У межах праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” спявачка Дакота прадстаўляе сваю песню “Запалкі ”, якую перастварыў па-беларуску Глеб Лабадзенка. “У Беларусі мяне залічваюць да расійскіх выканаўцаў. А ў Расіі – наадварот, не лічаць расійскай спявачкай. Гэта смешна, бо для мяне ніколі не паўставала такога пытання. Я сваю Радзіму не кідала”, – кажа спявачка.
Перакласці колішні “фабрычны” хіт Дакоты “Спички” прапанаваў паэт і журналіст Глеб Лабадзенка. “Справа пайшла вельмі проста і лёгка, бо ў нас быў ужо досвед супрацы з Глебам, калі ён перакладаў на беларускую маю песню для адбору на “Еўрабачанне”, – апавядае спявачка.
Сама яна з задавальненнем пагадзілася на ўдзел у праекце “Перазагрузка”, нават нягледзячы на тое, што ўзяла творчую паўзу. “У мяне з’явіўся новы прадусар, з якім было вырашана, што я пэўны час не буду з’яўляцца на публіцы, фатаграфавацца для часопісаў, даваць інтэрв’ю, выступаць з канцэртамі. Усе сілы аддадзеныя новаму праекту, пра які змагу расказаць трохі пазней”, – кажа Дакота.
Цяпер Дакота больш часу праводзіць у Маскве, але песні пішуцца ў яе выключна на Радзіме. “Чула пра сябе шмат розных легендаў: маўляў, кінула краіну. Дзіва, але некаторыя ў Беларусі залічваюць мяне да расійскіх выканаўцаў. А ў Расіі – наадварот, не лічаць расійскай спявачкай. Гэта смешна, бо для мяне ніколі не паўставала такога пытання. Я сваю Радзіму не кідала, у Маскве проста працую”, – кажа яна. “Запалкі” – адзін з доказаў любові спявачкі да сваёй мовы. Нягледзячы на прыязныя стасункі з Глебам Лабадзенкам Дакота наўрад ці працягне з ім супрацоўніцтва. Прычына простая – яна сама ўзялася за напісанне беларускамоўных песняў. Некалькі з іх увойдуць у дэбютны альбом Дакоты, выхад якога плануецца ў другой палове гэтага году.
Дакота – Запалкі (муз. і расійскі тэкст Дакота, беларускі тэкст Глеб Лабадзенка).