Трохі дзіўна пасля двух тыдняў ад пачатку вайны разважаць пра знішчэнне культурна-забаўляльнай сферы жыцця краіны, калі грамадства ўжо і так стаіць на парозе небывалай эканамічнай крызы. А хутка, і гэта цалкам імаверны сцэнар, пачнецца і непазбежная гуманітарная катастрофа, якая можа апынуцца нават больш катастрафічнай, чым малявалі нам у казках пра ліхія 90-я прапагандысты. І гэта той кошт, які беларускае грамадства вымушана заплаціць за падтрымку нашай уладай агрэсара.
Таму лепшага моманту, каб растлумачыць, з якімі праблемамі сутыкнулася беларуская кінасупольнасць у самым шырокім сэнсе гэтага слова, проста не знайсці.
Пачну з самага галоўнага — кінатэатраў, якія пакуль яшчэ з’яўляюцца падмуркам кінабізнесу ў класічным яго разуменні. Менавіта яны дазваляюць звычайным гледачам танна бавіць вольны час, а іх уладальнікам і дыстрыб’ютарскім кампаніям зарабляць на гэтым грошы. Ёсць у іх і камунікацыйная місія — для беларускіх рэжысёраў яны застаюцца фактычна апошняй пляцоўкай, дзе можна жыўцом паразмаўляць са сваёй аўдыторыяй. Дык вось хутка гэта магчымасць можа цалкам знікнуць.
Справа ў тым, што найвялікшыя галівудскія студыі-мэйджары — Warner Bros., Disney, Universal Pictures, Sony Pictures — ужо сышлі з расійскага рынку, адмовіўшыся ад сваіх бізнес-планаў ва ўмовах вайны. А менавіта яны валодаюць аўтарскімі правамі на найвялікшыя блакбастары, тыпу кінасусвету Marvel и коміксаў DC Comics. Гучныя словы не разыходзяцца з рэальнымі справамі — першай «ахвярай» санкцый стаў нядаўні кінакомікс «Бэтман» Мэта Рыўза, які за пару дзён да прэм’еры знялі з паказу і вярнулі набытыя квіткі. За ім, няма сумневаў, не пабачаць нашы экраны іншыя буйнабюджэтныя стужкі: «Фантастычныя істоты: Таямніцы Дамблдора», «Морбіус», «Чорная пантэра: Ваканда назаўжды», «Доктар Стрэндж: У мульцісусвеце вар’яцтва», «Флэш» ды інш.
кадр з фільма «Бэтмен»
І ўсё гэта не проста пералік забаў, а сапраўды не атрыманыя грошы. Расійскія кінатэатральныя сеткі зараблялі на такім кіно па розных даных каля 60–70% свайго сярэднегадовага прыбытку, астатняе дае кіно айчыннай вытворчасці. У Беларусі такой статыстыкі ў адкрытым доступе няма, але з улікам нашых асаблівасцей можна дапусціць, што амерыканскі забаўляльны кантэнт ствараў каля 80% прыбытку для кінатэатральных сетак. Канечне, застаюцца яшчэ малыя амерыканскія студыі, стужкі азіяцкай і еўрапейскай вытворчасці, але трэба чакаць, што і яны могуць адмовіцца ад стасункаў з беларускім бізнесам. Што ў гэтай сітуацыі прапаноўваць масаваму гледачу — незразумела.
У расійскіх пракатчыкаў ужо есць адказ — яны прапануюць выпусціць у паўторны пракат стужкі «Брат», «Брат 2», «Халоп» ды інш., але зразумела, што кантэнту проста не хопіць, каб запоўніць утвораную пустэчу, якая выглядае нават жахлівей, чым праблемы са стужкамі ў перыяд першай хвалі каронавіруса. Стужак проста не хопіць, каб зарабляць, плаціць арэнду, падаткі і заробкі. Беларускія кінатэатры чакае такі самы лёс — шукаць новы кантэнт будзе вельмі складана, прыйдзецца дамаўляцца з тымі праваўладальнікамі, у якіх прага грошай пераадолее таксічнасць стасункаў з беларускім бокам. Зараз такія стасункі нясуць вялікія рызыкі для публічнага іміджу.
Прыватныя мультыплексы, калі не вынайдуць іншыя шляхі прыцягнення аўдыторыі, хутчэй за ўсё, зачыняцца, а дзяржаўныя — працягнуць існаваць, адпрацоўваючы «сацыяльную функцыю» ідэалагічнай працы з насельніцтвам за бюджэтны кошт. Зарабляць рэальныя грошы ў такіх умовах проста немагчыма.
Хтосьці можа запярэчыць — у чым праблема, галівудскія студыі сышлі з расійскага рынку, а не з беларускага. Сапраўды, у афіцыйных прамовах гаворка шла выключна пра Расію, Беларусь у іх не ўзгадвалася. Але справа ў тым, што айчынны кінарынак непарыўна звязаны з расійскім. Так склалася з сярэдзіны 1990-х гадоў, калі Беларусь наладжвала эканамічныя сувязі з краінай-суседкай. Зараз расійскія кінапракатчыкі наўпрост дамаўляюцца з беларускімі кінатэатрамі аб тым, якое кіно і калі яны могуць паказаць. Афіцыйных прадстаўніцтваў галівудскіх кінастудый у Беларусі папросту не існуе, усе яны працуюць у Маскве ці Санкт-Пецярбургу.
