17 траўня 2025 года Музей Вольнай Беларусі будзе браць удзел у міжнароднай акцыі «Ноч Музеяў». Цэнтральнай падзеяй гэтага мерапрыемства на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі стане ўнікальная выстава «Пяць артэфактаў — і толькі адна ноч», якая будзе праходзіць з 12.00 да 00.00 у выставачным памяшканні музея на вуліцы Фоксаль, 11.
Пяць беларускіх гісторыка-культурных артэфактаў, набытых рознымі ініцыятывамі ў эміграцыі, упершыню будуць аб’яднаныя ў агульны выставачны праект і прадстаўлены толькі адзін раз і толькі на адзін дзень — на гэтай выставе.
Ініцыятыва MALDZIS, Клуб беларускіх мецэнатаў пры Беларускай Радзе культуры і Музей Вольнай Беларусі прадставяць свае апошнія здабыткі:
Статут ВКЛ, выдадзены ў 1693 годзе. Гэты экзэмпляр Статута быў выкуплены ініцыятывай MALDZIS з мэтай вяртання яго ў Беларусь.
кнігу «Пэрэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла, надрукаваную ў 1614 годзе. Кніга была набытая Беларускай Радай культуры ў выніку дзейнасці Клуба беларускіх мецэнатаў.
дзве Радзівілаўскія мапы ВКЛ XVII стагоддзя. Адзін з экзэмпляраў мапы быў набыты ініцыятывай MALDZIS, другі — Радай культуры.
Набыццё і калекцыянаванне каштоўных экспанатаў, што прадстаўляюць культуру і гісторыю беларускага народа ў кантэксце агульнаеўрапейскай спадчыны, з’яўляецца часткай высілкаў сучаснай хвалі беларускай эміграцыі па захаванні сваёй ідэнтычнасці і дэманстрацыі цывілізацыйнага ўнёску беларусаў у еўрапейскую гісторыю.
Больш падрабязна пра гэтыя і іншыя артэфакты, што былі набытыя і набываюцца ініцыятывамі, можна будзе даведацца на прэс-канферэнцыі, што пройдзе перад пачаткам выставы 17 траўня ў 11.30.
Акрамя выставы «Пяць артэфактаў — і толькі адна ноч» у межах міжнароднай акцыі «Ноч Музеяў» на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі будзе працаваць дзіцячая пляцоўка — «Кабінет картографа», арганізаваная сумесна з партнёрамі музея, Цэнтрам Думкі Яна Паўла ІІ.
Таксама, на канцэртнай пляцоўцы, арганізаванай Цэнтрам Думкі Яна Паўла ІІ на вуліцы Фоксаль, вечарам 17 траўня пройдзе выступ выканаўцаў з розных краін, у тым ліку беларускіх — CHORNABROVA і Lera Dele (Koob Dele).