Гандляры ведаюць лепш за ўсіх, што будзе карыстацца найбольшым попытам у пакупнікоў.

Пачынаем з ёлкі
Рыхтуючыся ўпрыгожыць дом, трэба вызначыць, якім менавіта будзе галоўны элемент – ёлка. Астатнія ўпрыгожванні трэба вытрымліваць у падобным стылі.
Часам пакупнікі ніяк не могуць вызначыцца, якую елку выбраць, і бяруць у адзін пакой адну, у другі – нейкую іншую. Звычайна ў зале ставяць вялікую ёлку, жывую ці штучную, а іншыя пакоі ўпрыгожваюць дэкаратыўнымі.
Яны каштуюць ад 20 да 150 тысяч. За гэтыя грошы вы купіце цэлую навагоднюю кампазіцыю – на галінках розныя упрыгожванні, знізу падарункі. Сярод такіх ёлак ёсць і зусім незвычайныя.
Напрыклад, круглыя ёлкі. Яны не маюць стандартных верхавіны і ствала – уся паверхня, з якога боку іх не разглядаеш, у іголках. Кошт такіх вожыкападобных ёлачак каля 50 тысяч рублёў. Такія атрыбуты лепш выкарыстаць як элемент дэкору ў дадатак да асноўнай ёлкі. Расставіць на палічках, стале, такая незвычайная ёлка будзе выдатна глядзецца на падваконні, таму што зусім невялікая. Да таго ж выглядаюць яны зусім натуральна, і іх не трэба дадаткова ўпрыгожваць.
Конусападобныя ёлкі – знаходка для мінімалістаў. Такія ёлачкі сярэдніх памераў каштуюць каля 40 тысяч. Звычайна яны ўпрыгожаныя пацеркамі. Пераважна белыя, серабрыстыя і залацістыя.
Такія самыя, але ўпрыгожаныя паеткамі, каштуюць за 70 тысяч рублёў, мы заўважылі такую бэзавага колеру.
У васковых дрэўцаў, якія стылізаваныя пад натуральную ёлку, кошт залежыць ад наяўнасці падсветкі. Белая ёлка з падсветкай – 53 тысячы рублёў, зяленая без падсветкі – 39 тысяч рублёў. Асабліва прывабна глядзяцца, калі паставіць іх побач.
Пластмасавыя, невялікіх памераў ёлкі каштуюць ад 55 да 145 тысяч. Практычна заўсёды яны размяшчаюцца ў прыгожых кошыках. Такія ёлкі могуць быць ужо ўпрыгожанымі, звычайна яны зялёнага колеру.
Упрыгожванні для ёлкі
У кожнага года свае тэндэнцыі. Напрыклад, 2012-ы раілі сустракаць, упрыгожыўшы дом чырвоным і залатым колерамі.
А да надыходзячага года варта рыхтаваць цацкі ў сініх, серабрыстых і белых тонах.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на дожджык і мішуру. Сімвал наступнага года, Змяя, любіць усё бліскучае. Добра будзе глядзецца ёлка, упрыгожаная дожджыкам, які нагадвае тоненькіх змеек. Мішуру можна развесіць на вокнах, шторах, сценах. Яна каштуе ад 11 тысяч рублёў да 25 тысяч. Дожджык абыдзецца ў 10-20 тысяч рублёў.
Навагоднія шары – наступны аб’ект ацэнкі. Для 2013 года можна падбіраць і глянцавыя, і матавыя шарыкі, выдатна, калі гэта цацкі падобнага стылю і аднаго колеру. Падыходзяць і званочкі, ледзякі і розныя іншыя фігуркі. Вялікія шары, запакаваныя па шэсць штук, мы бачылі як за 70 тысяч рублёў, так і за 10 тысяч – тут кошт залежыць ад матэрыялу і дэкору. Набор маленькіх шарыкаў – у сярэднім 23-25 тысяч рублёў. Пажадана, каб наверсе ёлкі развесілі шарыкі маленькіх памераў, ніжэй – сярэднія, а ў самым нізе – вялікія шары.
Дададзім святла
Звычайныя гірлянды-лямпачкі каштуюць ад 15 да 50 тысяч у залежнасці ад колькасці лямпачак. Вельмі стыльна глядзяцца манатонныя гірлянды, асабліва актуальныя сёлета сінія.
Рознакаляровыя верхавінкі, як звычайныя, так і ў форме савецкай зоркі, можна набыць ад 6 да 20 тысяч рублёў за штуку.
“Фішкі” ўпрыгожвання
Гэта найперш выявы змяі ў самых розных формах. Цікавыя магніцікі можна набыць за 10-15 тысяч рублёў. Змеі пасяліліся і на сувенірных попельніцах, упрыгожваннях.
Анёлы – гэта калядныя сімвалы, але актуальныя і ў чароўную навагоднюю ноч. Сувеніры з іх выявамі можна набыць прыкладна за 20-60 тысяч рублёў. Яны бываюць з анучак ці пруцікаў.
Для стварэння рамантычнай атмасферы выдатна падыдуць шары, якія свецяцца рознымі колерамі. Яны каштуюць каля 60 тысяч рублёў.
Набываючы ўпрыгожванні, памятайце, што не ўсе з іх змогуць радаваць вас больш за некалькі дзён. Таму, магчыма, часам варта аддаваць перавагу таму, што можа аздабляць дом і не губляць актуальнасці на працягу ўсяго года.
Дар’я Спевак, rh.by