Калі прыгледзецца да гісторыі айчыннага кінамастацтва, то хутка стане відавочна, што яно бесперапынна прасякнута трывожным наратывам партызаншчыны.
Пачынаючы з сярэдзіны 1920-х гадоў мясцовыя кінематаграфісты, асабліва тыя, каму грошы на працу выдаткоўвае дзяржава, выкарыстоўваюць тэму партызанства ў ідэалагічных мэтах, каб гераізаваць вобраз народа, які то дае рады польскім панам у часы ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы, то змагаецца з нямецкай акупацыяй падчас Другой сусветнай вайны. Гэта прапагандысцкая шарманка грае ўжо амаль стагоддзе і пакуль не думае змаўкаць. Барацьба з ворагам, рэальным ці віртуальным, заўжды карыстаецца попытам.
Цікава, што пасля знікнення СССР і будаўніцтва аўтарытарнай сістэмы ўлады ў Беларусі ідэя «партызанства» атрымала для сучаснага пакалення кінематаграфістаў новыя сэнсы. Яна ўвасобілася, з пэўнай іранічнай інтанацыяй, у нарастаючай неспрыяльнасці ўмоў для працы: узмацнення дзяржаўнай цэнзуры, немагчымасці атрымаць матэрыяльную ці арганізацыйную падтрымку для здымак, палітычны пераслед.
Апафеозам сталі падзеі жніўня 2020 года, пасля якіх гэтыя ўмовы настолькі пагоршыліся, што для большай часткі не звязаных з дзяржавай рэжысёраў фактычна ўзнікла негалосная забарона на прафесію. Цяпер, калі цябе затрымаюць за здымкамі без дазволу мясцовых улад, можна пры лепшым раскладзе разлічваць на штраф ці адміністрацыйны арышт, а ў горшым — на завядзенне крымінальнай справы. Вось так квазіпартызаншчына пераўтварылася ў сапраўднае і небяспечнае кінапартызанства.
Яго практычным увасабленнем стаў дакументальны цыкл ад чэска-амерыканскага тэлеканала «Настоящее время» пад назвай «Жыве Беларусь», які пасля перапынку аднавіў сваю працу ў мінулым годзе. І слова «аднавіў» тут фігуруе не проста так. «Жыве Беларусь» стаў спадкаемцам іншага дакументальнага праекта — «Невядомай Беларусі», які ўзнік напачатку 2020 года. Яго творчая каманда — рэжысёрка Любоў Зямцова, гукарэжысёр Кірыл Гаўрылюк, прадзюсар Уладзімір Міхайлоўскі — распавядалі, з чаго складаецца жыццё простых беларусуў на пачатку новага дзесяцігоддзя. І паспелі выпусціць некалькі дакументальных репартажаў пра Камароўскі рынак, сямейны гвалт, размеркаванне студэнтаў і пачатак каронавіруснай эпідэміі ў краіне. Здымкі эпізода пра валанцёрскую ініцыятыву ByCovid19, якая дапамагала дзяржаўным медыкам змагацца з пандэміяй, сталі для аўтарскай каманды апошнімі — кінематаграфісты загінулі ў аўтамабільнай катастрофе, так і не завяршыўшы вытворчасць. На іх пахаванні прадзюсарка з тэлеканала Таццяна Аршаўская паабяцала пры любым раскладзе працягнуць справу аўтараў «Невядомай Беларусі», але нават яна не разлічвала, як краіна кардынальна зменіцца літаральна праз некалькі месяцаў.
Чытаць па тэме: Агонія кінаіндустрыі. Як удзел Беларусі ў вайне знішчае айчыннае кінамастацтва і культуру кінапрагляду
Эпізод «Валанцёры»
Прэм’ера эпізоду «Валанцёры» з’явілася ў мінулым траўні, якраз у гадавіну аўтакатастрофы. Яго ўжо дапрацоўвала і мантавала рэжысёрка Юля Шатун, якая супрацоўнічала з камандай «Невядомай Беларусі» над першымі эпізодамі, але потым адышла ў бок. Выніковы рэпартаж добра раскрывае сутнасць працы ініцыятывы ByCovid19, паказвае яе працоўныя будні і матывацыю валанцёраў, якія збіраюць грошы, купляюць і развозяць па шпіталях краіны гуманітарную дапамогу, але адчуванне незавершанасці аповеду ўсё ж не пакідае падчас усяго прагляду. Магчыма, гэта звязана з тым, што аўтары так і не паспелі адлюстраваць лакальны кантэкст, у якім дзяржава аказалася разгубленай і зусім не падрыхтаванай да маштабаў эпідэміі. І ўзніклыя прабелы забеспячэння часткова закрыла грамадзянская супольнасць. Беларускім гледачам гэта тлумачэнне было, можа, і залішнім, а вось аўдыторыя з іншых краін так і не зразумела, чаму гуманітарная дзейнасць аказалася такой запатрабаванай сярод дзяржаўных медыкаў.
