Трэцяя частка тэксту гісторыка Андрэя Блінца на budzma.by да сотых угодкаў Слуцкага паўстання.
Слуцкая брыгада супраць Чырвонай арміі. Пачатак
Слуцкая брыгада супраць Чырвонай арміі. Працяг
Апошнія дні Слуцкай брыгады
Выкарыстоўваючы часовую перадышку, камандзір брыгады Антон Сокал-Кутылоўскі рыхтаваў яе да новых баёў. Як і большасць удзельнікаў збройнага чыну, ён не быў кадравым афіцэрам. Да вайны працаваў тэхнікам-будаўніком і толькі ў 1915 г. скончыў ваеннае вучылішча. Служыў у Рускай імператарскай арміі і ў Дзянікіна. Два месяцы правёў у шэрагах Чырвонай арміі пры Слуцкім ваенным камісарыяце, адкуль дэзерціраваў, пасля чаго камандаваў ротай у Юдзеніча. У Слуцкую брыгаду капітан Кутылоўскі прыйшоў добраахвотнікам. Спачатку камандаваў батальёнам, а неўзабаве быў прызначаны камандзірам злучэння з надзяленнем “часова дыктатарскімі паўнамоцтвамі”. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на забеспячэнне зброяй. Ад палякаў былі атрыманыя 2 вазы вінтовак і 4 вазы патронаў, з арміі Булак-Балаховіча перадалі некалькі соцень вінтовак і кулямёты, штосьці здабывалі ў баявых акцыях. Агулам да сярэдзіны снежня ў брыгадзе было каля 2000 вінтовак і 10 кулямётаў.
15 снежня камандаванне і Рада пераехалі ў аддаленую ад асноўных дарог вёску Морач. 2-і Грозаўскі полк размясціўся ў яе ваколіцах, 1-ы Слуцкі рыхтаваўся да наступлення. 17 снежня батальён пад камандаваннем паручніка Залескага заняў Семежава. Найбольш значнымі трафеямі сталі: кулямёт “Максім”, 7 вінтовак, 5000 патронаў і палявая кухня. На наступны дзень паручнік Бранавіцкі, маючы ў сваім распараджэнні ад 100 да 500 штыкоў, атакаваў Вызну і выбіў адтуль чырвоных. Пры гэтым былі захопленыя мясцовыя савецкія актывісты: следчы, суддзя, валасны ваенны камісар, справавод ваенкамата і шасцёра міліцыянераў. Іх канваіравалі ў Морач, але чацвёра міліцыянераў датуль не дайшлі (ці былі забітыя па дарозе, ці збеглі, невядома). Астатніх пасля хуткага суда расстралялі на ўскрайку вёскі. Даследчыца Ніна Стужынская пісала: “Былі гэта людзі не мясцовыя, яны прыйшлі здалёк, некаторы час уладарылі ў Вызне па загадзе камандавання Чырвонай арміі”. Не ведаю наконт міліцыянераў, але астатнія былі якраз мясцовымі, ураджэнцамі Случчыны, з Вызны, Круговічаў, Мервінаў. У 1919 г. яны ўсталёўвалі ў родных мясцінах савецкую ўладу. Потым было адступленне, праца на Смаленшчыне, вяртанне і… расстрэл. Ужо пасля адыходу брыгады з Морачы сяляне папрасілі мясцовага святара належным чынам пахаваць забітых, целы якіх так і ляжалі пры дарозе. Той адмовіўся. Напэўна, успомніў, як, усталёўваючы новы лад, такія вось актывісты некалі запрэглі яго ў санкі і ганялі туды-сюды па сяле на вачах у прыхаджан.
Адначасова з пачаткам наступлення Найвышэйшая Рада прызначыла маёра Андрэя Якубецкага галоўным камендантам войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Апошні выдатна ўсведамляў, што пасада гэтая ў значнай ступені дэкларатыўная, а ўсе наяўныя войскі БНР сканцэнтраваныя ў невялікім трохкутніку Морач – Семежава – Вызна, але падпарадкаваўся палітычнаму разліку. 19 снежня галоўны камендант выдаў Загад №1 да ўсіх афіцэраў і жаўнераў, у якім абяцаў весці войскі “вызваляць Бацькаўшчыну з-пад ярма чужынцаў” і не спыняць змагання, “пакуль жыхар Беларусі не зробіцца праўдзівым гаспадаром сваёй зямлі”. Па іроніі лёсу, менавіта ў гэты самы дзень прадвызначылася параза паўстання.
19 снежня распачаўся ўпарты бой за Вызну. На случчакоў рушылі аддзелы 69-га палка 8-й дывізіі. Цягам пяці гадзін мястэчка чатыры разы пераходзіла з рук у рукі. Толькі пасля таго, як чырвоныя ўвялі рэзервы і спалілі млыны, дзе стаялі кулямётныя разлікі случчакоў, што прастрэльвалі падыходы да Вызны, вынік бою зрабіўся відавочным. Беларусам давялося адступаць. У той самы дзень супраць брыгады былі накіраваныя аддзелы 68-га стралковага палка, а на Семежава рушылі браневікі.
