Слуцкі Збройны Чын: прычыны, падзеі і вынікі

27.11.2022 Гісторыя

102 гады таму распачалося Слуцкае паўстанне. Што гэта была за падзея? Ці была ідэйная падаплёка ў паўстання? Як дзейнічалі бальшавікі ў гэтай «спецаперацыі» і чым скончылася паўстанне? Budzma.org коратка і зразумела тлумачыць ход і падзеі Збройнага Чыну.


Хто і чаму паўстаў?

Большая частка паўстанцаў былі з сялян, а ўзначальвалі іх прадстаўнікі інтэлігенцыі і афіцэры. У сусветнай гісторыі сяляне заўсёды паўставалі, калі ўзнікала пытанне, звязанае з аграрнай палітыкай. Палітыка ваеннага камунізму з продразвёрсткамі іх расчаравала, ну хто ж захоча сам аддаваць апошні кусок хлеба і карову на патрэбы войска?! Да таго ж слуцкія сяляне за часы грамадзянскай вайны сілком захапілі землі буйных мясцовых землеўладальнікаў, якія дзяржава патрабавала сабе. Прымусовая мабілізацыя ў войска і ўдзел у незразумелай сялянам вайне толькі падаграваў сітуацыю.

Ці была ідэйная падаплёка ў паўстання?

Яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя на Случчыне з’явілася вялікая і актыўная суполка сацыялістаў, што стаялі на беларускіх нацыянальных пазіцыях. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года былі заснаваныя патрыятычныя моладзевыя гурткі «Папараць-кветка» і «Зарніца», а ў мясцовай гімназіі выкладалі беларускую мову і гісторыю ў нацыянальным кірунку.

Які кіраўнічы орган быў на Случчыне?

Пасля абвяшчэння БНР у 1918 годзе ў Слуцку пачаў дзейнічаць Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Паўлам Жаўрыдам. БНК уяўляў сабой палітычны орган, які прэтэндаваў на атрыманне ўлады ў рэгіёне. Але бальшавікі, як толькі занялі рэгіён, ліквідавалі камітэт. Жаўрыд потым стаў на чале слуцкіх паўстанцаў.

Paviel_Žaŭryd.jpg

Павел Жаўрыд

Як распачалося паўстанне?

Пасля падпісання «Рыжскага міру» ў сакавіку 1921 года Беларусь была падзеленая на дзве часткі Польшчаю і Савецкай Расіяй. Пазіцыя беларусаў на перамовах па перамір’ю не была выслуханая. Па ўмовах дамовы палякі павінны былі адступіць са Случчыны, а туды ўвайсці бальшавікі. Але палякі перад адводам войскаў перадалі ўладу Беларускаму нацыянальнаму камітэту. У горадзе адразу вывеселі нацыянальныя сцягі, абралі органы самакіравання і пастанавілі сабраць агульны з’езд Случчыны.

Што адбывалася на з’ездзе?

З 14 па 15 лістапада 1920 года быў праведзены агульны з’езд у Слуцку. На яго з’явіліся 107 дэлегатаў ад гараджан і 25 дэлегатаў з павятовых земляў. З’езд пастанавіў, што ўлада на Случчыне належыць БНР, прызнавалася рэспубліка ў сваіх этнаграфічных межах. Дэлегатам было зразумела, што набліжаецца бальшавіцкая навала і без бою не абыдзецца, таму вырашана было правесці мабілізацыю. Слуцкая рада ўзяла на сябе функцыі часовага ўрада на чале з Уладзімірам Пракулевічам.

Якая ваенная сіла была ў случчакоў?

У сакавіку 1917 года была створаная мясцовая міліцыя, кіраўнічыя пазіцыі ў ёй займалі нацыянальна-арыентаваныя дзеячы. У 1920 годзе міліцыя стала аснаўной сілай паўстання.


Пасля з’езду ваенная «тройка» на чале з Паўлам Жаўрыдам адправілася па Случчыне агітаваць сялян да вайсковага змагання. За тры дні атрымалася сфармаваць 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР. У ёй было каля 4 тысяч чалавек і яшчэ 6 тысяч было ў рэзерве. Усе афіцэры вайсковай адзінкі мелі баявы досвед часоў І Сусветнай вайны.