Раней гэта схема каланіяльных адносін, калі ў Расіі вырашалі, што будуць глядзець беларусы і на якой мове, спрашчала эканамічныя стасункі, зараз яна апынулася катастрофай — сумесна з расійскім кінапракатным бізнесам у пустэчу абрынуўся і беларускі. Усё як пасля развалу СССР.
Нічога добрага вайна не нясе і беларускім кінастваральнікам. Дзяржсектар індустрыі, які вось ужо трыццаць год атрымоўвае задарма бюджэтныя грошы, можа ўвогуле знікнуць, паколькі ва ўладаў у бліжэйшай перспектыве не будзе грошай, каб плаціць заробкі працоўным. Ні аб якім спансаванні «Беларусьфільма» і лаяльных яму прыватных кінастудый не можа ісці гаворкі.
Пасля пачатку палітычнага крызісу 2020 года дзяржстудыя і так страціла большую частку кантактаў са знешнімі партнёрамі, а ў новай рэчаіснасці, калі яна прадстаўляе дзяржаву-суагрэсара, можна толькі спадзявацца, што да нас прыедуць здымаць кінематаграфісты з Кітая, Індыі ці краін СНД. Палёгка будзе ў тым, што «Беларусьфільм» пару год таму пачаў вывадзіць сваіх супрацоўнікаў па-за штат, фактычна масава звальняючы, таму дзяржаве будзе трохі лягчэй аплачваць новыя даўгі студыі па арэндзе і камунальных паслугах памяшканняў, якія безумоўна зноў узнікнуць.
У больш звыклых да самастойнасці прыватных і незалежных кінематаграфістаў, якія шукаюць грошы на сваю працу за мяжой, таксама з’явіліся нечаканыя праблемы. Украінская кінакадэмія і актыўныя прадстаўнікі яе кінасупольнасці пасля пачатку вайны заклікаць міжнародныя кінафестывалі і фонды да байкоту расійскага кіно і кінематаграфістаў. На што ўжо адгукнуліся дырэкцыя Канскага кінафестывалю, Еўрапейская кінаакадэмія і шэраг больш дробных інстытуцый. Пры гэтым еўрапейскія кінастваральнікі, сярод якіх рэжысёр Сяргей Лазніца, заклікаюць не вінаваціць агульна на падставе пашпарту, раздзяляючы паняцце расійскай дзяржавы і грамадзянскай пазіцыі большасці творцаў, які выступаюць супраць вайны. Але гэтага раздзялення пакуль не заўжды атрымоўваецца прытрымлівацца. Што ўжо негатыўна адбіваецца на стаўленні да беларускіх кінематаграфістаў. Так, польскі кінафестываль Zoom-Zblizenia і эстонскі «Цёмныя ночы» падтрымаў ігнараванне беларускіх стужак.
Пакуль гэта адзінкавыя выпадкі байкоту беларускага кіно за мяжой, якія не набылі масавага распаўсюду, але відавочна, што зараз незалежных кінематаграфістаў беларускага паходжання чакаюць няпростыя стасункі з замежнымі кінафондамі і кінафестывальнымі дырэкцыямі. Асабліва з тымі, якія не ведаюць кантэксту палітычных рэпрэсій у краіне.
Паміж двух агнёў апынуліся і простыя беларускія кінагледачы. Яны страцілі доступ да актуальнага забаўляльнага кіно не толькі ў кінатэатрах, але і дома. З рынку СНД сышлі стрымінг-сэрвісы Megogo і Netflix, забараніўшы карыстальнікам аплочваць старую падпіску. Расійскія анлайн-кінатэатры, такія як Okko, «Кінапошук», IVI, зараз можна аплаціць толькі карткамі «Белкарт», якія падтрымліваюць расійскую плацёжную сістэму «Мир», і праз расійскія фінансавыя анлайн-сэрвісы. Аплата падпісак з картак Visa і Mastercard больш немагчымая. Быў спадзеў на пірацкі кантэнт, але і тут ёсць нюансы. Інтэрнэт-правайдары пачалі блакаваць такія кінапляцоўкі з крадзеным кантэнтам, як rezka.ag, baskino.me і kinogo.zone. Робіцца гэта згодна з рашэннем Міністэрства інфармацыі. Прычына простая — у кінатэатрах пачалі змяшчаць рекламу с заклікамі выходзіць на вуліцы і байкатаваць вайну ва Украіне. Абысці гэтыя абмежаванні змогуць тыя карыстальнікі, якія набудуць сабе якасны платны VPN-cэрвіс.
За кароткі час беларуская кінаіндустрыя, як і само грамадства, апынулася ў новых, непрадказальных умовах існавання. На гэтым фоне праблемы, якія з’явіліся падчас каронавіруснай пандэміі і палітычнага крызісу, зараз выглядаюць лёгкім шпацырам на пляжы. Для ўсіх людзей — рэжысёраў, арт-мэнеджараў, прадусараў, артыстаў, гледачоў — гэты беспрэцэдэнтны выклік, які патрабуе змены звыклых прынцыпаў жыцця, працы, фарміравання новых звычак. Мы ўсе зараз апынуліся ў новай неспрыяльнай рэчаіснасці, дзе прыйдзецца выбудоўваць новыя стасункі, эканамічныя сувязі, зарабляць рэпутацыю і давер да сябе ўсяго цывілізаванага свету. Іншага шляху да нармалізацыі ў нас проста няма.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org