Да Полацка неверагодная любоў – у гэтым увесь Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў правёў аўтарскую сустрэчу ў Полацку  13 лютага.

Сустрэча праходзіла ў Полацкім музеі кнігадрукавання. Прысутных было некалькі дзесяткаў.

Уладзімер Арлоў вітаў гасцей Полацка – культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе. Гаворка ішла пра гісторыю Полацка, адраджэнне яго ў апошнія гады, якое і дазволіла набыць статус культурнай сталіцы.

Уладзімер Арлоў: “Сустрэча прайшла класна. Я быў прыемна ўражаны тым, што менавіта на яе прыехаў жаночы клуб “Адкуль Я родам” з мястэчка Язна Мёрскага раёну. Але больш за ўсё мяне ўразіла, што жанчыны з такой глыбінкі былі знаёмыя з маімі кнігамі. Нават прыехалі ўжо з набытымі, каб атрымаць аўтограф”.

Падчас сустрэчы Уладзімер Арлоў зрабіў музею неверагодны падарунак. Ён падараваў кнігу 1826 году выдання “Імшал”, надрукаваную ў друкарні Полацкага ліцэя піяраў. Гэта рэдкая, шыкоўна выдадзеная кніга, з добрай паліграфіяй, з друкам у некалькі колераў, якую набыў на замежным аўкцыёне сябра пісьменніка Андрэй Макагон.

Сустрэча падзялялася на дзве часткі, гістарычную і паэтычную.  На развітанне паэт, гісторык і празаік задаў хатняе заданне слухачам: назавіце 10 рэчаў у доме, якія сведчаць аб тым, што вы беларусы. Пісьменнік узгадаў, як выступаў у школе і задаваў такое пытанне дзецям. Дзеці звычайна адказваюць: бабулін ручнік, Біблія на беларускай мове. Нават у расійскамоўных сем’ях абавязкова дома ёсць кнігі Караткевіча і Быкава на беларускай мове.

Аўтарская сустрэча прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: