У вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён) Веткаўскі музей стараабрадніцтва сумесна з археолагамі Эрмітажа праводзіць археалагічныя раскопкі: капаюць бескурганны могільнік зарубінецкай культуры.
Археалагічныя раскопкі ў Гарошкаве, фота з Фэйсбука Веткаўскага музея стараабрадніцтва
Зараз там падрыхтаваны раскоп памерам 8 на 24 метры. На ім знялі верхні слой, «пахатнік», глыбінёй 30 см. І ўжо можна пачынаць зачыстку: шукаць косткі, якія пакажуць, дзе ёсць магчымыя пахаванні.
Побач знаходзіцца яшчэ надзел памерам 8 на 50 метраў, які плануецца таксама даследаваць сёлета.
Усе археалагічныя знаходкі ў далейшым паступяць у фонды Веткаўскага музея.
Жадаючых паспрабаваць сябе ў ролі археолага запрашаюць далучыцца да раскопак.
«Цяпер і да другой паловы жніўня нам патрэбныя валанцёры, досвед няважны. Можаце прыехаць на ўвесь час ці на пару дзён», — напісана на старонцы музея ў Фэйсбук.
Пражыванне і харчаванне прадастаўляюцца бясплатна.
За падрабязнасцямі пішыце / тэлефануйце Ларысе Варацінскай, кіраўніцы археалагічнай экспедыцыі: +375292708996.