Ініцыятарка кампаніі #СЗЧ100 да сотага юбілею Слуцкага паўстаньня супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі Аліна Нагорная атрымала адказы на тры звароты пра ўшанаваньне паўстанцаў ад намесьніцы старшыні Слуцкага райвыканкаму Натальлі Чарнушэвіч — піша Свабода.
Аліна Нагорная лічыць, што райвыканкам «як заўжды, адстае ад жыцьця і ня ведае, што яго адказы разыходзяцца зь лініяй партыі». Яна згадвае, што нядаўна «Беларусьфільм» апублікаваў абноўленую стужку «На чорных лядах», прысьвечаную Слуцкаму ўзброенаму супраціву. Акрамя таго, некаторыя іншыя выканкамы плянуюць рознымі шляхамі адзначыць стагодзьдзе паўстаньня.
Нагорная не пагаджаецца з тым, што тэма паўстаньня слаба дасьледаваная — да зваротаў яна прыкладвала сьпіс літаратуры, апублікаванай нягледзячы на недасяжнасьць для навукоўцаў большасьці архіўных матэрыялаў на тэму паўстаньня.
«Таксама сьмешна, што дошка пра зьезд Часовай Рады Случчыны, будзе „неадназначна ўспрымацца ў грамадзтве“, — дадае Нагорная. — Мне цікава, наколькі адназначна ўспрымаецца ў грамадзтве, напрыклад, помнік да стагодзьдзя слуцкай міліцыі, якая, замест таго, каб займацца правапарушэньнямі, затрымлівае арганізатараў канцэртаў і блогераў. Як успрымаецца алея „перадавікоў“ зь імёнамі людзей, якія быццам бы разьвіваюць рэгіён, і „галава“-ўваход у дзіцячы садок, якая пужае ня толькі дзяцей, але і дарослых».
Яна дадае, што літоўскія і эстонскія дэпутаты прасілі яе паказаць адказы з райвыканкаму, бо ня верылі, што такое магчыма, а бургамістар аднаго з польскіх гарадоў прапаноўваў нават паставіць помнік слуцкім героям у Польшчы.