9 траўня роўна сто гадоў спаўняецца Булату Акуджаву (1924-1997) — выдатнаму паэту і празаіку, і проста культаваму барду.
Булат Акуджава
Дата народзінаў паэта, як і дата смерці яго равесніка і сябра Васіля Быкава (22 чэрвеня), вельмі сімвалічная, бо вайна чырвонай ніткай праходзіць праз усю творчасць абодвух. Найлепшыя творы пра вайну — амаль заўжды глыбока антываенныя, і акуджаваўскія творы, як і быкаўскія, — яскравае таму сведчанне.
Сын рэпрэсаваных савецкіх функцыянераў (бацьку расстралялі, маці шмат гадоў правяла ў лагерах), Акуджава апынаецца на фронце ў 17 гадоў — і атрымлівае такі моцны шок, што ніякія ідэалагічныя канструкцыі пра «веліч» і «святасць» Вялікай айчыннай або Другой сусветнай у ягонай творчасці былі ўжо немагчымыя. Паэт шчыра называе вайну «подлай». («Што ж, вайна, ты зрабіла, мярзотная» — у перакладзе Лявона Баршчэўскага.) Можна сабе ўявіць рэакцыю ідэолагаў. «Калі я ўпершыню заспяваў, — казаў Акуджава, — гэта быў для савецкай паэзіі вялікі шухер».
Паэту абсалютна чужое пачуццё імперскай велічы. Позні Акуджава падтрымаў змаганне Чачні за сваю незалежнасць і — разам з Васілём Быкавым — асудзіў у «Лісце сарака двух» спробу чырвонага рэваншу ў 1993. Паэт жахнуўся новым настроям, што запанавалі ў Расіі пасля распаду СССР, асудзіў патрыятызм шавінісцкага разліву ды назваў яго «пачуццём нізменным». А яшчэ нашмат раней, у 1968 годзе, адгукнуўся на акупацыю Чэхаславакіі вершам, публіцыстычна вострым, па-філасофску глыбокім і наколькі ж актуальным сёння!
Сусветны вопыт нам прысуд:
Прыходзіць крэс дзяржавы
Не ад таго, што шмат пакут
Ці ўладца неласкавы.
Загіне з ганьбай і жудой,
Бо стане ўсім чужая,
Таму што больш дзяржавы той
Ніхто не паважае.
Нават у знакамітай песні пра «дзясяты батальён», што пасля ўзялі на ўзбраенне дэсантнікі, не ўсё так проста і афіцыйна-гераічна. Шмат хто памятае, як яна гучыць у фільме «Беларускі вакзал».
Так, гэта праца, зробленая аўтарам на замову. Але вялікія майстры часам робяць больш, чым ім замаўляюць. Таму праз усю, скажам так, замоўленую манументальную веліч чуецца адзін важны падтэкст, які здымае ўсякі фальш і ўра-патрыятызм. Звярніце ўвагу на такую неадпаведнасьць: рэфрэн «Дзясяты наш дэсантны...», але ўласна дэсантнай атрыбутыкі, парашутаў і г.д. у песні зусім няма. Але ж не для прыгожай унутранай рыфмы «дзясяты-дэсантны» ўсё гэта робіцца! Хтось са спецыялістаў пісаў, што так у тую вайну практыкавалася: пераводзіць дэсантную частку ў пяхоту (упрыгожваючы тытулам «гвардзейская»), і ў выніку гэтыя часткі выяўляліся найменш падрыхтаванымі да бою ў сваёй новай якасці. То бок проста «гарматным мясам», тымі, хто загіне з яшчэ большай імавернасцю, — на людзях жа, як вядома, не эканомілі. Рэфрэн «мы за цаной не пастаім» напраўду вусцішны, бо песня — пра смяротнікаў, якія сваю цану заплацілі.
«Малітву Франсуа Віёна», якой завяршаецца ніжэйшая падборка, часам называюць проста «Малітвай». Паэт недзе казаў, што так лягчэй было прабіць цэнзуру, выдаўшы тэкст за стылізацыю і прыпісаўшы свае ўласныя словы сярэдневечнаму французскаму паэту. Думаецца, роля Віёна ў песні ўсё-ткі больш істотная. Згадайма віёнаўскую «Баладу ісцін навыварат», файна перакладзеную Змітром Коласам. («Б’юць лынды — як пустое бруха, / Чакаюць звады — ад сяброў, / Найлепшая яда — баўтуха, / Ліслівасць — шчырая любоў...»)
Сведка Стогадовай вайны, паэт-хуліган Франсуа Віён цудоўна ведаў кошт чалавечаму жыццю і сцёртым абстрактным словам, што згубілі свой сэнс у канкрэтных трагедыях. Адсюль «гумар шыбеніка», а таксама пошукі новага сэнсу на тэрыторыі абсурднага і парадаксальнага. І акуджаваўскія просьбы даць разумніку галаву, а баязліваму каня — віёнаўскія па сваёй сутнасці.
