Аснову кніжнага фонду чытальнай залы складае калекцыя з 559 кніг, перададзеных у музей Факультэтам прыкладной лінгвістыкі (Wydział Lingwistyki Stosowanej) Варшаўскага ўніверсітэта.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
Гэта акадэмічныя выданні, класічныя і сучасныя творы беларускіх аўтараў, кнігі па гісторыі, культуры, лінгвістыцы, фальклору, а таксама кнігі для дзяцей і падлеткаў. Сярод іх рэдкія і каштоўныя выданні Беларускай энцыклапедыі, незалежных беларускіх выдавецтваў 1990-х і 2000-х гадоў.
Маючы вялікую калекцыю беларускіх кніг у Бібліятэцы Варшаўскага універсітэта, Факультэт прыкладной лінгвістыкі падзяліўся з музеем часткай выданняў у знак салідарнасці з беларусамі і ў мэтах падтрымкі беларускай мовы і культуры ў Польшчы, дзеля таго, каб на мапе Варшавы з’явілася яшчэ адна кропка, дзе беларусы могуць дакрануцца да роднай мовы і роднага слова.
Чытальнай залай змогуць карыстацца наведвальнікі Музея Вольнай Беларусі, а таксама шырокае кола навукоўцаў, студэнтаў, якія вывучаюць беларускую тэматыку ў польскіх універсітэтах, і ўсе, хто цікавіцца беларускай культурай. Акрамя калекцыі кніг Факультэта прыкладной лінгвістыкі чытачы таксама змогуць пазнаёміцца з найноўшымі беларускімі выданнямі гістарычнай тэматыкі, якія мэтанакіравана збірае музей у апошнія гады.
У бліжэйшы час у сацсетках Музея Вольнай Беларусі будзе апублікаваны поўны спіс літаратуры, а таксама ўмовы выдачы кніг карыстальнікам чытальнай залы.
Адрас: Музей Вольнай Беларусі, вул. Фоксал 11, 00-327 Варшава
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.