімвалам супрацьстаяння такім тэндэнцыям.
Пасля таго як у 2002 годзе ўласнікі клуба прадалі зямлю, на якой 90 гадоў размяшчаўся хатні стадыён “Уімблдона”, каманда пачала праводзіць гульні на арэне “Крыстал Пэлас”, а потым і ўвогуле пераехала ў іншы горад.
Пасля гэтага ініцыятыўная група прыхільнікаў каманды заснавала ўласную, аматарскую, якая пачала выступаць у 9-м дывізіёне.
Дзякуючы аматарам “Уімблдона” клуб захаваўся, працягваў развівацца і цяпер выступае ў 3-м дывізіёне, а каманда, якая пераехала, змяніла назву.
Другі прыклад — з Шатландыі: каманда з Эдынбурга Heart of Midlothian. Праз фінансавыя праблемы клуб з больш як 140-гадовай гісторыяй мог знікнуць з прафесійнай футбольнай мапы, але дзякуючы створанаму прыхільнікамі фонду, які выплаціў мільённыя пазыкі, каманда вярнулася ў прэм’ер-лігу.
Зразумела, што толькі футбол не можа настолькі згуртаваць людзей, якія ў “час Х” раптам засноўваюць каманды, ахвяруюць вялікія грошы на захаванне клуба. Гэта вынік шматгадовай працы некалькі пакаленняў прыхільнікаў каманд.
Калі казаць пра Брытанію — там “прыналежнасць да клуба” можна параўноўваць амаль з лакальнай тэрытарыяльнай самасвядомасцю, якую ў маладых людзях пачынае ствараць асяродак яшчэ са школы. Згуртаванні фанатаў зацікаўленыя ў сваіх уплывах і пашырэнні колькасці прыхільнікаў каманд. Безумоўна, у гады распаўсюду “каляфутбольнага хуліганізму” рабіць гэта было прасцей. Пазбаўленая традыцыйных для грамадства арыенціраў, моладзь заўжды прагне бачыць для сябе прыклады — герояў. Футбольныя хуліганы былі няхай і не вельмі станоўчымі, але героямі для пэўнай часткі маладых жыхароў брытанскіх гарадоў. І супольнасці заўзятараў ніколі не цураліся такіх “аматараў футбола” разглядаючы гвалт як частку каляфутбольнай культуры.
Працэсы супрацьпастаўлення новым тэндэнцыям у футболе (камерцыялізацыя, контртрадыцыйнасць, разгляд клубаў у якасці аб’ектаў для інвестыцый) пачаліся яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, што выклікала рост каляфутбольнага гвалту, калі вялікія арганізаваныя групы моладзі перасоўваліся па ўсёй Еўропе за сваімі камандамі з мэтай арганізацыі боек і беспарадкаў.
Гвалт заўжды быў спадарожнікам футбола — як і ўласна жыцця. Трыбуны адлюстроўвалі і працягваюць адлюстроўваць сацыяльныя працэсы і з’яўляюцца зрэзам супольнасцяў. Сёння бойкі ў Брытаніі не такая глабальная з’ява, але арганізаваныя групы працягваюць дзейнічаць, хаця паліцыя таксама ўзмацняе кантроль. Гэта цалкам адлюстроўвае сучасную сітуацыю ў грамадстве.
Але становішча можа кардынальна змяніцца ў залежнасці ад эканамічнай сітуацыі, новых тэндэнцый у спорце, як гэта было ў 70-я.
Аляксей Гайдукевіч