Часам даводзіцца чуць: навошта перакладаць на беларускую мову тое, што і так цалкам зразумелае і добра вядомае па-руску? Бо кожны такі пераклад выпрабоўвае на сталасць ужо нашую мову ды літаратуру. Бо калі перакладчыку пашанцуе, вынік зробіцца фактам ужо ягонай (нашай!) культуры. А таму шчыры дзякуй Рыгору Барадуліну, Лявону Баршчэўскаму, Сержуку Сокалаву-Воюшу, Максу Шчуру і ўсім, хто пераствараў і перастварае Акуджаву па-беларуску, а таксама Алесю Чумакову, Змітру Бартосіку, Алесю Дзянісаву і ўсім, хто гэтыя пераклады спявае. Далучаю і некалькі сваіх, а раптам каму спатрэбяцца.
Андрэй Хадановіч
Булат Акуджава
СТАРАЯ САЛДАЦКАЯ ПЕСНЯ
Адшумелі песні нашага палка,
Сціхлі капыты ў дарожным пыле.
Кулямі прабілі донца кацялка,
Маркітантку юную забілі.
З нашых засталіся — мы і брат наш, боль.
Нас — нямшмат і ворагаў — нямнога.
Мы жывыя покуль, франтавая голь,
А загінем — райская дарога.
Сэрцы ў паняверцы, пальцы на курку,
А душою ўжо ляцім увысь мы.
Для чаго крывёю пішам на пяску?
Свету без патрэбы нашы пісьмы.
У магіле брацкай вечнае жытло
З хвояй вартавою ў вечным плачы:
Больш не чуюць болю і ў душы — святло,
І нароспаш вочы па-дзіцячы.
Спіце сабе, хлопцы, звяжуцца канцы —
Новыя сталеюць афіцэры,
Хутка атрымаюць новыя байцы
Вечныя казённыя кватэры.
Спіце сабе, хлопцы, звяжацца наноў,
Што павінна ў свеце паўтарыцца, —
Словы і набоі, і любоў, і кроў.
Часу зноў не хопіць памірыцца.
ПЕСНЯ АБ СТАРЫМ, ХВОРЫМ, СТОМЛЕНЫМ КАРАЛЮ
Вайной на чужую краіну збіраўся кароль.
Яму каралева мяшок сухароў насушыла,
Дзіравую мантыю ўласнай рукою зашыла,
Дала яму пачак махоркі і ў хустачцы соль.
І рукі на грудзі паклала яна каралю,
Сказала, сагрэўшы паглядам сваім прамяністым:
«Бі ворагаў так, каб ніхто не назваў пацыфістам,
І пернікі ў іх адбяры — я іх вельмі люблю!»
І ўбачыў кароль сваю раць пасяродку двара:
Пяць сумных салдат, пяць вясёлых салдат і яфрэйтар.
Сказаў ім кароль: «Як замежныя СМІ ні дурэй там,
На ворагаў рушым, хто супраць — задушым. Ура!»
І вось адгрымелі прамовы. Сляза, высыхай!
Кароль у паходзе рэформы праводзіў у войску.
Вясёлы салдат інтэндантам служыў па-геройску,
А сумны застаўся ў салдатах — як-небудзь, няхай...
Прыйшла перамога, а з ёй і канец той вайны.
Пяць сумных салдат адляцелі нябеснай калонай,
Яфрэйтар, маральна слабы, ажаніўся з палоннай,
Ды пернікаў цэлы мяшок захапілі яны.
Зайграйце, аркестры! Хто плача, той здраднік і псіх!
Жалобу схавайце далей ад салюту й авацый,
Бо сумным салдатам без сэнсу ў жывых заставацца,
Ды й пернікаў смачных ніколі не хопіць на ўсіх!
ПЕСНЯ КАВАЛЕРГАРДА
Нядоўгі век кавалергарда,
таму й спакуслівы такі.
Сігналіць палкавая варта
і ўсё бліжэй звіняць клінкі.
Гітарны голас абарваны
і эскадроны ў бой пайшлі.
Не спакушайце сэрца панны
каханнем вечным на зямлі.
Дарэмна мірныя забавы
гарэзу мрояцца яшчэ.
Не адшукаць надзейнай славы,
пакуль крыві не пацячэ.
Пакаштаваць нябеснай манны
зямныя справы не далі.
Не спакушайце сэрца панны
каханнем вечным на зямлі.
Цячэ шампанскае ракою
і хмель гуляе малады,
і ўсё нібыта пад рукою,
і ўсё нібыта назаўжды.
Чыгунны крыж ці крыж драўляны
чакаюць моманту, калі...
Не спакушайце сэрца панны
каханнем вечным на зямлі.
ДЗЯСЯТЫ НАШ ДЭСАНТНЫ БАТАЛЬЁН
Зляцелі птушкі ў даль,
Скасіла дрэвы сталь,
І толькі мы плячо ў плячо
Ў зямлю ўраслі амаль.
Планета — вір агню сляпога,
Над нашым домам горкі дым,
А значыць, нам патрэбна перамога —
Адна на ўсіх, мы за цаной не пастаім!
