СААЗ паведаміла аб рэкордным сутачным прыросце новых выпадкаў COVID-19

За суткі каронавірусная інфекцыя выяўлена ў 2 294 039 чалавек у свеце. Пра гэта 5 студзеня паведаміла Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя (СААЗ), пішуць «Известия».


Адзначаецца, што гэта самы высокі сутачны паказчык у статыстыцы СААЗ за ўвесь час пандэміі. Гэтая лічба ўпершыню перавысіла 2 млн.

За апошнія восем дзён сутачны прырост вышэй за 1 млн інфіцыраваных быў зафіксаваны СААЗ сем разоў.

Больш за ўсё пацверджаных выпадкаў за ўвесь час пандэміі зарэгістравана ў ЗША — 58 282427. Далей ідуць Індыя (35 018 258), Бразілія (22323 837), Вялікабрытанія (13 835 334) і Францыя (10 921 757).

За мінулыя 24 гадзіны ў Злучаных Штатах выявілі больш за 1 млн выпадкаў каронавіруснай інфекцыі.

Падлікі былі зроблены на аснове звестак федэральных і мясцовых уладаў. Паказчык стаў максімальным з пачатку распаўсюджвання COVID-19.

Усяго з пачатку пандэміі ў ЗША было зарэгістравана 56 191 523 выпадкі COVID-19, памерлі ад наступстваў каронавіруса 827 749 чалавек.

Раней, 30 снежня, Міністэрства аховы здароўя ЗША паведаміла, што ў аддзяленнях рэанімацыі амерыканскіх бальніц занятыя больш за 78% ложкаў, з іх 22% прыпадае на пацыентаў з COVID-19.

Акрамя таго, самага высокага ўзроўню за ўсю пандэмію дасягнула дзіцячая шпіталізацыя. У сярэднім за тыдзень у бальніцу паступалі 378 дзяцей з COVID-19 за суткі.

4 студзеня эксперт СААЗ заявіў, што з лістапада ўважліва адсочваецца новы штам каронавіруса, пра які раней паведамілі навукоўцы з Францыі.

Новы варыянт атрымаў абазначэнне B. 1.640.2. У даследаванні французскіх навукоўцаў гаворыцца пра тое, што ў новым варыянце выяўлена 46 мутацый. Узровень яго пагрозы або заразлівасць пакуль невядомыя. Да цяперашняга часу ў свеце шырока распаўсюджваюцца штамы «Дэльта» і «Амікрон».