Гэты конкурс праводзіць часопіс «Роднае слова» сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Конкурс навукова-даследчых работ у галіне мовазнаўства «Роднае слова» праводзіцца сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў ВНУ.
Конкурс, прымеркаваны да 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, — сумесная ініцыятыва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і рэдакцыі часопіса «Роднае слова», скіраваная «на захаванне духоўнай спадчыны народа, павышэнне моўнай кампетэнцыі носьбітаў беларускай мовы, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых здольнасцей навучэнцаў і студэнтаў».
Мэты конкурсу:
− выяўленне і заахвочванне таленавітай моладзі; прадстаўленне дадатковых магчымасцей для яе самарэалізацыі; фарміраванне матывацыі да ўдзелу ў навукова-даследчай дзейнасці;
− павышэнне цікавасці да вывучэння гісторыі, дзейнасці навуковых школ, сучасных тэндэнцый і працэсаў у беларускай лінгвістыцы;
− садзейнічанне павышэнню інтэлектуальнага ўзроўню навучэнцаў і студэнтаў: уменню фармуляваць праблему, карыстацца рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, лагічна і сістэмна структураваць матэрыял;
− захаванне і трансляцыя культурна-гістарычнай спадчыны будучым пакаленням;
− дэманстрацыя і прапаганда найлепшых інтэлектуальных дасягненняў навучэнцаў і іх педагогаў; досведу працы ўстаноў адукацыі па арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас Другога міжнароднага навуковага кангрэса «Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы».
Больш падрабязнасцяў — на сайце часопіса «Роднае слова».