Sciag_1_Sluckaha_palka.jpg

З якой праблемай сутыкнуліся стваральнікі войска?

Быў сур’ёзны недахоп зброі. У паўстанцаў было ўсяго 500 вінтовак. Яшчэ 300 вінтовак ім далі польскія ўлады, але пазней аказалася, што большасць з іх былі зламаныя. Зброю давялося даставаць у баях.

Калі пайшлі палякі і прыйшлі бальшавікі?

Палякі пакінулі горад 24 лістапада. Да вечара таго ж дня штаб 1-й Слуцкай брыгады таксама перамясціўся ў вёску Семежава, якая знаходзілася ў нейтральнай зоне. Туды, па ўмовах Рыжскага перамір’я, не павінны былі заходзіць савецкія войскі. Бальшавікі занялі Слуцк толькі 29 лістапада 1920 года.

600px-Caricature_for_Riga_Peace_1921.png

Калі адбыўся першы бой?

Першае сутыкненне са Слуцкай брыгадай адбылося 27 лістапада 1920 года, калі байцы 1-га Слуцкага палка здзейснілі налёт на 8-ую дывізію бальшавіцкіх войскаў. Таму дадзеная дата і лічыцца пачаткам Слуцкага Збройнага Чыну. У наступныя дні атакі з нейтральнай зоны на ворага працягваліся.

Ці паспяховымі былі атакі случчакоў?

Першапачаткова случчакі наносілі страты бальшавікам, бралі палонных і адбівалі некаторыя населеныя пункты. Часовае кіраўніцтва Случчыны заклікала бальшавікоў пераходзіць на бок Збройнага чыну.

Шмат мабілізованых рускіх, што былі незадаволеныя палітыкай бальшавікоў, пераходзілі на бок случчакоў. Бальшавіцкае кіраўніцтва з гэтай прычыны пачало душыць паўстанне вайсковымі адзінкамі латышоў і кітайцаў.

ФОТО_ПЛАКАТ.jpg

У снежні ў случчакоў было каля 2 тысяч вінтовак і 10 трафейных кулямётаў.

Калі адбыўся пералом?

У пачатку снежня сярод камандавання Збройнага Чыну выявілася здрада. Здраднікам аказаўся Павел Чайка, камандзір 1-га Слуцкага палка. Ён перадаў ворагу ліст з апісаннем беларускага вайсковага фарміравання. Ён быў арыштаваны, але збег з-пад варты да бальшавікоў, дзе праз пару дзён быў расстраляны за здраду дзяржаве.

Затым з дазволу польскага боку бальшавікі зайшлі ў нейтральную зону для правядзенне спецыяльнай вайсковай аперацыі па зачыстцы мясцовасці ад беларускіх ваяроў.

Як дзейнічалі бальшавікі ў гэтай «спецаперацыі»?

Першапачаткова поспеху было мала, бо абаронцам Случчыны аддана дапамагалі мясцовыя. Тады бальшавікі пачалі рэпрэсіі супраць мясцовага насельніцтва. Слуцкія сяляне высылаліся цэлымі вёскамі ўглыб Расіі.

Як і калі скончылася паўстанне случчакоў?

Тэрор, вялікая вайсковая сіла, недахоп зброі змусілі 28 снежня скончыць Слуцкі Збройны Чын. Беларускія ваяры перайшлі нейтральную зону і здаліся палякам.

Двух прадстаўнікоў з кіраўніцтва Збройнага Чыну Анастаса Анцыповіча і Ахрэма Гаўрыловіча палякі патаемна выдалі бальшавікам. Там іх расстралялі. Шараговых вайскоўцаў трымалі ў турме ў Беластоку да вясны 1921 года. Тых, хто вярнуўся на Случчыну, забілі або арыштавалі і выслалі ў Сібір праз 8 месяцаў прадстаўнікі ДПУ.

Чытайце па тэме: Слуцкая брыгада супраць Чырвонай арміі 

Алесь Масевіч, budzma.org