Самотна разумець і тое, што праца людзей так і не знайшла падзякі з боку дзяржавы. Відэа з’явілася, калі ініцыятыву ўжо расфарміравалі, яе арганізатар Андрэй Стрыжак і большасць валанцёраў эмігравалі за мяжу з-за палітычнага пераследу, а Беларусь пагрузілася ў вір масавых рэпрэсій.
«Жыве Беларусь»
Пасля гэтага выпуску распачалася праца над праектам «Жыве Беларусь» з новымі аўтарамі, якія працуюць ананімна, і з больш палітызаванымі сюжэтамі.
Можна сказаць, што перезагрузка праекта апынулася вельмі трапнай, зафіксаваўшы момант палітычнай і сацыяльнай турбулентнасці краіны перад пачаткам вялікай вайны, якую ў той момант ніхто сабе не мог нават уявіць.
«Права ведаць»
Першым стаў эпізод «Права ведаць», які дасціпна раскрывае сутнасць мему «часам не да законаў». Аўтары разбіраюцца, як нацыянальнае заканадаўства ўлады пераўтварылі ва ўласную зброю для расправы над удзельнікамі вулічных акцый пратэсту, арыштаванамі і іх адвакатамі. У гэтым драматычным многагалоссі гісторый юрыстаў, журналістаў і праваабаронцаў узнікае разуменне прававога дэфолту, у якім ужо амаль два гады застаюцца беларусы. Нават тыя, хто з’ехаў з краіны.
Наступны рэпартаж пераносіць погляд са сталіцы ў сельскую глыбінку — вёску Івесь і хутар Скрабатуны, якія лічацца, па адной з навуковых версій, геаграфічным цэнтрам Еўропы. Яго жыхары занятыя паўсядзённымі справамі: аруць зямлю, гадуюць коней і пчол на пасецы, пасвяць кароў. Але нават і ў іх павольнае жыццё даляцеў вецер палітычных перамен, якія адбыліся недзе ў вялікіх гарадах, прымусіўшы паразважаць, ці падабаюцца ім сучасныя ўмовы жыцця, ці настала пара нешта мяняць.
«Беларусь — цэнтр Еўропы»
Эпізод «Беларусь — цэнтр Еўропы» атрымаўся больш лагодным і вясёлым, чым «Права ведаць». Ен вабіць летнім надвор’ем, мясцовымі пейзажамі і фальклорным каларытам, які становіцца фонам экзістэнцыйных размоў аб тым, лепш жыць самастойна, ці падацца ў саюз на захад ці ўсход.
«Тэатр рэальных гісторый»
Выпуск «Тэатр рэальных гісторый» адпраўляе гледача за межы Беларусі, у Польшчу, куды за апошнія дзесяцігоддзі пераехала вялікая колькасць палітычных эмігрантаў. Тут, у «Новым тэатры», які працуе ў Варшаве, расійскі драматург і рэжысёр Іван Вырыпаеў ставіць дакументальны спектакль «1.8 м», прысвечаны беларускім палітвязням. Дзіўная назва адсылае да ўмоў, у якіх апынуліся людзі, трапіўшы за краты. Сярод выканаўцаў тут можна сустрэць і беларускага музыку, героя фільма Аляксея Палуяна «Смеласць» Паўла Гарадніцкага, польскую зорку аўтарскага кіно Барташа Бяленю ды інш.
Асноўнай ідэяй эпізоду становіцца перацяканне эмоцый і ўспамінаў ахвяр гвалту 2020 года ў форму тэатральнай п’есы. Гэты вопыт трэба не столькі праўдападобна ўвасобіць, але асэнсаваць і фактычна зноў пражыць. I ў гэтым сэнсе тэатр становіцца не толькі месцам пластычнага мастацтва, але інфармацыйным рупарам, які распавядае палякам, што адбываецца з беларусамі пасля 9 жніўня 2020 года. А для саміх сведкаў тых падзей — своеасаблівай рэфлексіяй перажытага гвалту і беззаконня.
«Маладосць па-беларуску»
Апошнім на дадзены момант эпізодам стала «Маладосць па-беларуску» — назіранне за жыццём 20-гадовай мінчанкі, студэнткі, якая сумяшчае тусоўкі ў сталічных клубах з наведваннем хору ў каталіцкім касцёле. Хутка высвятляецца, што за вясёлымі развагамі пра жыццё і стасункі з маладымі людзьмі хаваюцца цалкам сур’ёзныя думкі пра свабоду і несвабоду (гераіня адседзела два тыдні ў СІЗА Баранавічаў), нежаданне эміграваць і магчымасці для ўласнай самарэалізацыі, абмежаваныя ва ўмовах узмоцненага кантролю з боку ўлад. Негледзячы на змрочныя часы, жыццёвая сіла дзяўчыны востра адчуваецца, узнікае надзея, што перамены да лепшага калісьці надыдуць.
І ў гэта, хочаш — не хочаш, сам пачынаеш верыць, адпускаючы цяжар уласнага жыццёвага вопыту і гістарычнага скепсісу.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org