Агонь — на смерч падобны,
І ўсё ж бяссільны ён:
Сумневы ў бок —
ідзе у змрок
асобны
Дзясяты наш дэсантны батальён!
Як толькі бой — на спад,
Гучыць другі загад,
І паштарам даўно няўцям,
Ці выбыў адрасат.
Дае ракетніца трывогу
І кулямёт ахрып зусім,
Таму што нам патрэбна перамога —
Адна на ўсіх, мы за цаной не пастаім!
Агонь — на смерч падобны,
І ўсё ж бяссільны ён:
Сумневы ў бок —
ідзе у змрок
асобны
Дзясяты наш дэсантны батальён!
Ад Курска і Арла
Вайна нас, брат, вяла
Аж да варожай брамы зла,
Што знішчылі датла.
Пасля спытай сябе самога,
Бо не паверыцца жывым...
А сёння нам патрэбна перамога —
Адна на ўсіх, мы за цаной не пастаім!
Агонь — на смерч падобны,
І ўсё ж бяссільны ён:
Сумневы ў бок —
ідзе у змрок
асобны
Дзясяты наш дэсантны батальён!
ПІРАЦКАЯ ЛІРЫЧНАЯ
Ноч перад бураю на мачце святога Эльма паліць свечкі,
і крык «ратуйце нашы душы» пачуе толькі альбатрос.
Калі нам лёс вярнуцца ў Портленд, мы будзем ціхія авечкі.
Але вярнуцца ў родны порт нам, нікому з нас, ужо не лёс.
Што ж, нам у Портленд шлях закрыты, то хай нясе нас чорны ветразь,
хай будзе моцны ром ямайскі, а хто не скача — не матрос.
Калі нам лёс вярнуцца ў Портленд, майму «даруйце» суд паверыць.
Але вярнуцца ў родны порт нам, нікому з нас, ужо не лёс.
Што ж, нам у Портленд шлях закрыты, то хай купец памрэ са страху,
бо караблю не дапаможа цяпер ні д’ябал, ні Хрыстос.
Калі нам лёс вярнуцца ў Портленд, дальбог, я сам пайду на плаху.
Але вярнуцца ў родны порт нам, нікому з нас, ужо не лёс.
Што ж, нам у Портленд шлях закрыты, — падзелім грошыкі чужыя,
бо каштавалі нам пароўну крыві пралітае ды слёз.
Калі нам лёс вярнуцца ў Портленд, мы катам кінемся на шыю.
Але вярнуцца ў родны порт нам, нікому з нас, ужо не лёс.
Калі нам лёс вярнуцца ў Портленд, нам родны край абдыме шыю.
Але вярнуцца ў родны порт нам... не дай нам, Божа, гэткі лёс!
ГРУЗІНСКАЯ ПЕСНЯ
Пасаджу вінаградную костачку ў цёплую глебу,
і лазу пацалую, і спелыя гронкі сарву,
і, сабраўшы сяброў, за любоў іх падзякую небу...
А іначай нашто на зямлі гэтай вечнай жыву?
Вы прыходзьце, любімыя госці, на мой пачастунак,
вы кажыце мне ўсё, бо сябрамі за шчырасць заву.
Цар нябесны збавенне нам, грэшным, пашле ў падарунак...
А іначай нашто на зямлі гэтай вечнай жыву?
Будзе ў цёмна-чырвоным спяваць для мяне мая Далі,
у сваім чорна-белым схілю перад ёй галаву
і, расчулены спевам, памру ад любові і жалю...
А іначай нашто на зямлі гэтай вечнай жыву?
Калі ж вечар нальецца на захадзе спелаю гронкай,
хай відзежы прыходзяць наяве, як дар хараству, —
белым буйвалам, сінім арлом, залацістаю стронгай...
А іначай нашто на зямлі гэтай вечнай жыву?
МАЛІТВА ФРАНСУА ВІЁНА
Пакуль зямля яшчэ круціцца, пакуль не аслепла святло,
Госпадзе, дай жа ты кожнаму, чаго ў яго не было:
дай каня баязліваму, дай мудраму праўды ў мане,
дай шчасліваму грошай... І не забудзь пра мяне.
Пакуль зямля яшчэ круціцца — Божа, хай будзе так,
каб ахвочы да ўлады ўладай нажэрся б усмак.
Дай перадышку шчодраму, хай адпачне, хоць у сне.
Каіну дай раскаяння... І не забудзь пра мяне.
Я ведаю, ты ўсемагутны ў велічы і харастве —
так верыць салдат забіты, што ў раі вечным жыве,
так верыць кожнае вуха ў ціхі твой запавет,
так верым самі і робім, што варта і што не след.
Госпадзе, мой Божа, зеленавокі мой!
Пакуль зямля яшчэ круціцца, і гэта ёй дзіўна самой,
пакуль ёй хапае часу, і сонца ў кожнай вясне,
дай жа ты ўсім патроху... І не забудзь пра мяне.
З рускай мовы пераклаў Андрэй Хадановіч
Больш пра Булата Акуджаву і яго антываенную творчасць у лекцыі Андрэя Хадановіча: