Да 31 траўня ідзе народнае галасаванне за “Кнігу году-2017”, а не так даўно быў абвешчаны склад журы прэміі імя Ежы Гедройца. Абедзве прэміі вельмі прэстыжныя, вакол абедзвюх – шмат інтрыг, скандалаў і крыўдаў. Але ці ёсць істотныя адрозненні? Тлумачыць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай:
“Прэмія Гедройца – гэта прэмія экспертнага журы (якое сёлета складаецца з 7 чалавек, пераважна крытыкаў і літаратуразнаўцаў) за найлепшую празаічную кнігу. У той час як “Кніга году” – гэта прэмія пісьменніцкага журы (а сёлета ў яго склад увайшло аж 100 чалавек), пры гэтым “судзіць” можа кожны пісьменнік і перакладчык на беларускую мову, у якога цягам апошніх 7 гадоў выйшла хаця б адна кніга ў жанрах “мастацкая проза”, “нон-фікшн”, “паэзія” і “эсэістыка”. “Кнігу году” можна ўспрымаць як шырокае апытанне пісьменнікаў, якія самі актыўна ўдзельнічаюць у літаратурным працэсе. Калі ў “Кнізе году” ўдзельнічаюць выданні ўсіх пералічаных вышэй жанраў, то Прэмія Гедройца сфакусаваная на жанрах мастацкай і дакументальнай прозы”.