У ноч з 19 на 20 снежня беларускія аддзелы адступілі да Морачы. Чуткі перабольшвалі сілы праціўніка ў некалькі разоў. Гаварылі пра падыход да чырвоных падмацаванняў – кавалерыйскага палка і каўказскіх атрадаў. У войску назіралася падзенне дысцыпліны і прыкметы панікі. Частка жаўнераў пачала пакідаць роты і батальёны. 20 снежня штаб быў перанесены ў Заастравечча.
Тут чарговы раз выбухнуў канфлікт паміж дзвюма групоўкамі ў кіраўніцтве: “палітыкамі” і “афіцэрамі”. Канфлікт гэты цягнуўся яшчэ са з’езда Случчыны. Ён то сцішваўся, то абвастраўся, але ніколі не затухаў. “Палітыкі” – прадстаўнікі беларускай партыі эсэраў – лічылі, што варта абмежавацца ўзброенай дэманстрацыяй і ўстрымацца ад разгортвання поўнамаштабнай барацьбы. Каб узгадніць пазіцыю з эсэраўскім кіраўніцтвам у Мінску, туды была накіраваная сувязная Люба Зянкевіч. Але цэнтр ухіліўся ад кантактаў з паўстанцамі. Відавочна, што для эсэраў савецкая ўлада была ідэйна больш блізкай, чым “польскія паны”. Іначай думала большасць афіцэраў, якія прыйшлі ў брыгаду. Яны былі гатовыя да рашучых дзеянняў пры падтрымцы Польшчы і Булак-Булаховіча. Хаця апошні і пацярпеў паразу, яго войска было непараўнальна лепш узброенае, а сярод жаўнераў і афіцэраў хапала людзей, гатовых працягнуць змаганне за Беларусь. З іх быў сфарміраваны асобны батальён, які капітан Мікола Дзямідаў вёў на дапамогу случчакам. Але аб’яднання дзвюх сілаў не адбылося. Для некаторых сяброў Рады саюз з Балаховічам быў больш небяспечны, чым адступленне перад бальшавікамі.
У Заастравеччы афіцэры адкрыта абвінавацілі Раду ў няздольнасці кіраваць выступленнем і пагражалі арыштаваць яе сяброў. Ва ўмовах расколу нельга было і думаць пра працяг далейшай барацьбы. Пачалася падрыхтоўка да ліквідацыі брыгады, як баявой адзінкі. Трэба падкрэсліць: брыгада не была разбітая, яна распалася ў выніку ўнутраных супярэчнасцяў. Некалькі дзён, з 28 па 31 снежня, беларускія аддзелы пераходзілі Лань, на правым беразе якой іх раззбройвалі палякі. Усяго зброю склала каля 1500 жаўнераў.
1 студзеня 1921 г. маёр А. Якубецкі падпісаў свой другі і апошні загад. За баявыя заслугі падпаручнікі Іпаліт Бранавіцкі, Нікадзім Кернажыцкі, Янка Копец, Якуб Сямашка, Павел Яновіч атрымалі чын паручніка. Паручнік Аляксандр Мірановіч быў павышаны да ротмістра. Паручнікі Язэп Багушэвіч, Павел Бранавіцкі, Янка Залескі, Анастас Кахановіч, Адам Курыловіч сталі капітанамі. Вось толькі войска, у якім яны маглі б працягваць службу, больш не было.
У першыя дні новага года частка жаўнераў 1-й Слуцкай брыгады разам з А. Сокал-Кутылоўскім апынулася ў лагеры інтэрніраваных у Беластоку. Але значна больш было тых, хто затрымаўся ў прыгранічнай паласе, у ваколіцах Клецка і Нясвіжа. У некаторых тут былі сем’і і гаспадаркі, кагосьці прытулілі сваякі, многія ўступілі ў т.зв. “беларускія рабочыя каманды”. Яны былі створаныя для разнастайных работ кшталту рамонту дарог, будаўніцтва мастоў і г.д. У гэтых камандах аказаліся як былыя случчакі, так і балахоўцы і дэзерціры з Чырвонай арміі. Найбольш актыўную іх частку неўзабаве пачалі выкарыстоўваць для дыверсійнай дзейнасці. Паведамленні савецкіх органаў за першыя месяцы 1921 г. зноў гавораць пра напады аддзелаў Беларускай Рады на Макраны, Семежава, Вызну, Капыль, акцыі ў ваколіцах Слуцка. Але гэта ўжо іншая старонка гісторыі.
Ацэнкі і спрэчкі
Спрэчкі вакол падзей на Случчыне не сціхаюць вось ужо сто гадоў. Няма адзінай думкі нават адносна тэрміналогіі. Часта ўжываны тэрмін “Слуцкае паўстанне” не зусім слушны. Паўстанне прадугледжвае выступленне супраць існуючай улады. А на Случчыне, на момант калі пачаліся вышэйапісаныя падзеі, савецкая ўлада яшчэ не ўсталявалася. Тэрмін “Слуцкі фронт БНР” таксама не вельмі ўдалы. Адзінай лініі фронту тут не існавала, усё звялося да разрозненых сутыкненняў. Таму найбольш адпаведным падаецца вызначэнне “Слуцкі збройны чын”.
Савецкія гісторыкі доўгі час трактавалі яго як спробу “кулацкого мятежа”. Сцвярджалася, што ўсё звялося да ўзброенай дэманстрацыі, падчас якой не было ні забітых, ні параненых. Дзіўна, але такую ж ацэнку даюць тым падзеям і некаторыя гісторыкі незалежнай Беларусі! Пры гэтым цытуюць словы, сказаныя былым камандзірам брыгады А. Сокал-Кутылоўскім: “Калі нам стала вядома, што Чырвоная армія, згодна з умовамі дагавора аб перамір’і, пачала набліжацца да дэмаркацыйнай лініі, брыгада, услед за польскімі войскамі, пачала адыходзіць на захад на вялікай адлегласці ад савецкіх войскаў. Сутычак з Чырвонай арміяй не было, ні з аднаго, ні з другога бакоў не было зроблена ні аднаго выстралу… Я аддаў загад адступаць за раку Морач, не чакаючы набліжэння Чырвонай арміі, каб не ўступаць з ёй у сутычку. За ракой Морач, якая стала польска-савецкай мяжой, наша брыгада склала зброю і была інтэрніравана”.
Гэтыя словы Кутылоўскага сапраўды былі надрукаваныя ў 1959 г. у савецкай газеце “За вяртанне на Радзіму”, якую адмыслова выдавалі для распаўсюджвання ў эміграцыйных асяродках. Гаварыў ён сам ці гэта зрабіў за яго карэспандэнт, невядома. У любым разе не верыцца, каб пасля 10 гадоў турмаў і лагераў былы случчак быў шчырым перад прадстаўніком савецкага агітацыйнага лістка і гаварыў не тое, што ад яго хацелі пачуць. Калі паверыць гэтаму прызнанню, то куды падзець шматлікія сведчанні савецкіх крыніц пра ўзброеныя сутыкненні паміж Капылём і Вызнай у канцы 1920 г.?
Часам слуцкія падзеі трактуюць выключна як эпізод польскай знешняй палітыкі. Маўляў, збройнае выступленне было цалкам інспіраванае зарубежными кукловодами
Генеральным штабам у Варшаве, а беларусы выступілі несвядомымі выканаўцамі. Безумоўна, палякі мелі свой інтарэс. Але ў аналітычнай працы “Кароткі нарыс беларускага руху”, падрыхтаванай разведвальным аддзелам польскага Генштаба для ўнутранага карыстання наўпрост сказана: “Паўстанне Слуцкага павета было першым самастойным выступленнем беларусаў у барацьбе за нацыянальную незалежнасць”. Яго ўдзельнікі пазней прыгадвалі, што атрымалі ад палякаў толькі некалькі соцень вінтовак і тры палявыя кухні. Ніякай іншай дапамогі не дачакаліся.
З іншага боку часта пераважае дэкларатыўны пафас. І тады расказваюць, як бальшавікі кідалі на пазіцыі 10-тысячнай беларускай нацыянальнай арміі адмысловыя кітайскія і латышскія аддзелы, таму што звычайныя палкі чырвоных не маглі даць рады случчакам.
Як бы там ні было, падзеі на Случчыне сталі ўнікальнай з’явай у гісторыі 1917–1920 гг. Яны далі прыклад арганізацыі і змагання беларусаў за ўласныя інтарэсы, нарадзілі новых герояў і пакінулі па сабе памяць на доўгія гады.
Андрэй Блінец, budzma.by
Літаратура
1. Батиевский, В. Марки Временной Рады Слутчины БНР // Филателия – апрель 2007. – с. 45–47.
2. Забалзаеў, А. Як я падаўляў Слуцкае паўстанне // Беларускі рэзыстанс – 2004. – № 1. – с. 84–85.
3. Ігнаценка, І. Падзеі Грамадзянскай вайны ў Беларусі // Гісторыя Беларусі ў 6 тамах – Том 5. Беларусь у 1917–1945 гг. – Мінск : Экаперспектыва, 2006.
4. Карпус, З., Рэзмер, В. Слуцкае паўстанне 1920 г. у святле польскіх вайсковых матэрыялаў // Архэ-пачатак – 2018. – № 3. – с. 28–38.
5. Латышонак, А. Беларускія вайсковыя фармаванні: 1917–1923 гады / Латышонак, А. Жаўнеры БНР – Беласток–Вільня : БГТ – Інстытут беларусікі, 2009.
6. Слуцкі збройны чын у дакументах і ўспамінах / укл. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк. – Мінск : Медысонт, 2006.
7. Стужынская, Н. Беларусь мяцежная. З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву. 20-я гады ХХ стагоддзя. – Вільня, 2000.
8.Як судзілі А нтона Сокал-Кутылоўскага – Берасце, 2000.